Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка быў сярод 3% дэпутатаў, якія 31 год таму не прагаласавалі за незалежнасьць Беларусі


Аляксандар Лукашэнка і Зянон Пазьняк з Вольгай Галубовіч і Валянцінам Голубевым
Аляксандар Лукашэнка і Зянон Пазьняк з Вольгай Галубовіч і Валянцінам Голубевым

Аляксандар Лукашэнка пазыцыянуе сябе як стваральніка беларускай дзяржаўнасьці і галоўнага гаранта яе сувэрэнітэту. Тым часам на «сэсіі Незалежнасьці» ў жніўні 1991 году дэпутат Лукашэнка дэманстратыўна адмовіўся галасаваць за незалежную Беларусь.

Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі Вярхоўны Савет прыняў у ліпені 1990 году. Аднак гэты дакумэнт ня меў моцы канстытуцыйнага закону, таму заставаўся проста дэклярацыяй, не даючы Беларусі рэальнай незалежнасьці. Усё зьмянілася 24-25 жніўня.

Каляндар падзей для разуменьня кантэксту:

  • 19 жніўня група савецкіх высокапастаўленых чыноўнікаў паспрабавала ажыцьцявіць у Маскве дзяржаўны пераварот. Гэты эпізод гісторыі атрымаў назву «путч ГКЧП». Змоўшчыкі мелі намер спыніць развал СССР і захаваць верхавенства КПСС, адхіліўшы ад улады Міхаіла Гарбачова.
  • У гэты ж дзень Беларускі Народны Фронт вывеў на плошчу перад Домам ураду ў Менску некалькі сотняў чалавек. Праз пару дзён іх было некалькі тысяч. БНФ запатрабаваў ад кіраўніцтва ВС і Саўміну, старшыні КДБ і міністра ўнутраных спраў выкананьня Канстытуцыі і законаў, заявілі аб неабходнасьці скліканьня нечарговай сэсіі аб прыняцьці незалежнасьці.
  • 21 жніўня путчысты цярпяць паразу. Да гэтага часу некаторыя беларускія партыйныя структуры і асобы пасьпелі засьведчыць сваю падтрымку ГКПЧ.
  • Надзвычайная сэсія ВС БССР, якой дамагаліся дэпутаты ад БНФ, была прызначаная на 24 жніўня.

Дзень першы. Пра што на «сэсіі Незалежнасьці» гаварыў Лукашэнка

Першае пасяджэньне пачалося а 12:00. Вёў яго старшыня ВС камуніст Мікалай Дземянцей. Першым ад некамуністаў на паседжаньні выступіў Зянон Пазьняк. Ён прапанаваў весьці сэсію першаму намесьніку Дземянцея Шушкевічу, бо Дземянцей падтрымаў путчыстаў у Маскве. Пазьней дэпутаты падтрымалі гэтую прапанову.

Падчас сэсіі дэпутат ад Шклоўскай выбарчай акругі N310 Аляксандар Лукашэнка выступаў некалькі разоў. Першы раз гэта адбылося менавіта пасьля выступу Зянона Пазьняка, на пачатку паседжаньня. Лукашэнка зьвяртаўся да старшыні Вярхоўнага Савету Мікалая Дземянцея і фактычна прамовіў тое, што і Пазьняк. Ён раскрытыкаваў старшыню ВС БССР за тое, што той не падтрымаў Гарбачова падчас путчу ў Маскве. Лукашэнка заклікаў Дземянцея падаць у адстаўку.

Затым ён зьвярнуўся з такой жа прапановай да прэм’ера Вячаслава Кебіча, абвінаваціўшы яго ў «падтрымцы банды».

«Я не хачу вас запалохваць і прад’яўляць ультыматум. Але, калі сёньня ж гэта ня будзе зроблена, я знайду сродкі (а яны ўжо ёсьць) для таго, каб паінфармаваць прэзыдэнта Гарбачова (прэзыдэнт СССР) і прэзыдэнта Расеі (РСФСР) Ельцына».

Нягледзячы на тое, што ў 1991 годзе Лукашэнка абвінавачваў Кебіча і Дземянцея ў здрадзе і патрабаваў іх адстаўкі, пагражаючы народнай расправай, ужо праз пару год ён стане іх працадаўцам. У 1996 годзе, пасьля разгону Лукашэнкам Вярхоўнага Савету, Кебіч стаў дэпутам Палаты прадстаўнікоў. У 1997 годзе той самы Дземянцей стаў чальцом Савету Рэспублікі па прэзыдэнцкай квоце.

Бел-чырвона-белы сьцяг у Вярхоўным Савеце, 24 жніўня 1991 году
Бел-чырвона-белы сьцяг у Вярхоўным Савеце, 24 жніўня 1991 году

Першае галасаваньне

Яно датычыла парадку дня. Падчас першага ў той дзень галасаваньня Лукашэнка падтрымаў ідэю Пазьняка, каб сэсію вёў віцэ-сьпікер Шушкевіч. На галасаваньне выносілася дзьве прапановы аб парадку дня — ад Прэзыдыюму ВС і ад апазыцыі. Лукашэнка не галасаваў ні за адну зь іх.

Чым адрозьніваліся два гэтыя праекты? Прынцыповая розьніца была ў тым, што ў першым не было пункту аб наданьні Дэклярацыі аб сувэрэнітэце канстытуцыйнай моцы. То бок галасаваньне за юрыдычнае замацаваньне незалежнасьці прапанавала апазыцыя і Лукашэнка за гэты пункт не галасаваў, хаця і быў у залі. Дарэчы, сярод прапановаў апазыцыі была і адказнасьць Кебіча і Дземянцея за падтрымку путчу, чаго патрабаваў на пачатку сэсіі Лукашэнка. Але нават гэты пункт не схіліў будучага прэзыдэнта да галасаваньня «за».


Дыскусія дэпутатаў. І зноў Лукашэнка

Затым адбылася вялікая дыскусія з удзелам апазыцыі, пераважна дэпутатаў ад БНФ. Яны патрабавалі ўключыць у парадак дня галасаваньне за незалежнасьць Беларусі, адказнасьць для падтрымку путчу і забарону Кампартыі.

«Каб аберагчы і нашу эканоміку, і наш народ, і нашу культуру, і будучыню, мы павінны сёньня тэрмінова прыняць пытаньне аб незалежнасьці. Таму што, калі мы сёньня ня вырашым гэтае пытаньне, усё астатняе — гэта будзе пусты гук», — сказаў падчас паседжаньня Зянон Пазьняк.

Падобныя словы неаднаразова паўтаралі і іншыя дэпутаты ад БНФ.

Пасьля перапынку слова ўзяў ізноў Лукашэнка. Ён пачаў дзякаваць масквічам і расейскай арміі за тое, што не адбыўся путч, гаварыць аб праблемах сельскай гаспадаркі, пагрозе голаду. Лукашэнка ўшчуваў важных камуністаў, што яны «губяць партыю», запярэчыў Шушкевічу (які раней прапанаваў не шукаць вінаватых у падтрымцы путчу), што варта пакараць вінаватых «для будучыні і нашых дзетак» і заявіў, што «трэба спыніць мітынгі і заняцца эканомікай». Ён адзначыў, што ня згодны з адназначнымі ацэнкамі апазыцыі і заявіў, што важныя пытаньні падчас паседжаньня спрабуюць забалбатаць:

«Я шмат што хацеў бы сказаць з гэтай трыбуны. Але пасядзеў тут, паслухаў і паглядзеў на абстаноўку, якая сёньня складваецца ў Вярхоўным Савеце, і зрабіў для сябе цьвёрдую выснову. У гэтым мітынгу я ўдзельнічаць не павінен. (...) Я адчуваю, якое сёньня будзе прынята рашэньне. І я не хачу быць саўдзельнікам таго злачынства, якое можа сёньня ажыцьцявіцца ў парлямэнце. Мы ня зможам асудзіць, мы ня зможам прыняць тое, чаго ад нас патрабуе народ, мы ня зможам аддаць належнае тым, хто быў арганізатарам гэтага путчу. Таму, зыходзячы з таго, што я сказаў, я не магу браць далейшы ўдзел у гэтай сэсіі і браць удзел у галасаваньні. Я не хачу, каб на канчатковым этапе гэтага смутнага часу, гэтага кароткага адрэзку мае рукі былі бруднымі».

Менск, 1991 год
Менск, 1991 год

Як галасаваў Лукашэнка ў канцы першага дня сэсіі

Усяго на галасаваньне выстаўлялася 6 пунктаў. У пазыцыі Лукашэнкі нічога не зьмянілася. За ўключэньне ў парадак дня пытаньня аб наданьні Дэклярацыі аб сувэрэнітэце канстытуцыйнага статусу ён не галасаваў увогуле, хаця быў у залі, паколькі падтрымаў пункт аб новым старшыні Вярхоўнага Савету.

Дзень другі. 25 жніўня

Сэсія пачалася а 10:00 раніцы.

Лукашэнка выступіў на самым пачатку:

«У сувязі з тым, што ўчора і сёньня Цэнтральным Камітэтам Кампартыі Рэспублікі або па яго ініцыятыве раптам, нечакана, нездарма пачало мусіравацца пытаньне пра тое, што Беларусь павінна быць выключна сувэрэннай дзяржавай, я хацеў бы заявіць наступнае. Учора Міхаіл Сяргеевіч Гарбачоў заявіў, што партыя павінна самараспусьціцца. Цэнтральны камітэт нашай партыі заяўляе пра сувэрэнітэт для таго, каб кінуць нам костку, пайсьці на нейкія „саступкі“. Я маю на ўвазе найперш дэпартызацыю праваахоўных органаў, органаў дзяржаўнай улады, і тым самым захаваць уладу ў Беларусі, выкарыстоўваючы тое, што ў нашым ВС і ва ўрадзе знаходзіцца пераважная большасьць іх прыхільнікаў. Гэтага дазволіць мы ім сёньня не павінны», — сказаў Лукашэнка.

Далей ён расказаў, чым, на яго думку, пагражае абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі.

«Падзеі апошніх дзён і гадзін дазваляюць нам зрабіць выснову пра тое, што Беларусь ня можа апынуцца ў палітычнай і эканамічнай ізаляцыі ад Расеі і іншых рэспублік. З гэтай прычыны мы можам быць адрынутыя прэзыдэнтам Гарбачовым, у выніку чаго апынёмся на задворках фармаваньня новых органаў кіраўніцтва саюзу».

Пасьля гэтага дэпутат Лукашэнка заявіў, што ў сувязі зь ягонымі ўчорашнімі выступленьнямі і крытыкай у адрас праваахоўных органаў у шклоўскім РАУС пачалася «кампанія цкаваньня прыхільнікаў і таварышаў». Ён заклікаў міністра ўнутраных справах і кіраўніка КДБ «прыпыніць гэты разбой» хаця б да вяртаньня ў акругу.

Пасьля таго, як дэпутаты сагналі з трыбуны Анатоля Малафеева, старшыня ВС Дземянцей абвясьціў незаплянаваны перапынак і пасьля яго падаў у адстаўку. Далей сэсію вёў Станіслаў Шушкевіч.

Перад самым галасаваньнем за незалежнасьць выступіў Зянон Пазьняк.

Зянон Пазьняк. Менск, жнівень 1991 г.
Зянон Пазьняк. Менск, жнівень 1991 г.

«Я хачу зрабіць некалькі заўваг па гэтым пытаньні, паколькі тут у залі выступалі некаторыя дэпутаты, у прыватнасьці дэпутат Лукашэнка, які проста заблытаў гэтае пытаньне. Справа ў тым, шаноўныя калегі, што зараз мы ўступілі ў прынцыпова новую сытуацыю. Усе рэспублікі вакол нас аб’явілі аб сваёй нацыянальнай дзяржаўнай незалежнасьці. У тым ліку ўчора гэта зрабіла Ўкраіна. Практычна пытаньне аб Саюзным дагаворы здымаецца на нейкі тэрмін. Саюз існуе толькі намінальна. І калі ў гэтай сытуацыі мы ня прымем адпаведнага закону аб дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, мы трапім у вельмі кепскае становішча. Таму што тыя рэспублікі, якія вакол нас, яны будуць разьвівацца (і разьвіваюцца) як нацыянальныя дзяржавы на прынцыпова новай аснове. Яны ідуць да рынку, у іх будзе больш мабільная эканоміка, і мы трапім у непасрэдную залежнасьць ад гэтых рэспублік.

Тым больш я ў сваім дакладзе гаварыў (а я дастаткова добра знаёмы з расейскай дэмакратыяй на працягу многіх гадоў) і з усёю адказнасьцю магу сказаць, што на ўсходзе ў нас фармуецца маладая агрэсіўная імпэрыя ў форме дэмакратыі. Тыя дэмакраты, якіх мы добра ведаем, не прызнаюць фактычна нас як нацыю, яны не глядзяць на нас як на асобную дзяржаву і на асобную тэрыторыю, а глядзяць на нас як на вотчыну, на якую яны маюць пэўнае права. На вялікі жаль, гэта так. І менавіта зыходзячы з гэтых меркаваньняў я неаднойчы выказваўся і пісаў аб тым, што я сумняваюся ў дэмакратычным характары будучай Расеі. Таму што асноўны прынцып дэмакратыі — гэта прызнаньне права нацыі на самавызначэньне. Калі ў грамадзтве існуе імпэрская мэнтальнасьць, дасягнуць дэмакратыі поўнасьцю вельмі цяжка. І тыя высновы, якія мы можам зрабіць зараз, сутыкаючыся з палітыкай з Усходу, прыводзяць нас да думкі, што цяпер нам, каб выратаваць наш народ, нашу эканоміку, абавязкова патрэбен дзяржаўны сувэрэнітэт.

Тыя хуткія тэмпы, якімі зараз пойдуць разьвівацца дзяржавы, якія заснаваны на нацыянальнай незалежнасьці, яны прывядуць да таго, што іхняя эканоміка высмакча з нашай рэспублікі рабочую сілу, высмакча тавары. І калі ў нас ня будзе сваёй валютнай сыстэмы (а мы можам яе мець толькі тады, калі будзем мець нацыянальную незалежнасьць), мы трапім у вельмі цяжкае эканамічнае і залежнае становішча. Ужо Расея некалькі тыдняў таму паведаміла (Ельцын паведаміў) аб тым, што зьбіраецца павысіць цэны на нафту. Гэта быў у пэўнай ступені шантаж нашай рэспублікі. І ён быў ня першы раз. Калі мы ня будзем мець нацыянальнай незалежнасьці, мы ня зможам свае рэсурсы, свае ўсе сродкі, свае вынікі працы ўкладваць на дабро нашага народу і нашай дзяржавы, мы ня зможам супрацьстаяць гэтай палітыцы. А яна будзе, і будзе абавязкова.

Мы ўступаем у новы стан дзяржаўных узаемаадносін. Таму, шаноўныя калегі, я вельмі вас прашу, паколькі палітычная абстаноўка зьмянілася рэзка і хутка, і некаторыя з нас не пасьпелі яе адразу ацаніць, я заклікаю ўсіх дэпутатаў зараз ацаніць гэтую абстаноўку самым належным чынам. Таму што ўсялякае замаруджваньне пойдзе нам на шкоду. Ня трэба баяцца, што тут, як казалі некаторыя дэпутаты, узьнікне Альбанія, Куба, Карэя. Нічога падобнага. Працэсы, якія пайшлі ў нас, нават ход нашай сэсіі, пацьвярджаюць: яны незваротныя, яны ідуць на карысьць нашаму грамадзтву. А сувэрэнітэт дасьць нам магчымасьць стаць свабоднымі і незалежнымі, дасьць нам магчымасьць разьвіць тыя асновы, якія мы закладваем, ідучы да рэформаў.

Я прашу вас паставіць гэтае пытаньне і вырашыць яго сёньня. Бо заўтра можа быць позна. Нас тут ня вельмі многа, і патрэбна канстытуцыйная большасьць. Таму я рашыў выступіць перад вамі, і, можа, для некаторых было гэта нечаканым. Але я дастаткова добра ведаю, якія ўзаемаадносіны ў тых маладых структурах, якія зараз нараджаюцца. І калі мы спаткаемся зь імі потым, не падрыхтаваўшыся, мы проста апынёмся ў невырашальным стане. Дзякуй за ўвагу».


Як прымалася гістарычнае рашэньне. Без Лукашэнкі

Пасьля перапынку адбыліся гарачыя дэбаты. Лукашэнка ў іх удзелу ня браў. Пра яго яшчэ згадаюць аднойчы. Зробіць гэта дэпутат Кавалёнак.

«Сёньня ў першай палове дня народны дэпутат Лукашэнка зрабіў выпад у адрас Савету Міністраў і старшыні Савету Міністраў Кебіча. Я лічу, што і апазыцыя, і ўсе народныя дэпутаты адмяжоўваюцца ад гэтай заявы. Гэта асабістае меркаваньне Лукашэнкі. Я хачу, каб пра гэта ведала ўся Беларусь».

25 жніўня Лукашэнка быў у залі Вярхоўнага Савету. Апошні раз ён зарэгістраваўся ў электроннай сыстэме для галасаваньня ў 16:33. Але за першыя 8 пунктаў парадку дня, якія выстаўляліся да 16:33, ён не галасаваў.

Фрагмэнт стэнаграмы сэсіі ВС БССР 25 жніўня 1991 з галасаваньнем за незалежнасьць.
Фрагмэнт стэнаграмы сэсіі ВС БССР 25 жніўня 1991 з галасаваньнем за незалежнасьць.

Калі пачалося галасаваньне за незалежнасьць Беларусі, у залі было зарэгістравана 265 дэпутатаў. Прагаласавалі «за» — 256, супраць — 0, «устрымаліся» — 0, не галасавалі 9. У гістарычнай стэнаграме «сэсіі Незалежнасьці» насупраць прозьвішча Лукашэнкі падчас галасаваньня за незалежнасьць у 20:12 стаіць пазнака «Адсутнічаў».

Фармальна ён мог знаходзіцца і ў залі, але не рэгістраваўся на галасаваньне, каб ня быць датычным да рашэньня «сэсіі Незалежнасьці».

Упершыню апублікавана на нашым сайце 25 жніўня 2021 году.

Пра гістарычныя падзеі 1991-га чытайце ў праекце Сяргея Навумчыка:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG