Эўрапейскі зьвяз заклікаў Расейскую Фэдэрацыю неадкладна спыніць агрэсіўную вайну супраць Украіны, цалкам і безумоўна вывесьці ўсе свае Ўзброеныя сілы і вайсковую тэхніку з усёй тэрыторыі Ўкраіны, паважаць сувэрэнітэт, незалежнасьць і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны ў рамках яе міжнародна прызнаных межаў.
З такой заявай прадстаўніцтва Эўразьвязу выступіла на пасяджэньні Кіраўнічай рады МАГАТЭ, якое прайшло ў Вене (Аўстрыя).
«На жаль, Расейская Фэдэрацыя не прадэманстравала ніякіх прыкмет выкананьня трох рэзалюцый, ухваленых Кіраўнічай радай МАГАТЭ ў 2022 годзе, і папярэдніх кансэнсусных рэзалюцый Гэнэральнай канфэрэнцыі МАГАТЭ, у якіх адзначаецца, што «любы ўзброены напад і пагроза супраць ядзерных аб’ектаў, прызначаных для мірных мэтаў, зьяўляецца парушэньнем прынцыпаў Статуту ААН, міжнароднага права і Статуту МАГАТЭ», — адзначаецца ў заяве прадстаўніцтва Эўразьвязу.
Паводле прадстаўнікоў Эўразьвязу, Расея ня выканала ніводнага з патрабаваньняў гарантаваньня ядзернай бясьпекі ва ўмовах узброенага канфлікту.
У заяве адзначаецца, што інцыдэнтаў на захопленай Расеяй Запароскай АЭС удалося пазьбегнуць дзякуючы самаадданасьці ўкраінскага эксплюатацыйнага пэрсаналу.
«Расейская Фэдэрацыя павінна спыніць ціск на ўкраінскі пэрсанал. Ён працуе ва ўсё меншай колькасьці і пад вялікім ціскам, каб падтрымліваць бясьпеку станцыі».
Прадстаўніцтва Эўразьвязу падкрэсьліла, што эўрапейскія краіны ніколі не прызнаюць законнай спробу Расеі захапіць Запароскую АЭС, і заклікала Расею вывесьці са станцыі вайсковую тэхніку і пэрсанал кампаніі «Ростатом» і перадаць яе Ўкраіне пад поўны кантроль.
З пачатку вайны Эўразьвяз выдзеліў Украіне амаль 53 мільёны эўра дапамогі на ядзерную бясьпеку, зь якіх 5,6 мільёна эўра былі накіраваны праз МАГАТЭ.
9 сакавіка Расея пашкодзіла адзіную лінію, якая забясьпечвала ЗАЭС тэхнічнай энэргіяй для падтрыманьня сыстэм бясьпекі. Украінскія энэргетыкі змаглі яе аднавіць толькі праз 7 гадзін.
У той жа час украінскі экспэрт у пытаньнях энэргетыкі Вольга Кашарна сьцьвярджае, што расейцы ўжо падключылі тры лініі з Энэргадару, дзе знаходзіцца Запароская АЭС, у энэргасыстэму Расеі, у тым ліку адну — непасрэдна з атамнай станцыі.
19 лютага Міністэрства замежных спраў Украіны паведаміла, што расейцы заблякавалі ратацыю экспэртаў МАГАТЭ на Запароскай АЭС.
6 лютага стала вядома, што на Запароскую АЭС прыбыў пэрсанал з расейскай Калінінскай атамнай электрастанцыі, у тым ліку інжынэры па кіраваньні рэактарамі, начальнікі зьмен, электрасьлесары і прадстаўнікі іншых атамных прафэсій.
Запароская АЭС — найбуйнейшая атамная электрастанцыя ў Эўропе. Расейскія войскі захапілі яе неўзабаве пасьля пачатку ўварваньня ва Ўкраіну, у сакавіку 2022 году.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.