Міністар энэргетыкі Ўкраіны Герман Галушчанка заявіў, што ў выніку расейскіх абстрэлаў у ноч на 9 сакавіка пашкоджаныя энэргетычныя аб’екты ў сямі абласьцях Украіны, а Запароская АЭС цалкам страціла сувязь з украінскай энэргасыстэмай.
«Чарговая барбарская атака на энэргетычную інфраструктуру Ўкраіны. У выніку абстрэлаў пашкодзілі апошнюю лінію, якая забясьпечвала ЗАЭС (тэхнічнай энэргіяй для падтрыманьня сыстэм бясьпекі. — РС)», — паведаміў Герман Галушчанка.
Украінскі міністар паведаміў, што аб’екты энэргетыкі пацярпелі ў Кіеўскай, Мікалаеўскай, Харкаўскай, Запароскай, Адэскай, Днепрапятроўскай і Жытомірскай абласьцях. Паводле яго, Запароская АЭС «цяпер працуе на дызэльных генэратарах».
Пасьля 16.00 украінская кампанія «Укренерго» паведаміла, што яе адмыслоўцы аднавілі пашкоджанае расейскімі абстрэламі энэргазабесьпячэньне Запароскай АЭС. Цяпер станцыя зноў пераходзіць з генэратараў на атрыманьне тэхнічнай электраэнэргіі з Аб’яднанай энэргасыстэмы Ўкраіны.
Разам з тым вядомы ўкраінскі экспэрт у пытаньнях энэргетыкі Вольга Кашарна сьцьвярджае, што расейцы ўжо падключылі тры лініі з Энэргадару, дзе знаходзіцца Запароская АЭС, у энэргасыстэму Расеі, у тым ліку адну — непасрэдна з атамнай станцыі.
Вольга Кашарна спасылаецца на расейскі дакумэнт, які Расея накіравала ў МАГАТЭ з тлумачэньнем немагчымасьці ратацыі экспэртаў гэтай арганізацыі.
19 лютага Міністэрства замежных спраў Украіны паведаміла, што расейцы заблякавалі ратацыю экспэртаў МАГАТЭ на Запароскай АЭС.
6 лютага стала вядома, што на Запароскую АЭС прыбыў пэрсанал з расейскай Калінінскай атамнай электрастанцыі, у тым ліку інжынэры па кіраваньні рэактарамі, начальнікі зьмен, электрасьлесары і прадстаўнікі іншых атамных прафэсій.
Апошнія некалькі месяцаў кампанія «Енергоатом» увогуле не паведамляла пра сытуацыю на Запароскай АЭС. Адзінае, што гучала публічна і шматразова, — што ўсе шэсьць энэргаблёкаў Запароскай АЭС спыненыя, але сама станцыя працягвае атрымліваць з украінскай энэргасыстэмы каля 100 МВт на ўласныя патрэбы.
Тэрыторыю станцыі неаднаразова абстрэльвалі, што прыводзіла да спыненьня яе працы. Расея і Ўкраіна абвінавачвалі ў абстрэлах адна адну. МАГАТЭ заклікала Маскву вызваліць тэрыторыю станцыі і вывесьці адтуль войска.
Гэтая станцыя — найбуйнейшая атамная электрастанцыя ў Эўропе. Расейскія войскі захапілі яе неўзабаве пасьля пачатку ўварваньня ва Ўкраіну, у сакавіку 2022 году. На пачатку лістапада паведамлялася, што Запароская АЭС цалкам абясточаная пасьля расейскіх абстрэлаў.
Украіна і МАГАТЭ настойваюць, каб вакол станцыі была створаная дэмілітарызаваная зона і каб Расея вывела войскі з тэрыторыі ЗАЭС.
Украінскі бок ацаніў кошт зруйнаванай і пашкоджанай маёмасьці і інфраструктуры Запароскай АЭС у 28 мільярдаў грыўняў (700 мільёнаў даляраў у эквіваленце).
У студзені генэральны дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі паведаміў, што галоўным фокусам іхнай увагі застаецца Запароская АЭС і стварэньне вакол яе дэмілітарызаванай зоны. Тады ж Міжнароднае агенцтва па атамнай энэргіі (МАГАТЭ) завяршыла разьмяшчэньне сваіх сталых місій на ўсіх украінскіх атамных электрастанцыях: Ровенскай, Паўднёваўкраінскай, Хмяльніцкай, Запароскай і Чарнобыльскай, і заявіла, што яны будуць працаваць ва Ўкраіне цягам ваеннага становішча і некаторы час пасьля завяршэньня вайны, каб дапамагчы аднавіць усё, што пашкоджана ў выніку вайны і абстрэлаў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.