Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гарбачоў сышоў без крыві, Лукашэнка б так ня змог», — дарадца Ціханоўскай Аляксандар Дабравольскі ўзгадвае апошняга кіраўніка СССР


Міхаіл Гарбачоў
Міхаіл Гарбачоў

Аляксандар Дабравольскі ў 1989 годзе быў абраны народным дэпутатам СССР па адной з акругаў у Менску. У савецкім парлямэнце Дабравольскі ўвайшоў у Міжрэгіянальную парлямэнцкую групу — першую апазыцыю ў савецкім парлямэнце. У той час Аляксандар Дабравольскі сутыкаўся з Гарбачовым.

Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай падзяліўся са Свабодай сваім успамінам пра першага і апошняга прэзыдэнта СССР.

— У сацыяльных сетках сёньня шмат спрэчак: Гарбачоў быў станоўчай ці адмоўнай фігурай для беларускай гісторыі. Што вы пра гэта думаеце?

— Складанай асобай быў Міхаіл Сяргеевіч. Калі ўспомніць ранейшую гісторыю, то Мікіта Хрушчоў выступіў на зьезьдзе КПСС з дакладам, у якім асудзіў Сталіна за злачынствы супраць уласнага народу. Але ж Хрушчоў жыў, працаваў і займаў высокія пасады пры Сталіну. Тое самае тычыцца і Гарбачова.

Аляксандар Дабравольскі
Аляксандар Дабравольскі

Гарбачоў зрабіў партыйную кар’еру пры Брэжневу, удзельнічаў ва ўсім. Тым ня менш, калі глядзець на вынікі, то Гарбачоў больш станоўчая фігура, чым адмоўная. Фактычна ён даў права голасу людзям. Першыя больш-менш дэмакратычныя выбары адбыліся ў 1989 годзе пры Гарбачову. Пасьля па ўсім СССР пайшлі адносна дэмакратычныя выбары ў парлямэнты саюзных рэспублік. У 1990 годзе быў абраны Вярхоўны Савет ХІІ скліканьня, дзе была апазыцыя. Гэта быў значны прагрэс.

Гарбачоў не хацеў развалу Савецкага Саюзу, але ён разваліўся. Абумоўлена гэта было многімі фактарамі, а адна з прычын, — што людзям далі нейкую волю. Пры ўсім пры тым я добра памятаю, што ў тыя часы былі спробы падаўленьня пратэстаў і незадаволеных.

Я добра памятаю, як у 1991 годзе прыяжджаў у Вільню, дзе ў аблозе быў парлямэнт, захопленая тэлевежа. Потым я расказаў пра гэта калегам у Міжрэгіянальнай дэпутацкай групе, гэта была першая парлямэнцкая апазыцыя ў СССР. І мы прыйшлі да высновы, што Гарбачоў ня мог ня ведаць гэтага. Магчыма, ён не аддаваў загады, але дакладна ведаў.

Такія ж спробы падаўленьня былі ў 1989 годзе ў Тбілісі, калі расейскія, усё ж савецкія, войскі разагналі мітынг. Былі «гастролі» рыскага АМАПу. Шмат усяго было, але я ўсё ж больш станоўча яго б ацэньваў.

— Гарбачоў цікавіўся Беларусьсю?

— Думаю, так. Была гісторыя, калі стваралі камітэт Канстытуцыйнага нагляду, гэта такі правобраз Канстытуцыйнага суду, то кіраўніцтва БССР высунула туды чалавека, які нават ня меў юрыдычнай адукацыі. І я прарваўся на трыбуну, сказаў, што гэтая фігура не абмяркоўвалася ў беларускай дэлегацыі, ня мае юрыдычнай адукацыі. Я прапанаваў Валерыя Ціхіню на юрыдычныя кансультацыі. Тады адгукнуўся Гарбачоў, і прапанова кіраўніцтва БССР не прайшла. Гарбачоў цікавіўся нашым абмеркаваньнем. Я адказаў, што нічога не было, а гэта нармальная практыка кіраўніцтва БССР, як Яфрэм Сакалоў, Мікалай Дземянцей. Ён жыва цікавіўся гэтай сытуацыяй.

— Беларуская незалежнасьць паўстала дзякуючы ці насуперак Гарбачову?

— Цікавае пытаньне. У беларусаў у той час не хапала пачуцьця адказнасьці за сваю краіну. Шмат хто спадзяваўся, што хтосьці за іх штосьці зробіць. Не хапала імпэту змагацца за сваю незалежнасьць, хацелася, каб усё зрабілі чужымі рукамі. На маю думку, мы тады ня столькі заваявалі, колькі атрымалі незалежнасьць. Наўрад ці тут ёсьць толькі заслуга Гарбачова. Ён ведаў, якія праблемы ёсьць у СССР, і спрабаваў іх вырашыць. 2020 год адбыўся таму, што раней большасьць беларусаў ня бралі на сябе адказнасьць, і цяпер мы мусім змагацца за незалежнасьць і яе захаваньне. Цяпер ужо большасьць беларусаў гатовыя да дзеяньняў, а тады — не.

— Колішні сьпікер літоўскага Сэйму Вітаўтас Ландсбергіс на сьмерць Гарбачова напісаў, што «сышла не асоба, а вінцік сыстэмы». Вы можаце з гэтым пагадзіцца?

— Калі стала ясна, што СССР мае мноства праблемаў, якія ня ў стане вырашыць, то Гарбачоў спачатку пачаў не «перабудову», а «паскарэньне». І гэта пачалося з трошку большай свабодай, быў такі тэрмін «гаспадарчы разьлік» і г.д. Але гэта не дапамагала, і ён пачаў «перабудову». Я ўсё ж мяркую, што Гарбачоў быў больш-менш прыстойным чалавекам і ён быў гатовы ўзяць на сябе адказнасьць.

Пры гэтым цяжар намэнклятурнага мінулага цягнуў яго ўніз. Ён пачаў такія крокі, якія, калі б дарабіў, маглі б дазволіць нармальна паўстаць і стартаваць некалькім незалежным краінам. Але Гарбачоў гэтага баяўся. Быў шмат у чым непасьлядоўны.

Зрэшты, калі б у кіраўніцтве аказаліся людзі ранейшай фармацыі, то нас бы мог чакаць прыклад Югаславіі. Пасьля путчу 1991 году Гарбачоў сышоў без крыві з пасады прэзыдэнта, такія людзі, як Лукашэнка, так бы не змаглі. У Лукашэнкі прага ўлады мацнейшая за сумленьне, а ў Гарбачова ўсё ж наадварот.

— Вы некалькі разоў размаўлялі з Гарбачовым. Які ён быў у прыватных стасунках?

— Калі чалавек вельмі заняты і вядомы, то выпадковыя размовы могуць быць павярхоўнымі, абы ад яго адвязаліся. Першы раз у нас так і было. Я нават ня помню, па якім пытаньні падышоў, але сказаў, што так рабіць ня трэба, у нас іншая пазыцыя. Ён проста адказаў: «О’кей». Але другі раз размова была больш грунтоўная, я прасіў, каб ён прыслухаўся да дэпутатаў, што гаварылі пра катастрофу ў Чарнобылі. Гарбачоў сказаў, што моцна за гэта перажывае, пагаворыць са Станіславам Шушкевічам. Была нармальная размова.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG