Ва ўкраінскай кампаніі «Енергоатом», якая ажыцьцяўляе кіраваньне ўсімі атамнымі станцыямі ва Ўкраіне, заявілі, што акупацыйныя ўлады ў бомбасховішчы Запароскай АЭС разьмясьцілі больш як 600 мабілізаваных і курсантаў з Расеі.
«Акупанты разам з кампаніяй „Росатом“ працягваюць ператвараць ЗАЭС на вайсковую базу. На даху пятага энэргаблоку яны стварылі кулямётную пазыцыю, а таксама разьмясьцілі блёкпасты каля ўсіх уваходаў на чыстыя эстакады, празь якія пэрсанал са спэцкорпусаў праходзіць непасрэдна ў энэргаблёкі», — паведамілі ва ўкраінскай кампаніі.
Паводле інфармацыі апэратара ўкраінскіх АЭС, мабілізаваных і курсантаў, якіх цяпер разьмясьцілі ў бамбасховішчы станцыі, пазьней перакінуць на данецкі ўчастак фронту.
«Апроч таго, [расейцы] працягваюць узводзіць умацаваньні і будаваць вайсковыя перашкоды вакол энэргаблокаў станцыі і яе сухога сховішча адпрацаванага ядзернага паліва. Такія дзеяньні расейцаў зьяўляюцца катэгарычна недапушчальнымі і парушаюць усе наяўныя нормы ядзернай і радыяцыйнай бясьпекі», — адзначаецца ў паведамленьні кампаніі «Енергоатом».
Украінскі бок зноў заклікаў міжнародную супольнасьць паспрыяць вываду расейскіх вайскоўцаў з тэрыторыі ЗАЭС і горада Энэргадара, у якім знаходзіцца станцыя.
19 лютага Міністэрства замежных спраў Украіны паведаміла, што расейцы заблякавалі ратацыю экспэртаў МАГАТЭ на Запароскай АЭС. Рэакцыі МАГАТЭ на гэта пакуль няма.
«Злачынствы Расеі супраць цывільных ядзерных аб’ектаў ва Ўкраіне, уключаючы акупацыю ЗАЭС, перашкоды працы МАГАТЭ і стварэньне пагрозаў жыцьцю міжнародных экспэртаў, патрабуюць неадкладнай міжнароднай рэакцыі», — заявіла МЗС Украіны.
Украінскія дыпляматы чарговы раз заклікалі сваіх партнэраў увесьці санкцыі супраць дзяржаўнай карпарацыі «Росатом», афіліяваных зь ёй іншых кампаній, а таксама іншых складнікаў ядзернай энэргетыкі Расеі. У заяве таксама адзначаецца аб неабходнасьці поўнага спыненьня супрацы з Расеяй у сфэры ядзерных тэхналёгій.
Апошнія некалькі месяцаў кампанія «Енергоатом» увогуле не паведамляла пра сытуацыю на Запароскай АЭС. Адзінае, што гучала публічна і шматразова, — што ўсе шэсьць энэргаблёкаў Запароскай АЭС спыненыя, але сама станцыя працягвае атрымліваць з украінскай энэргасыстэмы каля 100 МВт на ўласныя патрэбы.
Тэрыторыю станцыі неаднаразова абстрэльвалі, што прыводзіла да спыненьня яе працы. Расея і Ўкраіна абвінавачвалі ў абстрэлах адна адну. МАГАТЭ заклікала Маскву вызваліць тэрыторыю станцыі і вывесьці адтуль войска.
Гэтая станцыя — найбуйнейшая атамная электрастанцыя ў Эўропе. Расейскія войскі захапілі яе неўзабаве пасьля пачатку ўварваньня ва Ўкраіну, у сакавіку 2022 году. На пачатку лістапада паведамлялася, што Запароская АЭС цалкам абясточаная пасьля расейскіх абстрэлаў.
Украіна і МАГАТЭ настойваюць, каб вакол станцыі была створаная дэмілітарызаваная зона і каб Расея вывела войскі з тэрыторыі ЗАЭС.
Украінскі бок ацаніў кошт зруйнаванай і пашкоджанай маёмасьці і інфраструктуры Запароскай АЭС у 28 мільярдаў грыўняў (700 мільёнаў даляраў у эквіваленце).
У студзені генэральны дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі паведаміў, што галоўным фокусам іхнай увагі застаецца Запароская АЭС і стварэньне вакол яе дэмілітарызаванай зоны. Тады ж Міжнароднае агенцтва па атамнай энэргіі (МАГАТЭ) завяршыла разьмяшчэньне сваіх сталых місій на ўсіх украінскіх атамных электрастанцыях: Ровенскай, Паўднёваўкраінскай, Хмяльніцкай, Запароскай і Чарнобыльскай, і заявіла, што яны будуць працаваць ва Ўкраіне цягам ваеннага становішча і некаторы час пасьля завяршэньня вайны, каб дапамагчы аднавіць усё, што пашкоджана ў выніку вайны і абстрэлаў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.