Міністарка ў справах вэтэранаў Украіны Юлія Лапуціна
Міністарка ў справах вэтэранаў Украіны Юлія Лапуціна заявіла, што расейскія вайскоўцы ўчынілі «дзясяткі тысяч сэксуальных злачынстваў супраць украінцаў — мужчын і жанчын».
Ва Ўкраіне сьцьвярджаюць, што задакумэнтавалі дзясяткі тысяч сэксуальных злачынстваў расейцаў супраць украінцаў
Як паведамілі ў Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны, аб гэтым Юлія Лапуціна паведаміла на форуме «Украіна 2022: жанчыны, мір, бясьпека», на якім адбылася прэм’ера дакумэнтальнага фільму аб сэксуальных злачынствах расейскіх вайскоўцаў ва Ўкраіне.
«Цяпер мы задакумэнтавалі дзясяткі тысяч сэксуальных злачынстваў расейскіх вайскоўцаў супраць украінцаў, як жанчын, гэтак і мужчын. Але, на жаль, колькасьць зваротаў ахвяр такіх злачынстваў да праваахоўных органаў дагэтуль зьяўляецца нязначнай. Гэта тлумачыцца ня толькі гібельлю ахвяр гвалту, часта ўчыненага непрыродным спосабам, з асаблівай жорсткасьцю. Як паказвае досьвед, людзі, супраць якіх было зьдзейсьнена сэксуальнае злачынства, баяцца ўспамінаць перажыты жах і не гатовыя расказваць пра тое, што адбылося», — сказала Юлія Лапуціна.
Прэм’ера фільма адбылася для вузкага кола экспэртаў і спэцыялістаў. У ім былі выкарыстаныя ня толькі сьведчаньні ахвяр і сьведак згвалтаваньняў у Бучы, Ірпяні і іншых гарадах Украіны, а і перададзеныя Службай бясьпекі Ўкраіны перахопленыя тэлефонныя размовы расейскіх вайскоўцаў з сваякамі, у якіх тыя заклікалі гвалціць украінак. У стужцы таксама працытавалі цынічныя выказваньні вышэйшага кіраўніцтва расейскай дзяржавы з такім самым падтэкстам.
Экспэрты мяркуюць, што за гэтыя дзеяньні трэбу судзіць ня толькі тых, хто рабіў сэксуальныя злачынствы, а і тых, хто аддаваў наказы і заахвочваў асабовы склад да такой жорсткасьці.
У пачатку лістапада Юры Белавусаў, кіраўнік дэпартамэнту расьсьледаваньня ваенных злачынстваў Офісу генэральнага пракурора Ўкраіны, паведаміў, што сьледчыя пракуратуры і Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны задакумэнтавалі 110 злачынстваў, зьвязаных з сэксуальным гвалтам, учыненым расейскімі вайскоўцамі супраць цывільных украінскіх грамадзянаў. Апроч таго, сьледчыя змаглі ідэнтыфікаваць больш як 200 расейскіх вайскоўцаў, якіх завочна абвінавацілі ў гвалце над украінскімі грамадзянамі.