Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Чэхіі пра напад Расеі на Ўкраіну: «Гэта не вайна аднаго Пуціна, гэта расейская вайна»


Прэзыдэнт Чэхіі Пэтр Павэл у студыі Радыё Свабода. Прага, 14 чэрвеня 2023
Прэзыдэнт Чэхіі Пэтр Павэл у студыі Радыё Свабода. Прага, 14 чэрвеня 2023

Што сказаў ў інтэрвію Свабодзе прэзыдэнт Чэхіі Пэтр Павэл пра агрэсію Расеі супраць Украіны, украінскі контранаступ, віленскі саміт NATO, магчымасьць перамоваў з Пуціным і ролю Кітаю ў апошніх падзеях.

Прэзыдэнт Чэхіі Пэтр Павэл 14 чэрвеня, на 100 дзён свайго знаходжаньня на пасадзе, даў эксклюзіўнае інтэрвію ўкраінскай службе Радыё Свабода. Публікуем асноўныя тэзісы.

Пра ўкраінскую армію і яе гатоўнасьць да стандартаў NATO


«Украінская армія, без сумневу, мае найбольшы досьвед, калі параўноўваць яе зь любой арміяй NATO, таму што ніводная ўзброеная сіла альянсу ня мае досьведу такіх інтэнсіўных і маштабных апэрацыяў... Я лічу, што ўкраінская армія тэхнічна, працэдурна, калі яна яшчэ не гатовая, то вельмі хутка яна будзе гатовая да стандартаў NATO».

Пра разбурэньне Кахоўскай дамбы ў акупаванай Расеяй частцы Херсонскай вобласьці

«Я думаю, што гэтая падзея вельмі моцна паўплывала на многіх людзей з абодвух бакоў. Нам яшчэ трэба будзе высьветліць, хто насамрэч за гэтым стаяў. Гэта адбылося выпадкова ад неасьцярожных дзеяньняў расейцаў ці ў іх быў такі намер? Яны імкнуліся часткова разбурыць або цалкам зруйнаваць дамбу?

Але гэтая падзея адназначна паўплывае ня толькі на мірнае насельніцтва, як на акупаваных, так і на падкантрольных Узброеным сілам тэрыторыях, але і на навакольнае асяродзьдзе і сельскую гаспадарку. Катастрофа выкліча забруджваньне шкоднымі рэчывамі. Плошча затапленьня настолькі вялікая, што паўплывае на ўсе ваенныя дзеяньні ў рэгіёне».

Пра ўкраінскі контранаступ

«Мы бачылі пачатак, які, скажам так, умераны. Лічу, што сапраўднага контранаступу мы яшчэ ня бачылі. Усё яшчэ наперадзе. Я б назваў гэта фармавальнымі апэрацыямі, зыходзячы са свайго ваеннага досьведу.

Мы бачым, што падрыхтоўка да контранаступу вялася месяцамі, і гэта цалкам заканамерна, таму што для таго, каб падрыхтаваць значныя вайсковыя сілы, забясьпечыць іх тэхнікай, навучыць, набыць дастатковыя рэсурсы ўсіх відаў, патрабуецца працяглы час. Гэта таксама патрабуе вялікіх высілкаў усіх удзельнікаў».

Пра магчымасьць удзелу NATO ў вайне

«Я думаю, што зрухаў у гэтым пытаньні ня будзе. Ня важна, падключацца войскі NATO да апэрацыі ў самым пачатку або ў канцы. Юрыдычна гэта ня будзе мець ніякага значэньня. Якая б краіна або група краін не далучылася да канфлікту, паводле азначэньня будзе азначаць, што NATO далучылася да вайны супраць Расеі.

Я думаю, што такой вайны ніхто ня хоча, таму што, улічваючы ўсе слабасьці расейскай арміі і расейскай дзяржавы, пры такім раскладзе вельмі верагодна, што яны захочуць прымяніць ядзерную зброю. Яны неаднаразова казалі пра гэта, і таму я думаю, што любы разумны палітык, напэўна, адмовіўся б ад такога варыянту».

Прэзыдэнт Чэхіі Пэтр Павэл у студыі Радыё Свабода. Прага, 14 чэрвеня 2023
Прэзыдэнт Чэхіі Пэтр Павэл у студыі Радыё Свабода. Прага, 14 чэрвеня 2023

Пра чаканьні ад віленскага саміту NATO

«Думаю, прэзыдэнта Зяленскага ў Вільні будуць вельмі чакаць. Яго прысутнасьць сапраўды падкрэсьліць важнасьць падзеі. Я чакаю вельмі моцных заяваў адносна падтрымкі Ўкраіны. Я бачу, што шэраг краін дамаўляюцца аб доўгатэрміновым пляне такой падтрымкі, які будзе грунтавацца не на аднаразовых унёсках, а на старанна сплянаванай доўгатэрміновай працэдуры. Я вельмі вітаў бы выразныя фармулёўкі адносна будучага сяброўства Ўкраіны пасьля заканчэньня вайны. Відавочна, што працэс уступленьня ня можа пачацца, пакуль у краіне ідзе вайна. Але я цьвёрда веру, што ўсе лідэры зразумеюць, што ўдзел Украіны ў NATO і ЭЗ, магчыма, адзіная гарантыя стабільнасьці ў гэтым рэгіёне, а таксама гарантыя стрымліваньня Расеі і яе агрэсіўнай палітыкі».

Пра гарантыі бясьпекі і сяброўства ў Эўразьвязе для Ўкраіны

«Я чуў пра два, скажам так, тыпы або сцэнары гарантый NATO. Адзін — такія ж гарантыі, якія былі прадстаўлены Фінляндыі: ад ідэі далучэньня да NATO да ратыфікацыі. Іншы — як гарантыі бясьпекі для Ізраіля. Верагодна, мы ўбачым нешта сярэдняе.

Але для мяне гарантыяй будзе тое нават тое, што мы проста зафіксуем на паперы тое, што мы ўжо робім для Украіны, і зробім гэта свайго роду доўгатэрміновым плянам».

«Я нават магу ўявіць сабе нейкі плян Маршала для Ўкраіны, які не толькі дазволіў бы Ўкраіне хутка разьвівацца, ліквідаваць шкоду, нанесеную вайной, але і стаў бы сродкам уступленьня ў ЭЗ. Таму што прадастаўленне такой шырокай падтрымкі ў шэрагу абласьцей на самай справе ўяўляе сабой таксама набор правілаў, якія павінны быць выкарыстаны, каб зрабіць гэта правільна. Гэта будзе працэс навучаньня з абодвух бакоў. Каб любая краіна-прэтэндэнт уступіла ў ЭЗ, яна павінна выканаць шэраг умоў, пасьлядоўна дасягнуць шэрагу мэтаў. І яны могуць быць эфэктыўна выкарыстаны ў працэсе рэканструкцыі.

Так што калі разглядаць гэта такім паралельным чынам, я лічу, што пэрспэктыва сяброўства ў ЭЗ павінна быць вельмі яснай як для Украіны, так і для ЭЗ. І я шчыра веру, што гэта будзе добра для абодвух бакоў».

Пра магчымасьць перамоваў з Пуціным

«Шчыра кажучы, зараз я ня вельмі рады чуць ад некаторых заходніх лідэраў пра нейкія сустрэчы з Пуціным. Шчыра кажучы, цяпер не ўяўляю. Паразмаўляць з лідэрамі, якія так цынічна хлусяць амаль кожны дзень, скажаюць інфармацыю, здольныя перакласьці віну на краіну, на якую яны напалі і супраць якой зьдзяйсьняюць злачынствы.

Вельмі цяжка ўявіць, што нехта зможа з кімсьці такім сесьці за стол перамоваў. Бо калі нельга давяраць аргумэнтам свайго калегі за сталом перамоваў, як можна спадзявацца на нейкае разумнае рашэньне? Але калі Ўкраіна будзе больш пасьпяховая ў сваім контранаступе, гэта можа нават зьмяніць пазыцыю расейскага кіраўніцтва і яно будзе больш ахвотна дасягаць прагматычнага рашэньня ў перамовах. Але на дадзены момант я гэтага не бачу».

Пра адказнасьць расейскага грамадзтва

«Я даволі часта чую гэты аргумэнт — што мы павінны разглядаць гэта як вайну Пуціна, а не Расеі. Гэты аргумэнт не вытрымлівае крытыкі. Калі вы паглядзіце на падтрымку, якой Пуцін карыстаецца сярод расейскага насельніцтва, калі мы бачым, колькі людзей падтрымлівае вайну, колькі людзей заклікаюць пашырыць вайну на іншыя краіны, мы павінны назваць гэтую вайну расейскай вайной».

Пра ролю Кітая

«Я шкадую, што Кітай не адыгрывае актыўнай ролі з самага пачатку. З аднаго боку, каб аказаць ціск на Расею, каб яна спыніла агрэсію, а з другога боку, каб выкарыстаць яе вагу і моц для выпрацоўкі мірных прапаноў і патэнцыйна зацікавіць абодва бакі сесьці за стол перамоваў і дамовіцца аб рашэньні. Кітай гэтай магчымасьцю не скарыстаўся.

Лічу, што Кітай дзейнічае ў сваіх інтарэсах, а не ў інтарэсах абароны прынцыпаў і правоў, гарантаваных Статутам ААН. Яны выкарыстоўваюць гэты канфлікт, з аднаго боку, каб умацаваць свае пазыцыі ў глябальным маштабе, каб больш дамінаваць у дэкляраваным стратэгічным партнэрстве з Расеяй, карыстаючыся таннымі расейскімі рэсурсамі, але і каб вывучыць гэты канфлікт дзеля ўласнай выгады ў будучыні. Таму што канфлікт ва Ўкраіне — адкрыты падручнік для Кітая. Яны глядзяць, як рэагуе Захад, наколькі хутка і эфэктыўна мы рэагуем, як прымаем рашэньні. Усё гэта можа быць выкарыстана ў будучыні адносна Тайваня.

Мы паглядзім, як Кітай будзе дзейнічаць, і мы павінны быць асьцярожнымі, каб не дазволіць Кітаю пераняць ініцыятыву, калі вайна скончыцца. Таму што я падазраю, што Кітай будзе больш актыўны, калі пачнецца рэканструкцыя, таму што гэта дасьць велізарныя магчымасьці для рэканструкцыі і Расеі, і Ўкраіны. Мы павінны мець гэта на ўвазе, таму што Кітай будзе рабіць гэта не з гуманітарных меркаваньняў, а дзеля дасягненьня ўплыву і кантролю».

Хто такі Пэтр Павэл

  • У студзені 2023 году Пэтр Павэл перамог у другім туры выбараў прэзыдэнта Чэхіі.
  • Ягоным супернікам быў былы прэм’ер-міністар Чэхіі мільярдэр Андрэй Бабіш. Павел набраў 58,32%, Бабіш — 41,67%.
  • Пэтр Павэл дагэтуль у чэскай палітыцы ня ўдзельнічаў. Рабіў пасьпяховую кар’еру вайскоўца, быў начальнікам чэскага генштабу, першым з усходнеэўрапейскіх вайскоўцаў кіраўніком ваеннага камітэту NATO.
  • На пачатку 90-х ён удзельнічаў у міратворчай місіі ў былой Югаславіі. Там ён у 1993 годзе фактычна ўратаваў падразьдзяленьне францускіх міратворцаў, якія былі аточаныя сэрбскімі сіламі. Павэл тады здолеў дамовіцца з сэрбамі і ўратаваць францускіх салдатаў.
  • На Мюнхэнскай канфэрэнцыі ў пытаньнях бясьпекі Пэтр Павэл сустрэўся са Сьвятланай Ціханоўскай. Пасьля сустрэчы Пэтр Павэл заявіў, што гатовы падтрымліваць дэмакратычную Беларусь, якую рэпрэзэнтуе Сьвятлана Ціханоўская, на многіх узроўнях і ў розных галінах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG