Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канфлікт у ByPol: дзьве высновы


Эмблема ByPol
Эмблема ByPol

На першы погляд, у канфлікце, які ўзьнік у аб’яднаньні былых сілавікоў ByPol, няма нічога экстраардынарнага. Апазыцыянэры заўсёды сварыліся і расколваліся, за выключэньнем рэдкіх момантаў, як у 2020 годзе, калі іх аб’ядноўваў грамадзкі ўздым і рэальныя шанцы на посьпех сумесных дзеяньняў. Цяпер не назіраецца ні першага, ні другога. Таму ўсё як звычайна. Пра канфлікт у ByPol на сайце «Зеркало» піша Юры Дракахруст.

Раней усё ж сварыліся і расколваліся пераважна цывільныя. Асобы з пагонамі на плячах больш звыклыя да субардынацыі. Аказалася, што не заўсёды. У цяперашнім скандале, расколе незразумелы нават яго фармат. Ці то кансалідаваная арганізацыя адрынула са сваіх шэрагаў Мацьвея Купрэйчыка, «які страціў давер» (вэрсія Азарава); ці то, зноў жа, кансалідаваная арганізацыя выгнала Аляксандра Азарава і Станіслава Лупаносава, якія «дыскрэдытавалі сябе» (вэрсія Купрэйчыка); ці то маем сапраўды раскол, дзе бакі дэзавуююць адзін аднаго.

Для публікі, для СМІ Азараў быў тварам, сьпікерам арганізацыі. Але ці быў ён яе лідэрам, тым больш фармальным – пра гэта дакладна невядома.

Ад арганізацыі былых сілавікоў, якім у Беларусі пагражае найгоршае пакараньне, цяжка чакаць поўнай празрыстасьці і строгага прытрымліваньня дэмакратычных працэдураў. Але ў цяперашнім скандале выявіўся адваротны бок гэтага, калі ў крызісны момант не зусім ясна, хто ж там галоўны, а хто – раскольнік.

Уяўлялася, што людзі, чыёй прафэсіяй было гарантаваньне бясьпекі, змогуць захаваць яе хаця б у сваёй арганізацыі. Аказалася, што не. Больш за тое, прыгадваюцца розныя скандалы ў апазыцыі, але каб афіцыйны «твар» арганізацыі страціў кантроль над афіцыйнымі каналамі камунікацыі сваёй арганізацыі – у цывільных такога, здаецца, не было.

У чым прычыны? Калі казаць агульна, то ў тым, што людзі ёсьць людзьмі, незалежна ад таго, ці насілі яны пагоны. Асабістыя амбіцыі, пытаньне «а ты хто такі?» – яны адвеку былі і будуць. Магчыма, і грошы, хоць неабавязкова ў першую чаргу. Ну, і мэтанакіраваная праца спэцслужбаў, калегаў байполаўцаў па ранейшай працы. Яны заўсёды распальваюць варажнечу сярод апазыцыянэраў. У гэтым сцэнары ім нават усё роўна, хто пераможа ў звадах. Такія звады самі па сабе апазыцыю аслабляюць, а яе прыхільнікаў – дэмаралізуюць.

Ну, а найгоршы сцэнар – гэта калі адзін з бакоў унутранага канфлікту ў арганізацыі – прадаўжальнік справы Артура Гайко, агента ГУБАЗіКа, укаранёнага ў ініцыятыву «Чорная кніга Беларусі». Які, дарэчы, таксама ўзяў пад кантроль інфармацыйныя патокі ініцыятывы. Цяперашні скандал у ByPol – неабавязкова «справа ЧКБ-2». Але гэта ня выключана. А многія, верагодна, упэўненыя, што менавіта так і ёсьць.

Партнэры ByPol у Беларусі могуць толькі маліцца, каб гэтыя асьцярогі не пацьвердзіліся і ніхто насамрэч ня «зьліў» далікатную інфармацыю. А калі «салье»? Азараў заяўляе, што Купрэйчык ня меў доступу да базы зьвестак пляну «Перамога». Магчыма, і ня меў. А да зьвестак інфарматараў BYPOL, якія перадавалі арганізацыі сэнсацыйныя інсайды зь нетраў беларускіх сілавых ведамстваў, таксама ня меў? Бо ў выпадку чаго такіх людзей чакаюць цяжкія наступствы, паводле новага заканадаўства – аж да найвышэйшай меры. А да асабістых зьвестак людзей, якія пісалі ў акаўнты ByPol у сацсетках, мадэраваных Купрэйчыкам, ён таксама доступу ня меў? Усе гэтыя пытаньні проста цяпер задаюць сабе тысячы беларусаў. І ім, натуральна, страшна – і за сябе, і за сваіх блізкіх.

І ясна, што спэцслужбы і самі, і праз падкантрольныя тэлеграм-каналы будуць усіх запэўніваць, што ўсе інфармацыйныя базы арганізацыі ў іх у руках. Што можа быць і дэзынфармацыяй з мэтай дыскрэдытацыі ByPol, але можа і ня быць. Хтосьці паверыць і спалохаецца.

Насамрэч, такая рэальнасьць – як вынік супрацьстаяньня спэцслужбаў, так і рэвалюцыйнай барацьбы і процідзеяньня ёй. Кожны бок спрабуе маніпуляваць іншым, кожны ўкараняе сваіх агентаў да іншага. Паток сакрэтаў беларускага сілавога блёка, якія сталі вядомыя BYPOL – сьведчаньне ўразьлівасьці ў гэтым сэнсе беларускай улады. Але ўразьлівы, як бачым, і іншы бок.

З гэтага скандалу можна зрабіць дзьве высновы. Першая: стаўка на сілавы спосаб барацьбы зьвязаны з большай рызыкай, чым уяўляецца на першы погляд. Беларускія спэцслужбы свой хлеб ядуць не дарма, амбіцый палітыкаў, якія рэалізуюць гэты шлях, таксама ніхто не адмяняў. І вынік можа вельмі дэмаралізоўваць і быць сьмяротна небясьпечным для людзей у Беларусі, якія паверылі ў гэты шлях.

Другая выснова: аргумэнт у спрэчках пра будучыню Беларусі пасьля Лукашэнкі, у прыватнасьці, наконт магчымасьці вайсковай або спецслужбісцкай хунты. Людзі, якія носяць або насілі пагоны, могуць быць вельмі эфэктыўныя, калі падпарадкоўваюцца адзінай і бясспрэчнай для іх усіх волі. Калі ж ім даводзіцца дамаўляцца пра сумесныя дзеяньні, часта (або часам) у гэтых людзей, прывучаных да армейскай дысцыпліны, атрымліваецца ня лепш, чым у цывільных.

Гэта не байполаўцы такія, гэта людзі наогул такія. Ну, і час такі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Храналёгія падзей

  • 8 чэрвеня ў тэлеграм-канале «Мая краіна Беларусь» зьявіўся відэазварот прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў аднаўленьні правапарадку Аляксандра Азарава, які зьвяртаўся «ад імя арганізацыі ByPol».
  • Ён сказаў, што супрацоўнік ByPol Мацьвей Купрэйчык разам з групай асобаў адмовіліся праходзіць паліграф, за што былі звольненыя з арганізацыі.
  • Азараў заявіў, што Купрэйчык забраў доступ да акаўнту ByPol на YouTube, а таксама ў іншых сацыяльных сетках.
  • Увечары 8 чэрвеня ў тэлеграм-канале ByPol зьявілася паведамленьне, дзе гаворыцца, што «Аляксандар Азараў і Станіслаў Лупаносаў адмаўляюцца паказаць фінансавую справаздачнасьць» і што было прынятае рашэньне выключыць Азарава і Лупаносава з шэрагаў Аб’яднаньня сілавікоў Беларусі ByPol.
  • Паводле інфармацыі Свабоды, атрыманай зь некалькіх крыніц, супрацоўнікі ByPol не атрымлівалі заробку некалькі месяцаў.
  • Аб’яднаны пераходны кабінэт адрэагаваў на падзеі кароткім камэнтаром аб тым, што яны пачынаюць праверку гэтай сытуацыі. АПК заклікаў бакі ўстрымацца ад камэнтароў па тэме.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG