Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маленькі прынц бываў і ў Беларусі


 «Маленькі прынц» (з малюнкамі аўтара, у перакладзе Ніны Мацяш).
«Маленькі прынц» (з малюнкамі аўтара, у перакладзе Ніны Мацяш).

6 красавіка 1943 году ў Нью-Ёрку выйшла ў сьвет кніга Антуана дэ Сэнт-Экзюпэры (фр. Antoine de Saint-Exupéry) «Маленькі прынц».

З таго часу казка-прыпавесьць пра невялічкага золатавалосага хлапчука стала самай перакладанай кнігай у сьвеце (пасьля Бібліі і Карану). Агульны наклад выданьняў сягае блізу траціны мільярда асобнікаў. У ліку больш як трохсот моваў, на якіх чытаюць цяпер «Маленькага прынца», ёсьць і беларуская. Піша Зося Сухавей.

Кніга для тых, хто заўжды глядзіць на сьвет дзіцячымі вачыма

Францускі празаік, паэт і прафэсійны лётчык прыдумаў свайго Маленькага прынца (Le petit prince) у часе самотных палётаў над Афрыкай. А дакладней, у часе вымушанае пасадкі ў бязьлюднай пустэльні.

«Так я жыў у адзіноце, і не было ў мяне анікога, з кім бы я мог па-сапраўднаму адвесьці душу. Але аднойчы, шэсьць гадоў назад, мне давялося зрабіць вымушаную пасадку ў Сахары. Нешта зламалася ў маторы майго самалёта. Са мною не было ні мэханіка, ні пасажыраў, і трэба было самому ламаць галаву, як выратавацца. Я павінен быў адрамантаваць матор альбо загінуць. Маіх запасаў пітной вады хапіла б ледзьве на тыдзень.

І вось — мая першая ноч сярод бязьмежных пяскоў пустыні, дзе на тысячы міль наўкол — ніводнага селішча. Чалавек, які пасьля караблекрушэньня ўсё-такі ацалеў дзесьці на плыце ў бязьмежным акіяне, і той быў не такі адзінокі. Дык уявіце сабе маё зьдзіўленьне, калі на досьвітку мяне пабудзіў нечы тоненькі галасок:

— Калі ласка... намалюй мне баранчыка!

— Га!

— Намалюй мне баранчыка...

Я ўскочыў на ногі, нібы нада мной грымнуў гром. Працёр вочы. Агледзеўся. І ўбачыў незвычайнага малыша, які сур’ёзна разглядваў мяне».

Антуан дэ Сэнт-Экзюпэры
Антуан дэ Сэнт-Экзюпэры

Дзіва было ў гэтай відзежы, але яшчэ большым дзівам сталася тое, што прымроены хлопчык дапамог лётчыку ўратавацца. І гэта рэальны факт біяграфіі Антуана дэ Сэнт-Экзюпэры. Як і тое, што праз год, калі кніга пасьля выданьня на радзіме аўтара пачала сваё трыюмфальнае шэсьце па плянэце, Маленькі прынц не прыйшоў на дапамогу свайму сябру-лётчыку, і той загінуў пры ня высьветленых да сёньня абставінах.

Трагічнае зьнікненьне Антуана дэ Сэнт-Экзюпэры толькі дадало папулярнасьці ягонай гісторыі пра Прынца, Ружу, Ліса, чароўныя зоркі ды невядомыя плянэты. Цяпер кнігу чытаюць ва ўсім сьвеце больш як на трохстах мовах.

У Францыі казка-прыпавесьць «Маленькі прынц» прызнаная найлепшай кнігай XX стагодзьдзя.

Маленькі прынц гаворыць па-беларуску

Упершыню гэта здарылася ў 1969-м. Тады зьбеларушчыла чароўнага хлопчыка паэтка і перакладчыца Эдзі Агняцьвет. Адмыслоўцы пісалі, што яна дала ў вусны Прынца гутарковую беларускую мову, зрабіла, так бы мовіць, з Прынца маленькага сялянскага дзівака.

У 1989-м па-беларуску кнігу Экзюпэры перастварыла тонкая знаўца францускае мовы паэтка Ніна Мацяш. У яе перакладзе Прынц загаварыў, як і належыць носьбіту такога званьня.

І першы, і другі пераклад, выдадзеныя з інтэрвалам у дваццаць гадоў, вокамгненна разьляцеліся з кнігарняў.

Ніна Мацяш дапрацоўвала і рэдагавала свой пераклад ажно да самай сьмерці ў 2008-м. Дапоўнены ейны варыянт пабачыў сьвет у 2017-м, а праз два гады быў перавыдадзены. Абодва наклады даўно сталі бібліяграфічнаю рэдкасьцю. Новае пакаленьне беларускіх дзяцей можа прачытаць кнігу хіба толькі ў электронных вэрсіях. Ці паслухаць аўдыёвэрсію, зробленую ў 2012-м акторамі і музыкамі пад куратарствам Ганны Хітрык.

Раз — падробка, два — падробка

Сьвятое месца, як вядома, пустым не бывае. Запоўніць нішу спрабавалі і спрабуюць розныя саматужныя выдаўцы. Цікавая гісторыя тут здарылася зь вядомым літаратарам Паўлам Касьцюкевічам.

Гадоў дзесяць таму ён вырашыў заняцца перакладамі сусьветнае клясыкі. Пачаў з «Маленькага прынца». Такі сабе вучнёўскі пераклад атрымаўся, як цяпер мяркуе пра тую сваю працу Павал. Але выкладзены ў Сеціве тэкст пайшоў у народ ужо незалежна ад аўтара. На некаторых парталах Павал Касьцюкевіч бачыў свой пераклад, прыпісаны Ніне Мацяш. Былі і грунтоўна перапрацаваныя невядомым(і) рэдактарам(і) вэрсіі ягонага перакладу. А быў і нейкі рэдактар, які выдаў склееную вэрсію: разьдзел Касьцюкевіча, разьдзел Мацяш.

Нехта хацеў выдаваць. Зьвяртаўся да перакладчыка і прасіў прыслаць тэкст, а потым нібыта губляў яго, і перакладчык знаходзіў свой пераклад у Сеціве без пазнакі свайго імя.

Былі і агучкі ў нейкіх паўпадпольных студыях.

Канцоў не знайсьці, і прыпісаць тыя варыянты Паўлу Касьцюкевічу цяпер не выпадае, бо жывуць яны незалежным жыцьцём.

Балет у Хэльсынкі і мульцікі на менскім даху

Прыгоды незвычайнага хлопчыка некалі прывабілі знакамітага беларускага кампазытара Яўгена Глебава. У 1981-м ён стварыў балет паводле «Маленькага прынца». У 1982-м у Хэльсынкі была яго сусьветная прэм’ера. Пастаноўку рабіла харэограф, акторка і прыма-балерына Фінскага нацыянальнага балета Эльза Сюльвэстэрсан. У 1983-м балет паставілі ў Маскве ў Вялікім тэатры. Былі і іншыя пастаноўкі ў тэатрах СССР.

А вось на сцэне Вялікага тэатру опэры і балету Беларусі ўпершыню гледачы змаглі пабачыць гэтую казку для дарослых толькі 1 лістапада 2015-га. Адажыё з «Маленькага прынца» стала для мэляманаў краіны адным з самых любімых твораў. Але ў афішах тэатру балет Яўгена Глебава — вялікая рэдкасьць.

Яўген Глебаў і Васіль Быкаў
Яўген Глебаў і Васіль Быкаў

20 чэрвеня 2017 году на даху офіса кампаніі Velcom адбыўся папярэдні паказ мультфільма «Маленькі прынц». Створаны французамі ў 2015-м, ён быў перакладзены беларускай камандай «Кінаконг». Летам 2017-га ён шмат разоў з аншлягамі быў паказаны ў кінатэатрах Менску і ўсіх абласных гарадоў Беларусі. Адначасова там мела вялікі пакупніцкі посьпех і выдадзеная да паказаў мультфільму папяровая кніга.

Цяпер ніхто ўжо ня бачыць тых мульцікаў ні на даху, ні ў кінатэатрах. Яны зьніклі, як і галоўны герой зь сюжэту кнігі.

«Гляньце на неба. І спытайцеся ў сябе: красуецца яшчэ тая ружа ці не?»

Кнігу пра свайго Маленькага прынца Антуан дэ Сэнт-Экзюпэры аздобіў уласнымі малюнкамі. Яны нязьменна ўпрыгожваюць старонкі амаль усіх перавыданьняў. Аўтар верыў, што аднаго погляду на зорнае неба, пунсовую ружу пад ім ці на мясьціну, дзе ўпершыню яму зьявіўся золатавалосы хлапчук, дастаткова, каб сьвет зьмяніўся.

«Вам, хто таксама палюбіў Маленькага прынца, як і мне, гэта зусім, зусім ня ўсё роўна: увесь сьвет робіцца для нас інакшым ад таго, што дзесьці ў невядомым куточку Сусьвету баранчык, якога мы ніколі ня бачылі, можа, ужо зьеў незнаёмую нам ружу...

Гляньце на неба. І спытайцеся ў сябе: красуецца яшчэ тая ружа ці не? А раптам баранчык зьеў яе? Убачыце, як усё пераменіцца...

І ніколі ніводны дарослы не зразумее, як гэта важна!

Гэта для мяне самая прыгожая і сумная мясьціна на сьвеце. Гэта той самы куточак пустыні, што намаляваны і на папярэдняй старонцы, але я намаляваў яго яшчэ раз, каб вы лепей разглядзелі яго. Менавіта тут Маленькі прынц зьявіўся на Зямлі, а потым зьнік.

Уважліва прыгледзьцеся да малюнка, запомніце гэты куточак да драбніцы, каб маглі пазнаць яго ў пустыні, калі вам некалі, можа, давядзецца падарожнічаць па Афрыцы. І калі вам надарыцца праходзіць гэтымі мясьцінамі, малю вас, не сьпяшайцеся, супыніцеся на хвілінку пад гэтай зоркай! І калі да вас падыдзе невялічкі золатавалосы хлапчук, калі ён будзе звонка сьмяяцца і ня будзе адказваць на вашы роспыты, — вы ўжо, несумненна, здагадаецеся, хто гэта такі. То майце ласку! Здыміце з сэрца майго гэтую журбу: хутчэй напішыце мне, што ён вярнуўся...»

«Маленькі прынц» па-беларуску сабраў поўную залю ў кінатэатры
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:08 0:00

А пакуль...

А пакуль тое, летась увосень малады беларускі дырыгент Віталь Алексіёнак сэнсацыйна быў запрошаны ў тэатар La Scala для пастаноўкі опэры «Маленькі прынц», якую стварыў італьянскі кампазытар П’еранджэлё Вальтыноні.

Днямі Віталь Алексяёнак увайшоў у лік трох фіналістаў Прэміі маладых дырыгентаў імя Гербэрта фон Караяна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG