Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экзатычныя маршруты Лукашэнкі. Па досьвед — у Зымбабвэ?


Міжнародная ізаляцыя Беларусі стварае такі вонкавы кантэкст, на тле якога ўлады мусяць ладзіць усё больш экзатычныя крокі, каб стварыць нейкую хоць вонкава пазытыўную карціну. Гэта пра візыт Лукашэнкі ў Зымбабвэ.

Сьцісла:

  • Адпачынак Лукашэнкі ў Эміратах абвясьцілі візытам.
  • Дыктатар Робэрт Мугабэ, які кіраваў Зымбабвэ 37 гадоў, давёў даволі заможную паводле афрыканскіх мерак краіну да ручкі. Таваразварот паміж Беларусьсю і Зымбабвэ мізэрны.
  • Двухбаковым адносінам спадарожнічае заўважны карупцыйны складнік.
  • Супрацоўніцтва Беларусі з новым афрыканскім сябрам набывае, скажам мякка, экзатычныя формы.

Відавочна, на працягу апошніх гадоў існуе сур’ёзная праблема з замежнымі візытамі Лукашэнкі. Няшмат краін жадае цяпер яго прымаць. Таму даводзіцца абіраць усё больш экзатычныя маршруты. Візыты Лукашэнкі ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты (ААЭ) і Зымбабвэ — якраз з гэтага шэрагу.

Было афіцыйна абвешчана, што 25 студзеня Лукашэнка прыляцеў у ААЭ зь візытам. І знаходзіўся там да 30 студзеня. Сам па сабе замежны візыт першай асобы, які расьцягваецца на пяць дзён, — гэта ўжо нешта надзвычайнае. Прычым ніякай інфармацыі пра яго зьмест няма. Тэлеграм-канал «Пул первого» паведаміў, што адразу пасьля прылёту адбыліся «кароткія перамовы». Не паведамлялася — з кім. Можна меркаваць, узровень прадстаўніцтва з эмірацкага боку быў такі нізкі, што прэсавая служба Лукашэнкі не наважылася нават яго назваць. Мяркуючы па ўсім, ён паехаў у Эміраты адпачыць. Час супадае са студэнцкімі канікуламі Мікалая Лукашэнкі. Пра адпачынак сьведчыць і відэа, апублікаванае «Пулом первого» 28 студзеня, на якім Лукашэнка зь Цяцерыным у расслабленым стане сьвяткуюць перамогу Арыны Сабаленкі на тэнісным турніры.

Здавалася б, чаму не абвясьціць, што Лукашэнка паехаў у Эміраты на адпачынак? Але прэсавая служба чамусьці палічыла такое паведамленьне няёмкім. Назвалі гэта візытам. Але калі візыт, то павінны быць нейкія сустрэчы, перамовы, мерапрыемствы. А іх няма. Хацелі як лепш, а выйшла як заўсёды.

Што тычыцца візыту ў Зымбабвэ. Гэта чацьвёртая краіна Афрыкі, якую наведвае Лукашэнка. Раней былі паездкі ў Лібію, Эгіпет, Судан. Ня так і шмат за 29 гадоў кіраваньня. І гэта зразумела. Афрыканскія краіны небагатыя, іх платаздольнасьць невялікая. Пэўны попыт на беларускую прадукцыю ёсьць, але існуе праблема платы за яе.

Гэта цалкам тычыцца і Зымбабвэ. Дыктатар Робэрт Мугабэ, які кіраваў краінай 37 гадоў, давёў даволі заможную паводле афрыканскіх мерак дзяржаву да ручкі. Што лішні раз пацьвярджае вядомую выснову: доўгае дыктатарскае панаваньне вядзе краіну да вядомага фіналу. У 2013 годзе Зымбабвэ ўваходзіла ў тройку самых бедных дзяржаваў сьвету. Гадавая інфляцыя ў 2008 годзе дасягнула неймаверных 500 мільярдаў працэнтаў! Можа, Лукашэнка паехаў вывучаць гэты досьвед? Цяпер сытуацыя трохі палепшылася (інфляцыя «ўсяго» 190%), аднак цяжка гаварыць пра нейкія значныя пэрспэктывы супрацоўніцтва з гэтай краінай.

Цяперашні прэзыдэнт Зымбабвэ Эмэрсан Мнангагва наведваў Беларусь двойчы — у 2015 і 2019 гадах (першы раз у статусе віцэ-прэзыдэнта). Зь беларускага боку адказным за сувязі з гэтай краінай быў прызначаны тагачасны кіраўнік спраў прэзыдэнта Віктар Шэйман.

Аднак кантакты не далі вялікага плёну. У 2021 годзе таваразварот паміж Беларусьсю і Зымбабвэ склаў $25 млн. А па выніках студзеня — лістапада 2022 году ўзаемны гандаль таварамі дасягнуў $38,6 млн. Беларускі экспарт склаў $29,6 млн. Лічбы сьмешныя. Гэта гандлёвы абарот сярэдняга заводу. Той факт, што амбасада Беларусі ў Зымбабвэ пачала працаваць толькі ў 2022 годзе, вельмі адметны.

Тым часам беларуска-зымбабвійскаму супрацоўніцтву спадарожнічаюць скандалы. Напярэдадні візыту мясцовае выданьне New Zimbabwe пісала, што летась урад краіны закупіў у Беларусі пажарныя машыны, пра якія «ніколі не прасілі» ўлады на месцах. Іншы скандал тычыўся таго, што ўрад Зымбабвэ выбіраў дружалюбныя беларускія кампаніі для продажу дыямэнтаў. Мінулым годам у Зымбабвэ падалі ў суд на кампанію Zim GoldFields, зьвязаную з сынам Віктара Шэймана, за здабычу золата без дазволу ўладальнікаў тэрыторыі. То бок двухбаковым адносінам спадарожнічае заўважны карупцыйны складнік.

А тым часам супрацоўніцтва Беларусі з новым афрыканскім сябрам набывае, скажам мякка, экзатычныя формы. Вось абвешчана, што Менск стане пабрацімам са сталіцай Зымбабвэ — Харарэ. То бок у літаральным значэньні братам. Можна павіншаваць беларусаў, у іх зьявіўся яшчэ адзін брацкі народ. Як вядома, паводле афіцыйнага ідэалягічнага канструкту кіроўнага рэжыму Расея — старэйшы брат. А Зымбабвэ які? Сярэдні, малодшы? Раней было абвешчана, што Беларусь і Зымбабвэ рыхтуюць дамову аб узаемным прызнаньні дакумэнтаў аб адукацыі. Што гэта можа азначаць на практыцы — цяжка нават уявіць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG