Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская назвала «ядзерным шантажом» новыя заявы Пуціна аб разьмяшчэньні ядзернай зброі ў Беларусі

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

«Мы не можам дапусьціць, каб дыктатарам сышоў з рук ядзерны шантаж», — заявіла дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская, камэнтуючы чарговую заяву аб разьмяшчэньні тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі, якая прагучала 9 чэрвеня на сустрэчы Ўладзіміра Пуціна з Аляксандрам Лукашэнкам.

Пляны Пуціна і «яго марыянэткі Лукашэнкі» па разьмяшчэньні ядзернай зброі ў Беларусі напярэдадні ліпеньскага саміту NATO ў Вільні — «ня што іншае, як грубая гульня запалохваньня, спроба прымусіць Эўропу падпарадкавацца», напісала Ціханоўская ў Твітэры.

9 чэрвеня падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Сочы Пуцін, гаворачы пра разьмяшчэньне тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі, заявіў: «7–8 ліпеня заканчваецца падрыхтоўка адпаведных збудаваньняў, і адразу ж пачнем мерапрыемствы, зьвязаныя з разьмяшчэньнем на вашай тэрыторыі адпаведных відаў узбраеньняў».

Ціханоўская неаднаразова зьвярталася да міжнароднай супольнасьці з заклікам больш жорстка рэагаваць на пляны Крамля па разьмяшчэньні ў Беларусі ядзернай зброі.

22 траўня Ціханоўская заклікала прэзыдэнта Парлямэнцкай асамблеі NATO Жаэль Гар’ё-Майлам, «пакуль ня позна», узьняць трывогу наконт магчымага разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі.

30 траўня на сустрэчы зь дзейным старшынём АБСЭ, міністрам замежных спраў Паўночнай Македоніі Буярам Асмані Ціханоўская падкрэсьліла, што ядзерная зброя «будзе разьмешчана ў парушэньне беларускай Канстытуцыі і насуперак волі беларускага народу». Міжнародная супольнасьць, дадала яна, павінна адрэагаваць на гэтую сытуацыю «максымальна жорстка».

Падчас перамоваў 5 чэрвеня ў Вене Ціханоўская заклікала прэзыдэнта Аўстрыі Аляксандра ван дэр Бэлена заняць «цьвёрдую пазыцыю па недапушчэньні разьмяшчэньня ядзернай зброі» на тэрыторыі Беларусі.

У канцы сакавіка прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін абвясьціў, што да 1 ліпеня на тэрыторыі Беларусі будзе завершана будаўніцтва спэцыяльнага сховішча для расейскай тактычнай ядзернай зброі.

25 траўня Аляксандар Лукашэнка ў кулюарах пасяджэньня Вышэйшай Эўразійскай эканамічнай рады выказаў меркаваньне, што перамяшчэньне расейскай ядзернай зброі на тэрыторыю Беларусі ўжо пачалося.

Віленскі саміт NATO адбудзецца 11–12 ліпеня.

XS
SM
MD
LG