Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутатка Менскага гарсавету стварыла пэтыцыю супраць разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі


Расейскі ракетны комплекс Іскандэр, здольны несьці тактычныя ядзерныя зарады. Архіўнае фота
Расейскі ракетны комплекс Іскандэр, здольны несьці тактычныя ядзерныя зарады. Архіўнае фота

У інтэрнэце зьявілася пэтыцыя з патрабаваньнем не дапусьціць захоўваньня і разьмяшчэньня на тэрыторыі Беларусі ядзернай зброі.

Падпісаць пэтыцыю можна да 10 чэрвеня. Паводле інфармацыі «Экадом», пэтыцыю стварыла дэпутатка Менскага гарсавету і стваральніца ініцыятывы «Гэта наш горад» Вольга Цесакова. Цесакова зьехала зь Беларусі ў 2022 годзе.

У пэтыцыі на сайце Petitions.by гаворыцца, што 25 траўня 2023 году міністры абароны Беларусі і Расеі падпісалі дакумэнты аб утрыманьні расейскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў Беларусі.

«Гэтыя дзеяньні ідуць уразрэз з пазыцыяй Рэспублікі Беларусь як дзяржавы безь ядзернай зброі і палітыкай, якая праводзіцца ў сфэры ядзернага раззбраеньня».

Аўтары пэтыцыі тлумачыць, што Беларусь заявіла аб намеры зрабіць тэрыторыю краіны бязьядзернай зонай яшчэ ў 1990 годзе. Для гэтага ў 1992 годзе мы далучыліся да Дамовы аб нераспаўсюджваньні ядзернай зброі як дзяржава, якая не валодае ядзернай зброяй. Наступныя чатыры гады пайшлі на тое, каб вывезьці з тэрыторыі нашай краіны ўсю наяўную ядзерную зброю. Гэты працэс быў завершаны ў 1996 годзе з вывазам апошняй боегалоўкі.

«У далейшым Беларусь падтрымлівала і ўдзельнічала ў шматлікіх праграмах, накіраваных на нераспаўсюджваньне ядзернай зброі: дамова аб мерах па далейшаму скарачэньню і абмежаваньню стратэгічных і наступальных узбраеньняў, дагавор аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці, дагавор аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаваньняў».

Аўтыра пэтэцыі згадваюць. што з пачатку станаўленьня Беларусі як незалежнай дзяржавы ў Канстытуцыі быў замацаваны статус бязьядзернай дзяржавы. Аднак пасьля рэфэрэндуму 2022 году гэты параграф прыбралі.

«Любы тып ядзернай зброі як зброі масавага паражэньня ня можа зьяўляцца абарончым, — падкрэсьліваюць аўтары пэтыцыі. — Гэтая зброя распрацоўвалася як наступальная, прызначаная для ўдару па тэрыторыі ўмоўнага суперніка, аднак 18 артыкул Канстытуцыі выключае ваенную агрэсію з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у дачыненьні да іншых дзяржаў».

Паводле аўтараў пэтыцыі, разьмяшчэньне расейскай ядзернай зброі ставіць Беларусь у яшчэ больш залежнае ад Расеі становішча, а таксама падстаўляе сваю тэрыторыю як месца магчымага ваеннага ўдару, за стварэньнем, любымі перавозкамі і захоўваньнем ядзерных тэхналёгій цягнецца радыяцыйны сьлед.

Пэтыцыя патрабуе выключыць выпадкі спэкуляцыі пытаньнем разьмяшчэньня ядзернай зброі ў рэспубліцы Беларусь службовымі асобамі, прыняць прававыя нормы, якія захоўваюць статус Беларусі як дзяржавы безь ядзернай зброі і не дапусьціць захоўваньня і разьмяшчэньня на тэрыторыі Беларусі ядзернага ўзбраеньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG