Пуцін на сустрэчы з Лукашэнкам у Сочы сказаў, калі ў Беларусь прывязуць расейскую ядзерную зброю

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, Сочы, 9 чэрвеня 2023
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, Сочы, 9 чэрвеня 2023

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін 9 чэрвеня правялі перамовы ў Сочы.

Разьмяшчэньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусі пачнецца адразу ж пасьля завяршэньня 7–8 ліпеня падрыхтоўкі збудаваньняў для яе, сказаў Уладзімір Пуцін на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Сочы.

Пуціна цытуе ягоная прэсавая служба.

  • 25 траўня ў Маскве Аляксандар Лукашэнка заявіў, што перасоўваньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусь ужо пачалося. На ўдакладняльнае пытаньне, ці знаходзіцца ўжо ядзерная зброя ў Беларусі, Лукашэнка адказаў: «Магчыма. Я прыеду — пагляджу».
  • Міністар абароны Віктар Хрэнін і яго расейскі калега Сяргей Шайгу 25 траўня падпісалі дакумэнты, якія вызначаюць «парадак утрыманьня расейскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў спэцыяльным сховішчы на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь». Пры гэтым кіраўнік расейскага вайсковага ведамства заявіў, што «кантроль над ім і рашэньне аб ужываньні застаецца за Масквой».
  • Афіцыйны прадстаўнік Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Пэтэр Стана на прэс-канфэрэнцыі 25 траўня заявіў, што ЭЗ будзе «вельмі ўважліва сачыць» за тым, як рэалізуецца дамоўленасьць Менску і Масквы аб разьмяшчэньні ў Беларусі расейскай ядзернай зброі.

Бакі анансавалі сустрэчу 8 чэрвеня, месца правядзеньня перамоваў не называлася.

Паводле прэсавага сакратара Пуціна Пяскова, пасьля сустрэчы з Лукашэнкам прэзыдэнт Расеі адправіцца са сваёй рэзыдэнцыі «Бачароў ручай» у цэнтар «Сырыюс», дзе сустрэнецца з кіраўнікамі дэлегацый краін СНД і ЭАЭС. Сустракаць яго будзе прэм’ер-міністар Расеі Міхаіл Мішусьцін, у якога, у сваю чаргу, пазьней заплянаваная размова з прэмʼер-міністрам Беларусі Раманам Галоўчанкам.

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін. Сочы, 9 чэрвеня 2023
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін. Сочы, 9 чэрвеня 2023

Акрамя таго, Пуцін 9 чэрвеня правядзе сустрэчу з прэмʼер-міністрам Армэніі Ніколам Пашыньянам, паведамляе «РИА Новости».

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі Лукашэнка і Пуцін сустракаюцца рэгулярна. Апошні раз яны бачыліся 24–25 траўня падчас II Эўразійскага эканамічнага форуму.

У 2022 годзе, пасьля расейскага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, якое падтрымаў Аляксандар Лукашэнка, ён сустракаўся з Уладзімірам Пуціным дзесяць разоў.

З пачатку 2023 году Лукашэнка правёў ужо чатыры сустрэчы з расейскім прэзыдэнтам.

​
XS
SM
MD
LG