У Крамлі не адказалі, ці сапраўды расейскую атамную зброю пачалі перамяшчаць у Беларусь

 Прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў. Архіўнае фота
Прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў. Архіўнае фота

25 траўня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што перамяшчэньне нестратэгічнай ядзернай зброі з Расеі на тэрыторыю Беларусі ўжо пачалося.

Без камэнтароў пакінуў пытаньне аб тым, ці сапраўды працэс перамяшчэньня нестратэгічнай ядзернай зброі з Расеі на тэрыторыю Беларусі ўжо пачаўся, прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў, піша ТАСС.

Пяскова папрасілі пракамэнтаваць заяву Аляксандра Лукашэнкі аб пачатку перамяшчэньня ў Беларусь расейскай нестратэгічнай ядзернай зброі.

Замест адказу Пяскоў расказаў, што Беларусь нібыта «сутыкаецца зь вельмі недружалюбнымі, калі не сказаць больш — варожымі, — праявамі з боку суседніх для яе дзяржаў»:

«Гэта ўсё патрабуе ад нас далейшага развіцьця нашых саюзьніцкіх адносін, умацаваньня гэтых адносін, якія маюць на ўвазе розныя галіны, у тым ліку і далейшае развіццё адносін у вайсковай сфэры. Што мы і робім», — сказаў ён.

На ўдакладняльнае пытаньне аб тым, ці сапраўды працэс перамяшчэньня нестратэгічнай ядзернай зброі з Расеі на тэрыторыю Беларусі ўжо пачаўся, ён адказаў, што ўжо «сказаў тое, што сказаў, у гэтай тэме».

25 траўня на форуме Эўразійскага эканамічнага саюзу Аляксандар Лукашэнка заявіў, што перамяшчэньне нестратэгічнай ядзернай зброі з Расеі на тэрыторыю Беларусі ўжо пачалося:

«Ён (прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін) мяне праінфармаваў, што сёньня ён падпісаў указ аб нашых дзеяньнях у разьмяшчэньні ядзернай зброі ў Беларусі. Размова ішла аб канкрэтным дакумэнце. Было прынятае рашэньне ў разьвіцьцё таго, што было сказана вусна. Нам трэба было падрыхтаваць месцы захоўваньня і іншае. Мы гэта зрабілі, таму ўжо пачалося перамяшчэньне ядзерных боепрыпасаў», — сказаў Лукашэнка.

На пытаньне аб тым, ці знаходзіцца нестратэгічная ядзерная зброя ў Беларусі, Лукашэнка адказаў: «Магчыма».

​
XS
SM
MD
LG