Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея, як цягнік у агні. Што расейцы сьвяткуюць 12 чэрвеня


Уладзімір Пуцін на Краснай плошчы падчас выступу на мітынгу з нагоды анэксіі чатырох абласцей Украіны. Масква, 30 верасьня 2022
Уладзімір Пуцін на Краснай плошчы падчас выступу на мітынгу з нагоды анэксіі чатырох абласцей Украіны. Масква, 30 верасьня 2022

12 чэрвеня ў РФ адзначаюць Дзень Расеі. Гэта сьвята, бадай, увасабляе ўсю сумную і пустую натуру таго, ува што дэградавала расейская дзяржаўная ідэалёгія і расейская нацыянальная сьвядомасьць за постсавецкі час.

У гэты дзень у 1990 г. Расея (тады савецкая рэспубліка пад абрэвіятурай РСФСР) на чале з Барысам Ельцыным у рамках палітычнай барацьбы між Ельцыным і Гарбачовым, кіраўніком СССР, абвесьціла пра свой дзяржаўны сувэрэнітэт — што спачатку мала што зьмяніла ў практычным пляне (гэтаксама, як і прыняцьце Дэклярацыі аб сувэрэнітэце БССР праз паўтара месяца), але ў выніку сталася першым крокам на шляху распаду СССР, які адбыўся ў 1991 годзе.

Першапачаткова гэта меўся быць дзень сымбалічнага канца савецкай улады, але ельцынскі ўрад ня стаў інвэставаць у стварэньне новай дзяржаўнай ідэнтычнасьці вакол вызваленьня ад камунізму. Даволі рана Крэмль пачаў гуляць з настальгіяй масаў па СССР, і наступным прыпынкам пасьля гэтага празь дзесяць гадоў стаў пуцінізм, а празь яшчэ дзесяць — вайна супраць Украіны.

А дзень 12 чэрвеня стаў проста днём проста Расеі. Без рэфлексіі і без гістарычных адсылак.

Абыякавасьць і шок

У канцы мінулага году выйшаў расейскі дакумэнтальны фільм «Голад» — пра голад у расейскім Паволжы і на Ўрале ў пачатку 20-х гадоў XX стагодзьдзя. Я паглядзеў гэты фільм даволі позна пасьля выхаду і зусім нечакана ўбачыў там шмат згадак пра маленькае мястэчка на Паўднёвым Урале, адкуль паходзіла мая татарская прабабка. Тая мясцовасьць была адным з эпіцэнтраў голаду. Ніякай сямейнай памяці пра гэта не захавалася: на момант голаду сям’я прабабулі, чый бацька да рэвалюцыі быў буйным прадпрымальнікам, эмігравала ў Харбін. У фільме паказалі былую сядзібу і прыгожы былы гандлёвы пасаж, які ім калісь належалі.

У раёне, дзе яшчэ нядаўна жылі мае продкі, галадала 65% насельніцтва. І тыя, хто выжыў у катастрофе, выратаваліся пераважна дзякуючы вялікай дабрачыннай дапамозе амэрыканскіх пратэстантаў-квакераў, якія стварылі ў тым павеце некалькі тузінаў сталовак і месяцамі бясплатна кармілі тысячы людзей.

Жахлівы голад у Паволжы ў пачатку 20-х забраў жыцьці ад 1 да 5 мільёнаў чалавек. Як і пазьнейшыя галадаморы ва Ўкраіне (3-5 мільёнаў ахвяраў), Беларусі (да паўмільёна) і Казахстане (1–1,75 мільёнаў), ён быў выкліканы бяздарным савецкім гаспадараньнем плюс сьвядомай палітыкай уціску і дэцымацыі падпарадкаванага насельніцтва.

Гэта было бясспрэчнае гіганцкае дзяржаўнае злачынства савецкай улады, цынічнае і вусьцішнае. Ведаючы нават адно толькі пра яго, нармальны чалавек мусіў бы імгненна і недвухсэнсоўна вызначыцца ў сваім стаўленьні да рэжыму бальшавікоў і да СССР.

Лішне казаць, што ў сучаснай Расеі гэтага не назіраецца. Няма агульнанацыянальнага мэмарыялу ахвярам голаду. Няма ані цікавасьці да гэтай тэмы, ані яе шырокага публічнага абмеркаваньня і асэнсаваньня. Вядома ж, няма і помніка амэрыканскай дапаможнай місіі.

Фільм «Голад» быў зьняты расейскім Міністэрствам культуры з пракату і трапіў пад негалосную забарону. Без тлумачэньняў, але «вы ж самі ўсё разумееце». Нешматлікія людзі ў Расеі, якія пачынаюць сумленна цікавіцца гэтай старонкай гісторыі, альбо сталінскімі рэпрэсіямі, альбо савецкім «ваенным мастацтвам» з «заградатрадамі» і разьмінаваньнем мінных палёў жывой сілай, дасьледуюць і паступова прыходзяць у шок ад усьведамленьня карціны, якая перад імі раскрываецца. Адначасова такія людзі паступова выціскаюцца з расейскага публічнага мэйнстрыму і становяцца палітычнымі маргіналамі, «дэмшызой». І шок ад гэтага толькі ўзрастае.

Я ведаю, пра што гавару: я сам адзін з такіх людзей, і таму мне ўжо дваццаць гадоў камфортней існаваць у беларускай інфармацыйнай і грамадзка-палітычнай прасторы, дзе мае дысыдэнцкія дэмакратычныя погляды зьяўляюцца нашмат больш агульнапрынятымі, чым у Расеі, дзе я нарадзіўся і доўга пражыў. Мае продкі, сярод якіх амаль няма этнічных расейцаў, а перадусім ёсьць беларусы, латышы, татары, эстонцы, украінцы, стагодзьдзямі былі то рабамі на захопленых тэрыторыях, то экспатамі-спэцыялістамі на службе цароў ці камуністычнай партыі — кадравым палівам імпэрыі. Я магу разважаць пра Расею і звонку, і знутры. І ў тым ліку часткова, бадай што, на правах самакрытыкі.

Ня «Крэмль» і не «Масква»

Расейская Фэдэрацыя, якая ў 2014 годзе напала на Ўкраіну, а з 2022 году вядзе ва Ўкраіне поўнамаштабную агрэсіўную вайну, — гэта не расейскі народ, а рэжым на яго чале. Але ў гэтую фразу-клішэ трэба ўкладаць ня той крывадушны сэнс, які ў яе ўкладаюць некаторыя расейскія апазыцыянэры.

Гэта не пра апраўданьне расейскага грамадзтва, а пра ступень ягонай адказнасьці і дэградацыі: гэта няшчаснае дэзарыентаванае грамадзтва, якое існуе зь перабітым хрыбтом, няздольнае да базавых самазахавальных рэфлексаў і нежыцьцяздольнае без крымінальнай групоўкі на чале сябе. За што яно плаціць сваёй крывёю цяпер і за што яно калісьці будзе плаціць рэпарацыі Ўкраіне за свае разам з Пуціным злачынствы. Хто ведае, можа, і за Чарнобыльскую катастрофу, і за асаджэньне радыяактыўных хмараў на Магілёўшчыне ў 1986 годзе яно калісьці нарэшце, заплаціць кампэнсацыі Беларусі (хто там у нас юрыдычны спадкаемца СССР?).

Расейская дзяржаўнасьць — гэта як быццам халаднакроўная чужынская навала, якая на працягу гісторыі ўжо некалькі разоў перараджалася ў новай інкарнацыі пасьля бясплённых спробаў расейцаў вызваліцца з-пад яе: арда, Масковія, самадзяржаўе, СССР, пуцінізм. У гэтай дзяржавы няма сапраўднай нацыянальнасьці: яна забівае і эксплюатуе расейцаў больш, чым кагосьці яшчэ, і жыве за кошт іхнага бязвольля й зламанасьці, прымушаючы іх забываць гора і пакуты, нанесеныя гэтай самай дзяржавай.

У гэтай дзяржавы няма ідэалёгіі. Любая ідэалёгія — што псэўдасацыялізм пры СССР, што псэўдакансэрватызм пры Пуціну — для яе зьяўляецца толькі пацёмкінскім фасадам, фармальным вэрбальным прыкрыцьцём для простага імкненьня пашыраць сваю ўладу на новыя тэрыторыі, падпарадкоўваць сваёй волі новыя мільёны людзей. Нават грошы і ўзбагачэньне вярхоў, законнае ці незаконнае, ня ёсьць дзяржаўнай ідэалёгіяй Расеі. Пуцін не разьвязаў бы цяперашняй вайны, калі б яго цікавілі толькі грошы.

Гэты рэжым не зьяўляецца нават «Крамлём» і «Масквой»: ленінградзец Пуцін даўно кіруе краінай не з Крамля, а з падмаскоўнай рэзыдэнцыі ў Нова-Агарове альбо зь нявызначанай колькасьці бункераў і палацаў па ўсёй Расеі. Ягоныя алігархі-немасквічы ахвотна зьнішчаюць старую Маскву і яе дух, нявечаць яе архітэктурную спадчыну.

Адзіная невэрбалізаваная ідэалёгія расейскай дзяржавы — улада дзеля самой улады, гвалт дзеля гвалту; цярпеньне гвалту і болю зьверху, ад начальства, і трансьляцыя гэтых гвалту і болю далей уніз, па вэртыкалі, або навонкі.

У мяне мала сумневаў, што пасьля падрыву Кахоўскай ГЭС гэтыя людзі ў стане выкарыстаць і ядзерную зброю, і хімічную, і бактэрыялягічную, ды якую заўгодна. Адзінае, што іх стрымлівае — арганізацыйна-тэхнічныя перашкоды і страх канкрэтнага Ўладзіміра Пуціна ці канкрэтнага Мікалая Патрушава за магчымую адплату ім асабіста.

Лукашэнка як большы расеец за саміх расейцаў

І рэжым Лукашэнкі ад самога пачатку быў перадусім філіялам расейскага рэжыму. Ён абслугоўваў расейскія інтарэсы, а ў нейкі момант нават хацеў зрабіцца яшчэ лепшым іхным выразьнікам, чым канкрэтная тагачасная групоўка на чале расейскай дзяржавы.

Безь фінансавай і палітычнай падтрымкі з Масквы Лукашэнка ня здолеў бы перажыць ані імпічмэнт 1996 году, ані народныя пратэсты 2006, 2010 ці тым болей 2020 гадоў. Але, у адрозьненьне ад расейцаў, беларусы як народ, нягледзячы ні на што, сфармавалі выразную ідэйную палітычную альтэрнатыву рэжыму Лукашэнкі. Тая ж Рада БНР існуе ўжо больш за сто гадоў, беларускія палітычныя арганізацыі ў замежжы існуюць па 70 гадоў. Беларускі народны фронт ня столькі распаўся, колькі стаў глебай, на якой вырасьлі дзясяткі іншых рухаў і арганізацый. У расейцаў няма і не было ані сваёй Рады БНР, ані свайго Беларускага народнага фронту, ані сваёй Сьвятланы Ціханоўскай, ані свайго Зянона Пазьняка.

Таму не перастану гаварыць: цаніце сябе і цаніце адно аднаго.

Як перастаць зьбіраць аўтамат Калашнікава?

Ніхто ня скажа, якая будучыня чакае Расею і якім мае быць рэцэпт яе лячэньня.

Занадта проста сказаць, што ў мінулым адзіная гісторыя посьпеху на расейскіх тэрыторыях — гэта гісторыя драбленьня Расеі і аддзяленьня ад яе кавалкаў, якія самі па сабе, калі пашанцуе, могуць зрабіцца пасьпяховымі, як спачатку гэта было зь Фінляндыяй, потым з Польшчай і краінамі Балтыі (і на гэтым пакуль усё). У цяперашняй Расеі прыкметныя незалежніцкія настроі і хоць нейкі патэнцыял да незалежнага існаваньня мае хіба што Татарстан.

Гэтаксама і занадта проста сказаць, што вось жа, ёсьць дэмакратычныя каспаравы і хадаркоўскія, ёсьць сучасныя ў дарагіх гарнітурах тэхнакраты-эканамісты ў пуцінскім урадзе, бізнэсоўцы і сярэдняя кляса, якая звыклася жыць у цывілізацыі. Быццам бы ёсьць шмат якія складнікі для нармальнага разьвіцьця — але мінулым разам, як бачым, зь іх сумы ўсё роўна атрымаўся аўтамат Калашнікава, як у тым анэкдоце.

Так ці інакш, выхад для Расеі ў канструктыўную будучыню — пакутлівы, складаны — ляжыць недзе між гэтымі опцыямі.

«Русь, куда ж несешься ты? Дай ответ. Не дает ответа» — з такім тыповым расейскім псэўдасамакрытыцызмам, а насамрэч какетлівым самазамілаваньнем, пісаў расейскі імпэрскі пісьменьнік Гогаль. Куды б ня нёсься гэты «поезд в огне» зь песьні групы «Аквариум», любому суседняму народу, і найперш беларусам, галоўнае — ня быць вагонам, прычэпленым да яго.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 году сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG