Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маўчаньне дэпутатаў. Як Лукашэнка зьнішчыў парлямэнтарызм у Беларусі


Нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг прынесьлі ў залю Вярхоўнага Савету. Справа дэпутатка Галіна Сямдзянава. Менск, 24 жніўня 1991 года
Нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг прынесьлі ў залю Вярхоўнага Савету. Справа дэпутатка Галіна Сямдзянава. Менск, 24 жніўня 1991 года

Візыт Лукашэнкі ў Маскву і сустрэча з Пуціным у час, калі прагназуюць актывізацыю Расеяй баявых дзеяньняў ва Ўкраіне, спарадзілі розныя вэрсіі таго, якімі могуць быць блізкія пэрспэктывы Беларусі.

У краінах, дзе народ мае права голасу, у такія вострыя пэрыяды палітычных крызісаў выключную ролю выконвае парлямэнт. Калісьці так было і ў Беларусі.

Новы паварот дыскусіям надаў намер Пуціна прыпыніць удзел у Дамове аб скарачэньні стратэгічных узбраеньняў. Ці можа гэта прывесьці да разьмяшчэньня на тэрыторыі Беларусі ядзернай зброі? Прыгадваецца, што пра такую магчымасьць прадстаўнікі расейскага Генштабу заяўлялі яшчэ некалькі гадоў таму. Гаварыў пра гэта і Лукашэнка.

Вэрсіі і прагнозы гучаць розныя, але агульнае — усе яны грунтуюцца на мінімальнай афіцыйнай інфармацыі.

У дэмакратычным грамадзтве першымі, хто ў такіх выпадках прабіваюць сьцяну маўчаньня (альбо хаця б імкнуцца гэта зрабіць), зьяўляюцца дэпутаты парлямэнту. І гэта зразумела: яны прадстаўляюць інтарэсы сваіх выбарнікаў, таму парлямэнт і завецца прадстаўнічым органам. А ў краіне, грамадзяне якой разумеюць непасрэдную залежнасьць свайго будзённага жыцьця ад палітычных рашэньняў, выбарнікі вельмі ня любяць, калі ад іх спрабуюць схаваць нешта важнае.

Галадоўка дэпутатаў Вярхоўнага Савета супраць рэфэрэндуму. 2 красавіка 1995
Галадоўка дэпутатаў Вярхоўнага Савета супраць рэфэрэндуму. 2 красавіка 1995

Ёсьць, вядома, дзяржаўныя і ваенныя тайны, але выбар вэктару міжнароднай палітыкі альбо падтрымка ці непадтрымка вайны паміж суседнімі краінамі — гэта ня тое, што адносіцца да таямніц. Тут грамадзтва разьлічвае на свой удзел у выпрацоўцы рашэньняў.

Між тым ні сёньня, ні ўчора, ні год таму, калі з тэрыторыі Беларусі расейскія войскі пачалі агрэсію супраць Украіны, у фармаваньні, якое лічыцца парлямэнтам Рэспублікі Беларусь, ніякіх «нязручных» пытаньняў ні Лукашэнку, ні міністрам зададзена не было.

Нам увогуле невядома, каб у Палаце прадстаўнікоў ці Савеце Рэспублікі адбылася якая-небудзь дыскусія на гэтую тэму. Як і на тэму масавых палітычных рэпрэсій і практычна поўнай ліквідацыі грамадзянскіх свабодаў, якія гарантуюцца Канстытуцыяй і якую дэпутаты павінны абараняць, як ніхто іншы.

Некалькі гадоў таму адна з дэпутатак, сама таго не жадаючы, ёміста і красамоўна акрэсьліла стан парлямэнтарызму ў сучаснай Беларусі, заявіўшы: «Я ў парлямэнт прыйшла не палітыкай займацца». Па вялікім рахунку, яна мела рацыю: палітыкі ў тых сьценах няма зь дзевяностых гадоў мінулага стагодзьдзя.

Але маўклівым беларускі парлямэнт быў не заўсёды, і людзі старэйшага пакаленьня могуць прыгадаць часы, калі ня толькі міністры ды кіраўнікі ўраду, але і тады яшчэ новаабраны прэзыдэнт быў вымушаны на патрабаваньні дэпутатаў даваць справаздачы, тлумачыць, пераконваць ці апраўдвацца. Праўда, было гэта зусім ня доўга.

Калі дэбаты і спрэчкі — норма

Зь першых дзён існаваньня незалежнай Беларусі і ўнутраная, і вонкавая палітыка актыўна абмяркоўвалася і ў парлямэнце, і ў грамадзтве. Менавіта Вярхоўны Савет у пачатку 90-х прымаў рашэньне аб вывадзе зь Беларусі ядзернай зброі. І хаця паседжаньне, на якім прымалася канчатковае рашэньне, праходзіла ў закрытым рэжыме, папярэднічала яму адкрытая дыскусія.

Можна прыгадаць і дэбаты вакол ініцыятывы рэфэрэндуму аб датэрміновых выбарах у 1992-м, і спрэчкі пра далучэньне Беларусі да сыстэмы калектыўнай бясьпекі краінаў СНД (так званага АДКБ) у 1993-м, і ўвядзеньне пасады прэзыдэнта ў праект Канстытуцыі ў пачатку 1994-га.

Мітынг у Менску 3 ліпеня 1994 года. Выступае Васіль Быкаў
Мітынг у Менску 3 ліпеня 1994 года. Выступае Васіль Быкаў

Спрэчкі выходзілі за сьцены Авальнай залі на плошчы, праз тэле- і радыётрансьляцыі перацякалі ў кватэры і інтэрнаты, у заводзкія цэхі ды акадэмічныя аўдыторыі, у партыйныя офісы — але часта здаралася наадварот, і менавіта там, у цэхах і на плошчах, на сустрэчах з выбарнікамі, нараджаліся ідэі, якія потым трансфармаваліся ў палітычныя рашэньні ды заканадаўчыя прапановы. Менавіта гэта і называецца здаровым палітычным працэсам.

З прыходам да ўлады Лукашэнкі працэс быў прыкметна запаволены, але прыпынены не адразу.

Лукашэнка быў вымушаны адказваць дэпутатам

Больш за тое: менавіта Лукашэнка абвастрыў палітычныя спрэчкі, дамагаючыся дамінаваньня ўсходняга, расейскага вэктару ў міжнароднай палітыцы, эканамічнай, вайсковай і культурнай сфэрах.

Найбольшага драматызму геапалітычнае супрацьстаяньне ў парлямэнце дасягнула вясной 1995-га, падчас абмеркаваньня пытаньняў прапанаванага Лукашэнкам рэфэрэндуму пра зьмену дзяржаўнай сымболікі, ліквідацыю статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, інтэграцыю з Расеяй і права прэзыдэнта распускаць парлямэнт. Фактычна вызначаўся і вэктар разьвіцьця краіны на дзесяцігодзьдзі (як сфармуляваў у свой час Васіль Быкаў: «Ня Захад, а Ўсход»).

Урачыстая ліквідацыя дзяржаўнай мяжы паміж Беларусьсю і Расеяй. Расейскі прэм'ер Віктар Чарнамырдзін і Аляксандар Лукашэнка, 26 траўня 1995 года
Урачыстая ліквідацыя дзяржаўнай мяжы паміж Беларусьсю і Расеяй. Расейскі прэм'ер Віктар Чарнамырдзін і Аляксандар Лукашэнка, 26 траўня 1995 года

У часе надзвычай вострага абмеркаваньня меркаванага рэфэрэндуму выступілі дзясяткі дэпутатаў, і дзясяткі разоў браў слова Лукашэнка, спрабуючы абгрунтаваць сваю пазыцыю (але няўдала — у выніку прымяніў сілу супраць дэпутатаў Апазыцыі БНФ, пабіўшы іх непасрэдна ў Авальнай залі).

Так, ступень інфармаваньня людзей пра дыскусію ў Вярхоўным Савеце была ўжо не такая, як годам раней (тэлебачаньне і радыё абмяжоўваліся кароткімі, хаця і штодзённымі 10-15-хвіліннымі рэпартажамі). Аднак тыя, каму была неабыкавая будучыня Беларусі, маглі даведацца пра пазыцыю і аргумэнтацыю апанэнтаў Лукашэнкі (хай і ў далёка ня поўным варыянце).

Ішлі дэбаты і ў прэсе, прычым ня толькі ў незалежнай газэце «Свабода», але і ў афіцыйных выданьнях (з апошніх найбольш поўны спэктар пазыцый адлюстроўвала «Звязда» і, да моманту адстаўкі Ёсіфа Сярэдзіча, «Народная газета»).

Праз год Лукашэнка і Ельцын падпісалі пагадненьне аб утварэньні супольнасьці Беларусі і Расеі (якая неўзабаве трансфармавалася ў «садружнасьць», а крыху пазьней і ў «саюзную дзяржаву»). Праціўнікам інтэграцыі ўдалося вывесьці на праспэкты Менску дзясяткі тысяч людзей. Гэтыя шэсьці, якія суправаджаліся жорсткімі разгонамі і рэпрэсіямі супраць арганізатараў і ўдзельнікаў, увайшлі ў гісторыю пад назовам «Менскай вясны-96».

Мітынг БНФ. Менск, 24 сакавіка 1996
Мітынг БНФ. Менск, 24 сакавіка 1996

У той момант дзейнічаў ужо новы Вярхоўны Савет 13-га скліканьня, у якім не было ніводнага дэпутата ад Беларускага Народнага Фронту, а прынцыповымі праціўнікамі інтэграцыі ў якой бы тое ні было форме былі адзінкі. Тым ня менш Лукашэнка быў вымушаны некалькі разоў выступаць перад дэпутатамі з інфармацыяй пра свае зь Ельцыным пляны.

Напярэдадні падпісаньня адказны за распрацоўку беларуска-расейскіх пагадненьняў, першы намесьнік міністра замежных спраў Валер Цапкала, расказваў пра іх у СМІ. Даволі падрабязна выкладаліся пэрспэктывы ў фінансавай і мытнай сфэрах, у ваеннай палітыцы, у гандлі і гэтак далей.

Праз паўгода, у лістападзе 1996-га, Лукашэнка зьменіць Канстытуцыю, разгоніць Вярхоўны Савет і ўтворыць цалкам падкантрольны яму «парлямэнт» — Савет Рэспублікі і Палату прадстаўнікоў. У гісторыі беларускага парлямэнтарызму паставяць кропку — на дзесяцігодзьдзі і аж па сёньня.

Маўчаць і падпарадкоўвацца

За чвэрць стагодзьдзя найвышэйшы заканадаўчы орган ператворыцца ў апарат, які, нібыта прынтэр, паслухмяна друкуе законы і пастановы. І як прынтэр тым лепшы, чым больш дакладна ён выдае запраграмаваныя колеры, тым больш высока ацэньваецца адсутнасьць у дэпутатаў якой-небудзь «адсябяціны» у зацьвярджэньні патрэбных Лукашэнку рашэньняў.

Вядома, нават у самага надзейнага апарата, таго ж прынтэра, дэталі з часам зношваюцца, канчаецца фарба — іх трэба своечасова мяняць. Дэпутацкі корпус таксама мяняюць. Неяк дасьведчаны чалавек, які да выхаду на пэнсію працаваў у адным з райвыканкамаў Менску, расказваў мне пра сыстэму адбору кандыдатаў у дэпутаты. Тут і праверка «чысьціні» біяграфіі, і вывучэньне радні па лініі КДБ ды іншых спэцслужбаў, і маніторынг актыўнасьці ў сацыяльных сетках. На адну акругу прапануецца некалькі кандыдатаў, прычым як мужчын, так і жанчын, рознага ўзросту, розных прафэсій — каб быў выбар. Не ў насельніцтва, вядома, а ў чыноўнікаў Адміністрацыі прэзыдэнта, якія і вызначаць, каму заняць на наступныя гады крэсла ў Авальнай залі і паслухмяна ціснуць на кнопкі.

Палата прадстаўнікоў. Менск, 6 сьнежня 2019
Палата прадстаўнікоў. Менск, 6 сьнежня 2019

Сёньня, калі забаронена якая б то ні была грамадзянская актыўнасьць, калі фактычна зьнішчаныя партыі, калі за адно толькі выказваньне нязгоды з Лукашэнкам могуць судзіць «за абразу», так званы парлямэнт цалкам адпавядае агульнаму палітычнаму ляндшафту і галоўнаму патрабаваньню: маўчаць і падпарадкоўвацца. Бо ідэальны парлямэнт у разуменьні Лукашэнкі і верных яму сілавікоў — ня тое месца, дзе могуць адбыцца нейкія нечаканасьці. І тым больш ня тое, дзе некаму захочацца заняцца палітыкай.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG