Зяленскі: «Наступная цэль Пуціна — Беларусь»

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, 28 траўня 2023
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, 28 траўня 2023

Уладзімір Зяленскі назваў перакіданьне ядзернай зброі ў Беларусь «палітычным прыёмам для пагроз Украіне і Эўропе».

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што наступнай пасьля Ўкраіны цэльлю расейскага прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна зьяўляецца Беларусь, бо ён жадае аднавіць Савецкі Саюз.

«Паколькі дасягнуць гэтага дыпляматычным шляхам немагчыма, ён спрабаваў усе віды пагроз і ператварыў энэргарэсурсы ў зброю. Потым ён вырашыў стаць адкрытым агрэсарам (праз уварваньне ва Ўкраіну). Яны забіваюць і катуюць незьлічоную колькасьць мірных жыхароў і нават пагражаюць ядзернай катастрофай шляхам акупацыі атамных электрастанцый», — заявіў Уладзімір Зяленскі ў інтэрвію паўднёвакарэйскаму выданьню Chosun.

«Пуцін хоча толькі вайной захапіць Украіну і зьнішчыць украінства. Наступная цэль Пуціна — Беларусь», — перакананы Ўладзімір Зяленскі. Ён мяркуе, што галоўнай мэтай свайго жыцьця Ўладзімір Пуцін лічыць аднаўленьне Савецкага Саюзу.

Камэнтуючы заявы аб разьмяшчэньні на тэрыторыі Беларусі расейскай тактычнай ядзернай зброі, Уладзімір Зяленскі сказаў, што гэта цяпер ня мае ніякага значэньня для Ўкраіны.

«Украіна больш не баіцца расейскіх пагроз і захадаў, зьвязаных зь ядзернай зброяй», — сказаў украінскі прэзыдэнт.

У той жа час Уладзімір Зяленскі назваў перакіданьне ядзернай зброі ў Беларусь «палітычным прыёмам для пагроз Украіне і Эўропе». Ён лічыць недапушчальным выкарыстаньне ядзернай зброі ў якасьці пагрозы пры парушэньні тэрытарыяльнага сувэрэнітэту іншых краін.

25 траўня ў Маскве Аляксандар Лукашэнка заявіў, што перасоўваньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусь ужо пачалося. На пытаньне, ці ядзерная зброя ўжо знаходзіцца ў Беларусі, Лукашэнка адказаў: «Магчыма. Я прыеду — пагляджу».

Міністар абароны Віктар Хрэнін і яго расейскі калега Сяргей Шойгу 25 траўня падпісалі дакумэнты, якія вызначаюць «парадак утрыманьня расейскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў спэцыяльным сховішчы на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь». Пры гэтым кіраўнік расейскага вайсковага ведамства заявіў, што «кантроль над ім і рашэньне аб ужываньні застаецца за Масквой».

Афіцыйны прадстаўнік Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Пэтэр Стана на прэс-канфэрэнцыі 25 траўня заявіў, што ЭЗ будзе «вельмі ўважліва сачыць» за тым, як рэалізуецца дамоўленасьць Менску і Масквы аб разьмяшчэньні ў Беларусі расейскай ядзернай зброі.

​
XS
SM
MD
LG