Праваахоўныя органы Ўкраіны выставілі падазрэньне 293 расейскім вайскоўцам ва ўчыненьні ваенных злачынстваў на тэрыторыі Ўкраіны.
«Іх мы ідэнтыфікавалі і вызначылі іхную датычнасьць да ўчыненьня канкрэтнага ваеннага злачынства. Гэта шырокі дыяпазон, пачынаючы ад абстрэлаў цывільных аб’ектаў і заканчваючы сэксуальным гвалтам, забойствамі і катаваньнем нашых грамадзян», — сказаў на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве Юры Белавусаў, які ў Офісе генэральнага пракурора Ўкраіны ачольвае дэпартамэнт супрацьдзеяньня злачынствам, учыненым ва ўмовах узброенага канфлікту.
Паводле яго, справы 105 расейцаў знаходзяцца ў судах, датычна 29 вайскоўцаў расейскай арміі ўжо абвешчаныя выракі.
«Апроч гэтага, ёсьць вялізная, магістральная справа менавіта па злачынстве агрэсіі, у якой мы намагаемся дакумэнтаваць (злачынствы) вышэйшага вайсковага і палітычнага кіраўніцтва Расейскай Фэдэрацыі. І тут 642 падазраваныя асобы, пачынаючы ад міністра абароны Расеі, кіраўніка Галоўнага штабу, кіраўнікоў органаў выведкі, сэнатараў і дэпутатаў Дзярждумы, кіраўніцтва Цэнтрабанку, міністра транспарту... Там вялізнае кола асобаў, якія сваімі дзеяньнямі спрыялі або сплянавалі агрэсію», — удакладніў Юры Белавусаў.
Прадстаўнік Офісу генэральнага пракурора Ўкраіны ўдакладніў, што асобна выдзеленыя справы супраць расейскіх прапагандыстаў, якія апраўдваюць дзеяньні Расеі ва Ўкраіне.
«У справе агрэсіі каля 176 спраў ужо знаходзяцца ў судзе, і мы маем 18 выракаў, якія датычацца расейскіх дэпутатаў», — дадаў Юры Белавусаў.
Прадстаўнік Офісу генпракурора падкрэсьліў, што 99% ваенных злачынцаў будуць асуджаныя ва Ўкраіне, але ўжо цяпер у 20 краінах адбываюцца аналягічныя працэсы паводле нацыянальных заканадаўстваў. Далучэньне да расьсьледаваньняў сьледчых з Францыі, Літвы, Гішпаніі, Польшчы і Славаччыны дазволіць больш якасна сабраць доказы ваенных злачынстваў і спрыяць стварэньню Міжнароднага ваеннага трыбуналу.
У сваю чаргу пасол ў асаблівых даручэньнях Міністэрства замежных спраў Украіны Антон Карыневіч паведаміў, што цягам году ўдалося дабіцца падтрымкі міжнародных партнэраў Украіны ініцыятывы аб стварэньні адмысловага трыбуналу для разгляду злачынстваў агрэсіі Расеі.
«Цяпер стаіць пытаньне, як гэта зрабіць найбольш эфэктыўна», — падкрэсьліў Антон Карыневіч.
Паводле яго, стварэньню спэцыяльнага трыбуналу папярэднічае стварэньне Міжнароднага цэнтру крымінальнага перасьледу за ўчыненьне агрэсіі супраць Украіны.
«Цэнтар павінен летам пачаць працаваць у Гаазе. Гэта першыя міжнародныя намаганьні ў крымінальным перасьледзе за ўчыненьне злачынства агрэсіі пасьля Другой усясьветнай вайны», — падкрэсьліў прадстаўнік МЗС Украіны.
Згодна з Офісам генэральнага пракурора Ўкраіны, на 14 сакавіка 2023 году ва Ўкраіне задакумэнтавалі 73 996 злачынстваў агрэсіі і ваенных злачынстваў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.