Японія асудзіла рашэньне Расеі разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі

Сьцяг Японіі
Сьцяг Японіі

Японія асудзіла рашэньне Расеі разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі.

Токіё асуджае рашэньне Масквы разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі, заявіў на прэс-канфэрэнцыі 26 траўня генэральны сакратар ураду Японіі Хіракадзу Мацуна. Яго цытуе перадае Reuters.

Прадстаўнік ураду падкрэсьліў: будучы адзінай краінай, якая пацярпела ад атамных бамбардаваньняў падчас вайны, «Японія ніколі не прызнае ядзерную пагрозу з боку Расеі, ня кажучы ўжо пра выкарыстаньне ядзернай зброі».

25 траўня міністар абароны Віктар Хрэнін і яго расейскі калега Сяргей Шайгу падпісалі дакумэнты, якія вызначаюць «парадак утрыманьня расейскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў адмысловым сховішчы на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь». Пры гэтым кіраўнік расейскага вайсковага ведамства заявіў, што «кантроль над ім і рашэньне аб ужываньні застаецца за Масквой».

У той жа дзень Аляксандар Лукашэнка ў кулюарах пасяджэньня Вышэйшага Эўразійскага эканамічнага савету заявіў журналістам, што перамяшчэньне расейскай ядзернай зброі на тэрыторыю Беларусі ўжо пачалося.

Дэмакратычны лідэр Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што разьмяшчэньне ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі «можа стаць прадметам гандлю і агрэсіі з боку Расеі».

Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне заклікала Эўразьвяз і ЗША ў адказ на дзеяньні па разьмяшчэньні ў Беларусі ТЯЗ «прымяніць магутныя сынхранізаваныя дзеяньні».

Афіцыйны прадстаўнік Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Пэтэр Стана на прэс-канфэрэнцыі 25 траўня заявіў, што ЭЗ будзе «вельмі ўважліва сачыць» за тым, як рэалізуецца дамоўленасьць Менску і Масквы аб разьмяшчэньні ў Беларусі расейскай ядзернай зброі.

19 траўня лідэры краін «Вялікай сямёркі» (G7: Вялікая Брытанія, Нямеччына, Італія, Канада, ЗША, Францыя і Японія) у сумеснай заяве, прынятай па выніках першага дня саміту G7 у Хірасіме (Японія), назвалі «небясьпечным і непрымальным» намер Расеі разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі.

​
XS
SM
MD
LG