Ва Ўкраіне заявілі, што Расея перакінула ў Беларусь толькі носьбіты для ядзернай зброі, а не саму зброю

Камандуючы Аб’яднанымі сіламі Ўзброеных сіл Украіны Сяргей Наеў. Архіўнае фота
Камандуючы Аб’яднанымі сіламі Ўзброеных сіл Украіны Сяргей Наеў. Архіўнае фота

Камандуючы Аб’яднанымі сіламі Ўзброеных сіл Украіны заявіў, што ўкраінскі бок цалкам адсочвае гэтую сытуацыю з патэнцыйнай пастаўкай тактычнай ядзернай зброі з Расеі ў Беларусь.

Камандуючы Аб’яднанымі сіламі Ўзброеных сіл Украіны Сяргей Наеў, куратар паўночнай апэрацыйнай зоны, заявіў, што Расея пакуль перакінула ў Беларусь толькі носьбіты ядзернай зброі.

«Ажыцьцявілі перакіданьне носьбітаў такіх сродкаў, а што тычыцца непасрэдна ядзернай зброі, яны абвяшчалі, што такое будзе адбывацца. Станам на цяпер гэтага не адзначаем. Але гэта ня значыць, што гэта ня можа адбыцца ў найбліжэйшай пэрспэктыве», — сказаў Сяргей Наеў украінскаму інфармацыйнаму агенцтву «Укрінформ».

Камандуючы Аб’яднанымі сіламі Ўзброеных сіл Украіны дадаў, што ўкраінскі бок цалкам адсочвае гэтую сытуацыю. Апроч таго, ён паведаміў, што цяпер на тэрыторыі Беларусі знаходзіцца каля паўтысячы расейскіх вайскоўцаў.

«У далейшым мы чакаем перакіданьня іншых падразьдзелаў, якія будуць рэфармаваныя ў новыя вайсковыя часткі. Вораг страчвае жывую сілу, яму неабходна аднаўляць свой баявы склад, і праз гэта ён перамяшчае асабовы склад, асобныя ўзоры тэхнікі і рыхтуе на беларускіх палігонах будучыя вайсковыя часткі Ўзброеных сіл Расе», — дадаў Сяргей Наеў.

25 траўня на форуме Эўразійскага эканамічнага саюзу Аляксандар Лукашэнка заявіў, што перамяшчэньне нестратэгічнай ядзернай зброі з Расеі на тэрыторыю Беларусі ўжо пачалося, аднак у Крамлі тады гэтай інфармацынеі пацьвердзілі.

​
XS
SM
MD
LG