Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Будуць шукаць кітайскія аналягі». Чым беларускай эканоміцы пагражаюць санкцыі ад Паўднёвай Карэі


Сьцяг Паўднёвай Карэі
Сьцяг Паўднёвай Карэі

Паўднёвая Карэя пашырыла экспартныя санкцыі супраць Беларусі і Расеі, у сьпіс трапілі 798 таварных пазыцый. Разьбіраемся, наколькі гэта кепска для Беларусі.

Урад Паўднёвай Карэі забараніў пастаўкі ў Беларусь і Расею яшчэ 741 таварнай пазыцыі. Усяго ў сьпісе іх цяпер 798. Пад забарону на пастаўкі падпалі аўтамабілі (даражэйшыя за 50 тысяч даляраў), станкі, падшыпнікі, абсталяваньне для нафта- і газаперапрацоўкі, вырабы са сталі, некаторыя хімічныя прадукты ды іншае.

Падстава — небясьпека выкарыстаньня гэтых тавараў у ваенных мэтах.

Упершыню Паўднёвая Карэя ўвяла санкцыі супраць Расеі і Беларусі ў сакавіку 2022 году, тады пад забарону трапілі паўправаднікі і кампутарная тэхніка.

Гандаль

У 2021 годзе Беларусь прадала ў Карэю тавараў на 55,7 мільёна даляраў. Беларусь жа купіла ў Карэі тавараў на 114,6 мільёна даляраў.

У Карэі Беларусь закупляла, напрыклад, лінзы, акуляры, апараты УГД, стаматалягічныя прыборы, электронную тэхніку. Беларусь прадае ў Карэю некаторыя мэханічныя прыстасаваньні, машыны ўбіраць ураджай. У невялікіх аб’ёмах раней Карэя набывала беларускія прадукты. На пачатку свайго першага прэзыдэнцкага тэрміну Карэю наведваў Лукашэнка, гэта адбылося ў 1997 годзе.

Паўднёвая Карэя — адзін з сусьветных лідэраў у галіне разьвіцьця інавацый і тэхналёгій. З 2018 году Беларусь брала ўдзел у Праграме абмену ведамі, якую адмініструе карэйскае Міністэрства эканомікі і фінансаў. Беларускі бок разьлічваў на карэйскі досьвед у інфармацыйных тэхналёгіях і інавацыях, які пасьля можна будзе прымяніць у беларускай прамысловасьці.

«Аб’ём гандлю невялікі, але гэта не дабаўляе пазытыўнай дынамікі»

На думку экспэрткі дасьледчага цэнтру Beroc Анастасіі Лузгіной, карэйскія абмежаваньні могуць закрануць беларускую вытворчасьць, хоць аб’ем гандлю з гэтай краінай невялікі.

«Паўднёвая Карэя ня самы важны партнэр у гандлі, імпарт (зь Беларусі. — РС) у Карэі — каля 0,3% ад усяго імпарту. Тым ня менш санкцыі ад Карэі не дабаўляюць пазытыўнай дынамікі для беларускай эканомікі. Карэйская прадукцыя ішла на некаторыя прадпрыемствы. У сьпісе пад забаронай шмат пазыцый: падшыпнікі, абсталяваньне для перапрацоўкі нафты і газу. Цяпер будуць шукаць аналягі ў Кітаі. Варыянты знойдуцца, але на гэта трэба час, гэта прынясе складанасьці. Гэта вырашальныя праблемы, але яна патрабуюць дадатковых дзеяньняў», — кажа Анастасія Лузгіна.

Дасьледчыца Анастасія Лузгіна
Дасьледчыца Анастасія Лузгіна

Гіпатэтычна Карэя можа паўплываць на санкцыі іншых краін, дадае экспэртка.

«Шмат што залежыць ад санкцыйнай палітыкі ЭЗ і ЗША. Ёсьць краіны, якія бяз санкцый могуць уводзіць нейкія абмежаваньні. Пры гэтым ёсьць шэраг краін, якія ня бачаць нічога кепскага ў супрацоўніцтве. Цяпер беларускі ўрад наладжвае кантакты з Кітаем, Індыяй, краінамі Афрыкі, і ў гэтым кірунку экспарт і імпарт, наадварот, могуць вырасьці. Добры прыклад — ІТ-сэктар, на які ніхто не накладаў абмежаваньняў, але замоўнікі пачалі адмаўляцца ад супрацоўніцтва з кампаніямі зь Беларусі», — кажа Анастасія Лузгіна.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG