Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каляіна для дыктатара, якая вядзе да краху. Раздарожжаў у Лукашэнкі больш не засталося


Кемаль Атацюрк, Аляксандар Лукашэнка, Робэрт Мугабэ, Міхаіл Гарбачоў. Каляж
Кемаль Атацюрк, Аляксандар Лукашэнка, Робэрт Мугабэ, Міхаіл Гарбачоў. Каляж

Усе раздарожжы для Лукашэнкі, на якіх можна было зьмяніць кірунак, збочыць, абмінуць перашкоды ці выправіць памылкі, засталіся ў мінулым.

Наперадзе толькі каляіна: глыбокая, высокая, трывалая — ня выскачыш. А задняя хуткасьць у калясьніцы гэтай дыктатуры не прадугледжана. Цяпер ужо ён асуджаны на тое, каб трымацца за гэтае крэсла пажыцьцёва. Альбо да таго моманту, калі ягоныя пасінелыя пальцы не адарве ад гэтага крэсла нехта яшчэ. У гісторыі іншых дыктатур так здаралася ня раз. У тым ліку і з колішнімі сябрамі Лукашэнкі.

Палонны ўласнай мінуўшчыны

Дыктатарскія рэжымы (асабліва тыя, што існуюць дзесяцігодзьдзямі) рэдка застаюцца нязьменнымі. Як і славалюбівыя тыраны, якія іх увасабляюць. На працягу трыццаці гадоў якіх толькі мутацый і мэтамарфоз не магло адбыцца. Зрэшты, найчасьцей эвалюцыя дыктатараў мае два асноўныя кірункі.

Здараецца, што тыповы дэспат, які прыйшоў да ўлады ў таталітарным рэжыме альбо пачынаў з жорсткай расправы з канкурэнтамі і ўсталяваньня рэжыму аднаасобнай улады, з гадамі ўсё больш мякчэе, задумваецца пра ўласнае месца ў гісторыі, распачынае лібэральныя рэформы і ўрэшце мірна і параўнальна дэмакратычна перадае ўладу наступніку.

І ёсьць процілеглы шлях. Палітык, які прыходзіць да ўлады параўнальна дэмакратычным шляхам і на першым часе праводзіць памяркоўны і ўзважаны курс, з гадамі настолькі ўваходзіць у смак улады, што ня бачыць безь яе ўласнай будучыні. І тады пачынаецца звыклы дрэйф у бок таталітарызму: перапісваньне Канстытуцыі «пад сябе», увядзеньне пажыцьцёвага прэзыдэнцтва, жорсткая расправа з палітычнымі супернікамі і ўсе іншыя атрыбуты, добра знаёмыя грамадзянам цяперашняй Беларусі.

Аляксандар Лукашэнка пасьля абраньня на пасаду прэзыдэнта Беларусі. Менск, 1 лістапада 1994
Аляксандар Лукашэнка пасьля абраньня на пасаду прэзыдэнта Беларусі. Менск, 1 лістапада 1994

Сёньня ў гэта цяжка паверыць, але ў 1994-м, падчас першых прэзыдэнцкіх выбараў, калі Лукашэнка яшчэ толькі ішоў да ўлады, ён вельмі шчыра і пераканаўча гаварыў пра дэмакратычную будучыню Беларусі. Яго абурала, як дзяржапарат у часе выбарчай кампаніі працуе на Кебіча, як той бессаромна ўкідвае галасы і маніпулюе выбарчымі камісіямі. Як дзяржаўныя СМІ спрабуюць дыскрэдытаваць яго, незалежнага кандыдата.

«Вось выбераце мяне — я з гэтым разьбяруся. Пара канчаць зь несправядлівасьцю», — ляйтматыў многіх тагачасных выступаў маладога Лукашэнкі.

І вось мінулі 29 гадоў. Няёмка і прыкра назіраць, як пастарэлы Лукашэнка па-ранейшаму спрабуе какетнічаць і рабіць выгляд, быццам існуе нейкая інтрыга вакол ягонай адстаўкі з прэзыдэнцкай пасады, нібы ён гэта здольны зрабіць да сваёй фізычнай сьмерці. Двухсэнсоўнасьць і супярэчлівасьць выказваньня пра ўласную будучыню ў ягоным апошнім пасланьні, агучаным 31 сакавіка, відавочна, былі загадзя і знарок падрыхтаваныя:

«Да апошніх сваіх дзён на гэтай пасадзе (я паміраць не зьбіраюся) я буду працаваць на карысьць нашай краіны. Я ніколі ня буду „кульгавай качкай“, як гэта гавораць. (Вось абвясьціў пра адстаўку, „кульгавая качка“). У мяне дастаткова паўнамоцтваў для таго, каб абараніць сваю краіну, асабліва цяпер».

З аднаго боку, ім жа сказаныя ў гэтым самым выступе фразы «За пасаду не трымаюся» і «Мой век канчаецца», а з другога:

«Многія за мяжой хацелі б, каб Лукашэнкі не было, значыць, трэба рабіць наадварот, гэта мой прынцып» і «Калі ня будзе Лукашэнкі, то ягоных дзяцей будуць ціснуць з усіх бакоў», «будуць зьдзекавацца зь людзей у пагонах».

Але ні вялікага энтузіязму ў прысутных у залі, ні асаблівых здагадак і вэрсій у тых, хто быў за сьценамі залі, гэты «нібыта экспромт» ужо ня выклікаў. З тае простай прычыны, што падобны «экспромт» гучаў ня раз за апошнія дваццаць гадоў і абсалютна для ўсіх відавочна, што нікуды і ніколі сыходзіць ён не зьбіраецца.

Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з праўладнеымі журналістамі. 2022
Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з праўладнеымі журналістамі. 2022

Найперш таму, што ўсе раздарожжы для Лукашэнкі, на якіх можна было зьмяніць кірунак, збочыць, абмінуць перашкоды і выправіць памылкі, засталіся ў мінулым. Наперадзе — толькі каляіна: глыбокая, высокая, трывалая — ня выскачыш. А задняя хуткасьць у калясьніцы гэтай дыктатуры не прадугледжана. Ззаду столькі грахоў, столькі забойстваў і злачынстваў, пакалечаных лёсаў і растаптаных законаў, што павярнуць назад немагчыма. Цяпер ужо ён асуджаны на тое, каб трымацца за гэта крэсла пажыцьцёва. Ну альбо да таго моманту, калі ягоныя пасінелыя пальцы не адарве ад гэтага крэсла нехта яшчэ. У гісторыі іншых дыктатур так здаралася неаднойчы. У тым ліку і з колішнімі сябрамі Лукашэнкі.

Афрыканскі Лукашэнка

Паўднёвая Радэзія працяглы час заставалася адной з апошніх буйных брытанскіх калёній на «чорным» кантынэнце. Развод з былой мэтраполіяй адбываўся мірна. Памятаю, у красавіку 1980 года савецкае тэлебачаньне ахвотна паказвала сюжэты пра тое, як на галоўным стадыёне Солсбэры пад трыюмфальныя воклічы соцень тысяч мясцовых чарнаскурых паволі спускаецца брытанскі «Юніён Джэк» і ўрачыста ўздымаецца страката-паласаты сьцяг новай незалежнай дзяржавы. Паўднёвая Радэзія стала Зымбабвэ, Солсбэры ператварыўся ў Харарэ, а месца прэмьер-міністра замест зрынутага лідэра белай меншасьці, кіраўніка так нікім і не прызнанай Радэзіі Яна Сьміта, у выніку дэмакратычных выбараў заняў чарнаскуры барацьбіт за незалежнасьць Робэрт Мугабэ.

Прэм'ер-міністар Зымбабвэ Робэрт Мугабэ. Харарэ, 1984
Прэм'ер-міністар Зымбабвэ Робэрт Мугабэ. Харарэ, 1984

Стартавыя магчымасьці ў новай дзяржавы былі выдатныя. Да 1980 года яна лічылася адной з найбольш эканамічна разьвітых краін Афрыкі. Каля 5 працэнтаў яе насельніцтва складалі белыя фэрмэры, якія забясьпечвалі краіне лідэрства на кантынэнце ў вытворчасьці сельгаспрадукцыі.

Напачатку новы чарнаскуры лідэр выглядаў памяркоўным і абачлівым. Многія белыя засталіся пры сваіх ранейшых высокіх пасадах (насуперак незадаволенасьці значнай часткі чарнаскурых рэвалюцыянэраў, якія прыйшлі да ўлады). Для белай меншасьці ў парлямэнце была ўведзена квота (20 месцаў са 100). Мугабэ нават сустрэўся са сваім зацятым супернікам Янам Сьмітам, прапанаваў таму мірную супрацу і абяцаў усеагульнае прымірэньне. Заспакоены Сьміт пасьля гэтага заклікаў белых суграмадзянаў не эміграваць з радзімы і «даць Мугабэ шанец».

Аднак з гадамі дэмакратызм Мугабэ спакваля мізарнеў. Як і многія іншыя дыктатары, ён пакрысе ўвайшоў у смак улады і ўжо не зьбіраўся пакідаць высокую пасаду. Канстытуцыя ў краіне была зьмененая, квота для белай меншасьці ў парлямэнце зьліквідаваная, краіна паступова дрэйфавала ў бок аднапартыйнай дыктатуры. Праўда, Ян Сьміт і ягоныя паплечнікі, нягледзячы на пагрозы з боку рэжыму, працяглы час яшчэ заставаліся ў краіне і не ў турме. А Мугабэ падчас сустрэч з замежнымі кіраўнікамі любіў казыраць гэтым фактам: маўляў, якая дыктатура, у мяне вунь Сьміт свабодна шпацыруе па вуліцы.

Аднак на пачатку 2000-х і Сьміт вымушаны быў ратавацца ўцёкамі. Разам з тысячамі белых фэрмэраў, якія сталі ахвярамі ініцыяванага і падтрыманага Мугабэ «чорнага перадзелу» — экспрапрыяцыі іхных земляў на карысьць чорных. У выніку адна з самых багатых краін Афрыкі стала адной з самых бедных. Інфляцыя ў Зымбабвэ ў сярэдзіне «нулявых» вымяралася мільёнамі працэнтаў, дзяржава вымушана была адмовіцца ад уласнай валюты.

Мужчына трымае нядаўна выпушчаныя купюры ў 200 мільёнаў і 500 мільёнаў зымбабвійскіх даляраў.12 снежня 2008
Мужчына трымае нядаўна выпушчаныя купюры ў 200 мільёнаў і 500 мільёнаў зымбабвійскіх даляраў.12 снежня 2008

Нязьменным заставалася толькі імя дыктатара. У 2017-м Робэрту Мугабэ было ўжо 93 гады. Сілы і здароўе падводзілі, але аддаваць стырно ў чужыя рукі дыктатар не без падстаў асьцерагаўся: за плячыма быў доўгі шлейф палітычных забойстваў і распраў з праціўнікамі. Мугабэ вырашыў перадаць уладу маладой жонцы Грэйс, а галоўнага прэтэндэнта на пасаду — віцэ-прэзыдэнта Эмэрсана Мнангагву — адправіў у адстаўку. Спрактыкаваны і спрытны царадворац Мнангагва, які да гэтага часу падпарадкаваў сабе сілавікоў, з такім рашэньнем дыктатара не пагадзіўся. 15 лістапада 2017 года на вуліцы Харарэ была выведзена армія. Мугабэ і ягоную маладую жонку ўзялі пад варту. Састарэлы дыктатар спрабаваў апэляваць да канстытуцыі і законаў, але яго ніхто ня слухаў.

Свае апошнія дні Робэрт Мугабэ вымушаны быў правесьці ў выгнаньні, у Сынгапуры. «Адступныя» ў памеры 10 мільёнаў даляраў і штомесячная пажыцьцёвая пэнсія ў 150 000 даляраў, пэўна, прыцішылі горыч ад страты, хоць да канца сваіх дзён ён наракаў на вераломства былога паплечніка Мнангагвы, які выхапіў у яго ўладу ў выніку перавароту.

А мог бы кіраваць яшчэ гадоў трыццаць...

Іншы шлях — калі палітык мае ўсе магчымасьці для пажыцьцёвай дыктатуры, якая засталася ў спадчыну ад папярэднікаў, але выбірае рызыкоўную дарогу паступовых дэмакратычных рэформаў, імкнучыся зрабіць сваю краіну і свой народ больш свабоднымі, сучаснымі, шчасьлівымі. Найбольш яркі прыклад, сьведкам якога ў сваім жыцьці быў Лукашэнка і які, без сумневу, у далейшым моцна паўплываў на многія ягоныя рашэньні, калі ён прыйшоў да ўлады ў Беларусі — гэта прыклад Гарбачова.

Цікавы і адметны фэномэн: сваю імклівую палітычную кар’еру Лукашэнка зрабіў выключна дзякуючы рэформам Гарбачова: свабодным выбарам, дэмакратызацыі, галоснасьці. Пры закасьцянелай камуністычнай сыстэме зь ягонымі асабістымі якасьцямі і арганізатарскімі дасягненьнямі ён наўрад ці прабіўся б вышэй за райкам партыі ці раённы аграпрам. І менавіта ён, цалкам скарыстаўшы гарбачоўскія заваёвы, зрабіў усё магчымае, каб усе іх у Беларусі зьнішчыць дарэшты: і дэмакратычныя выбары, і зародак незалежнага суду, і парлямэнтарызм, і незалежную прэсу. Гарбачоў для яго, хутчэй за ўсё, — узор лузэра, недарэкі, няўдачніка, які меў гэтулькі ўлады, а застаўся ні з чым: фактычна добраахвотна пакінуў пасаду лідэра вялікай краіны, хоць мог бы заставацца на вяршыні ўлады яшчэ гадоў трыццаць.

Барыс Ельцын і Міхаіл Гарбачоў, 1990
Барыс Ельцын і Міхаіл Гарбачоў, 1990

Гарбачоў сапраўды многае растраціў і пагубляў, рухаючыся сваім пакручастым няроўным шляхам, у якім было шмат высакародных намераў, а яшчэ больш — марных ілюзій, фальшывых паплечнікаў і няспраўджаных чаканьняў. Амаль усё ім дасягнутае было змарнавана ў пост’ельцынскай Расеі. Крах ягонага праекту, канчатковая адмова ад апошніх заваёў кароткага пэрыяду галоснасьці і перабудовы працягваецца дагэтуль, фактычна — завяршаецца ў нас на вачах у сёньняшняй пуцінскай Расеі.

Хоць пры ўсім тым у апошнія тры дзесяцігодзьдзі жыцьця Гарбачова, ужо пасьля ягонай адстаўкі, якая адбылася ў сьнежні 1991-га, у яго было тое, чаго ніколі ня будзе ў Лукашэнкі. Яму не было патрэбы ўцякаць з краіны ці хавацца ад суайчыньнікаў за высокімі сьценамі рэзыдэнцый. У яго была спакойная і нябедная старасьць у сябе на радзіме. Ягоную спадчыну заўсёды шанавалі і працягваюць шанаваць у сьвеце. Ягонае імя засталося ў сусьветнай гісторыі ў цэлым са станоўчым знакам. І ягонай дачцэ і ўнучкам ніколі не давялося хавацца ці ратавацца за мяжой ад гневу і нянавісьці суайчыньнікаў.

Спадчына Атацюрка

Але ў гісторыі ёсьць і куды больш пасьпяховыя прыклады, калі палітык, які, здавалася, быў асуджаны стаць дыктатарам, у выніку стаў вялікім рэфарматарам і прывёў сваю краіну ў грона цывілізаваных нацый.

Калі вы хоць аднойчы былі ў Турэччыне, то не маглі ня чуць гэтага імя альбо ня бачыць партрэта: у якім-небудзь офісе, краме, шпіталі, на фасадзе будынка ці хоць бы на купюрах і манэтах турэцкай ліры. І помнік яму — абавязковы ў кожным горадзе. І назва цэнтральнай вуліцы ў ягоны гонар — паўсюль, нават у вёсках. І яшчэ багата ўсяго іншага. Прычым пашана і павага да першага прэзыдэнта і стваральніка сучаснай турэцкай дзяржавы ня толькі афіцыйныя, але і на побытавым узроўні шараговага чалавека: гэта лёгка адчуць, размаўляючы з туркамі. Размова пра Мустафу Кемаля (Атацюрка).

Кемаль Атацюрк, 1881
Кемаль Атацюрк, 1881

Калі на пачатку 20-х гадоў мінулага стагодзьдзя ён, малады таленавіты военачальнік, выратаваў Турэччыну ад канчатковага краху і падзелу паміж прагнымі суседзямі, то лёгка мог бы стаць чарговым пажыцьцёвым султанам: народ падтрымаў бы гэта з захапленьнем. І краіна атрымала б чарговага ўсёмагутнага ўладара — барадатага султана на троне, у раскошным палацы з дыванамі, у чырвонай фесцы і расшытым золатам халаце, у атачэньні паслужлівых візіраў і шматлікіх адалісак. Але ў падручніках гісторыі зусім іншыя выявы Кемаля: у строгім эўрапейскім касьцюме, у фраку, у афіцэрскім мундзіры эўрапейскага крою...

Гэты вобраз адлюстроўвае тое, што ён імкнуўся зрабіць са сваёй радзімай: выцягнуць яе зь сярэднявечнай азіяцкай адсталасьці ў эўрапейскую цывілізаваную будучыню. Гэта выглядае неймаверным, але Мустафу Кемалю ўдалося амаль усё. Турэччына пры ім ператварылася ў сьвецкую дзяржаву з дэмакратычнымі выбарамі, усеагульнымі грамадзянскімі правамі, судом эўрапейскага ўзору. Жанчыны атрымалі ўсе правы, царква была аддзелена ад дзяржавы, забаронена мнагажэнства...

Помнік у Стамбуле: турэцкі лідэр Мустафа Атацюрк тлумачыць новы турэцкі альфабэт
Помнік у Стамбуле: турэцкі лідэр Мустафа Атацюрк тлумачыць новы турэцкі альфабэт

А яшчэ туркі атрымалі эўрапейскую сыстэму адукацыі, ліквідацыю непісьменнасьці, 5-дзённы працоўны тыдзень, лацінскі альфабэт замест арабскага, прозьвішчы, эўрапейскае адзеньне. Усё гэта рабілася часам з дапамогай жорсткіх аўтарытарных мэтадаў, але зусім не дзеля таго, каб самому прэзыдэнту як мага даўжэй заставацца пры ўладзе і зьнішчаць палітычных супернікаў. І пра ўласнае багацьце ён, дарэчы, ня надта дбаў. Ня маючы ўласных дзяцей, усынавіў і выхоўваў дзесяць сірот. А за год да сьмерці перадаў дзяржаве свае зямельныя ўладаньні і вялікую частку маёмасьці.

У чымсьці ён быў падобны на расейскага Пятра І: жалезнай рукой вывеў свой народ у Эўропу. Амаль вывеў.

Сёньня, праз сто гадоў пасьля Атацюрка, у Турэччыне шмат што мяняецца, у тым ліку і ў дачыненьні палітычнай спадчыны першага прэзыдэнта. Усё больш настойліва рвуцца да ўлады ісламісты. Перагледжаны многія дэмакратычныя нормы. Рэспубліка перастала быць парлямэнцкай, а паўнамоцтвы новага прэзыдэнта мала чым адрозьніваюцца ад султанскіх.

Нарэшце, Сьвятая Сафія — праваслаўны канстанцінопальскі сабор часоў Візантыі, які пры Атацюрку зь мячэці быў ператвораны ў музэй — нядаўна зноў стаў мячэцьцю. І ўсё ж пра канчатковае вяртаньне да султанату, да аятол і шарыяцкага суду ў сёньняшняй Турцыі ніхто гаварыць не наважваецца. Палітычны падмурак, закладзены Атацюркам, аказаўся трывалым.

У кожнага Мугабэ — свой Мнангагва

У Лукашэнкі заўсёды быў пэўны сантымэнт да Зымбабвэ. У фотаархіве можна знайсьці здымак, на якім трое дыктатараў (Лукашэнка, Мугабэ і Чавэс), абняўшыся, зь нечага залівіста рагочуць у перапынку саміту Руху недалучэньня, які адбываўся ў 2006 годзе на Кубе.

Уга Чавэс, Аляксандар Лукашэнка і Робэрт Мугабэ сьмяюцца падчас саміту недалучэньня ў Гаване 15 верасьня 2006 году. REUTERS
Уга Чавэс, Аляксандар Лукашэнка і Робэрт Мугабэ сьмяюцца падчас саміту недалучэньня ў Гаване 15 верасьня 2006 году. REUTERS

Калі да Менску ў 2017 годзе дайшла вестка пра сьмерць Мугабэ, у СМІ за подпісам Лукашэнкі зьявілася нязвыкла цёплае спачуваньне зымбабвійскаму народу, дзе згадвалася і пра «неацэнны ўклад» Мугабэ, і пра ягоныя надзвычайныя заслугі ў «здабыцьці незалежнасьці», «умацаваньні дзяржавы», «падвышэньні аўтарытэту і ўплыву»...

Хто ведае, магчыма, Лукашэнка ў чымсьці бачыць палітычны шлях Мугабэ як узор для сябе. 37 гадоў пры ўладзе — рэкорд, які сёньня для Лукашэнкі ўжо не выглядае недасяжным. А яшчэ — бязьлітаснасьць да палітычных супернікаў; непахіснасьць палітычнага курсу, нягледзячы на вонкавы ціск і міжнародную ізаляцыю. І нават выгнаньне за межы краіны тысяч белых фэрмэраў у нечым схіляе да асацыяцый з выгнаньнем за межы Беларусі тысяч апазыцыйна настроеных беларусаў пасьля падзеяў 2020 года...

Вось толькі фінал састарэлага дыктатара наўрад ці выклікае станоўчыя эмоцыі ў Лукашэнкі. Хоць фінал гэты якраз вельмі тыповы для такога кшталту рэжымаў. Лідэр перавароту 2017 года Эмэрсан Мнангагва на працягу многіх дзесяцігодзьдзяў лічыўся найбліжэйшым паплечнікам і даверанай асобай Мугабэ, узначальваў спэцслужбы, забясьпечваў ахову дыктатара, кіраваў ключавымі міністэрствамі, быў правай рукой. А ў вырашальны момант менавіта ён і зрынуў былога правадыра і нібыта сябра. Так часта здараецца ў пэрсаналісцкіх дыктатарскіх рэжымах, дзе толькі звонку — клятвы ў вечнай адданасьці, захапленьне і лісьлівасьць, а ў душах паплечнікаў нярэдка — чорная зайздрасьць, нянавісьць і гатовасьць да здрады ў вырашальны момант. Калі сёньня падчас нарадаў з найбліжэйшым атачэньнем Лукашэнка сьвідруе вострым позіркам іх — тых, на каго начапляў залатыя генэральскія пагоны і бліскучыя ордэны, каму дазваляў будаваць палацы ў Драздах, хто нібыта цалкам адданы і гатовы на ўсё дзеля яго, хто ведае, ці не спрабуе ён вылічыць, хто сярод іх — ягоны ўласны Мнангагва.

Аляксандар Лукашэнка і Эмэрсан Мнангагва, Зымбабвэ
Аляксандар Лукашэнка і Эмэрсан Мнангагва, Зымбабвэ

Адметна, што сам Лукашэнка сёньня абдымаецца зь лідэрам дзяржаўнага перавароту ў Зымбабвэ Эмэрсанам Мнангагвам гэтак сама, як нядаўна абдымаўся з Робэртам Мугабэ. І ў Менск новы зымбабвійскі лідэр ужо прылятаў. І сам Лукашэнка сёлета ў студзені выбіраўся зь сям’ёй на поўдзень Афрыкі. У суправаджэньні новага афрыканскага сябра любаваўся вадаспадам Вікторыя і зымбабвійскімі саванамі. Наведваў галоўны мясцовы нэкропаль «Акр нацыянальных герояў» недалёка ад сталіцы. І, безумоўна, ня мог не заўважыць, што сярод надмагільляў нацыянальных герояў чамусьці не знайшлося месца магіле ягонага колішняга сябра Мугабэ.

Аляксандар Лукашэнка ў Зымбабвэ, 30 студзеня 2023
Аляксандар Лукашэнка ў Зымбабвэ, 30 студзеня 2023

У сувязі з чым новыя зымбабвійскія сябры, магчыма, расказалі Лукашэнку пра тое, што, калі Мугабэ памёр, па ўсёй краіне адбываліся шматтысячныя стыхійныя вулічныя сьвяткаваньні зь песьнямі і танцамі — ня меншыя, чым 37 гадоў таму, калі краіна здабыла незалежнасьць, а Мугабэ стаў першым дэмакратычна выбраным прэм’ер-міністрам. Зымбабвійцам было што сьвяткаваць.

Ці езьдзіў Лукашэнка ўскладаць кветкі ў двор сямейнага дома, дзе пахаваны Мугабэ, афіцыйна не паведамлялася.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG