Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацбанк Беларусі выключыў эўра з кошыка валют. Як гэта паўплывае на кашалькі беларусаў?


Эўра
Эўра

Эўрапейская валюта ня будзе ўлічвацца ў кошыку з 12 сьнежня 2022 году.

Нацыянальны банк Беларусі вырашыў выключыць эўра з кошыка валют.

«Кіраўніцтвам Нацыянальнага банку Рэспублікі Беларусь прынята рашэньне аб выключэньні з 12 сьнежня 2022 году эўра зь пераліку валют, якія ўваходзяць у склад кошыку замежных валют, і ўсталяваньні вагаў валют пры разьліку кошту кошыка на наступных узроўнях: для расейскага рубля — 60%, даляра ЗША — 30 %, кітайскага юаня — 10%», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы Нацбанку.

У ім таксама зазначаецца, што ў 2022 годзе назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя павелічэньня аб’ёмаў зьнешняга гандлю з краінамі ЭАЭС, перш за ўсё Расеяй, а таксама КНР. Адначасова скараціўся тавараабарот з краінамі Эўразьвязу.

Выключэньне эўра з валютнага кошыку ня будзе азначаць спыненьня таргоў гэтай валютай на Беларускай валютна-фондавай біржы.

Афіцыйны курс беларускага рубля да эўра будзе ўстанаўлівацца на падставе інфармацыі аб крос-курсе эўра да даляру ЗША на міжнародных фінансавых рынках.

У пачатку сакавіка чарговым пакетам санкцый Эўразьвязу былі ўведзеныя абмежаваньні ў дачыненьні Нацбанку Беларусі. Эўразьвязам былі забароненыя апэрацыі з Цэнтральным банкам Беларусі, зьвязаныя з кіраваньнем рэзэрвамі ці актывамі, а таксама прадастаўленьне дзяржаўнага фінансаваньня для гандлю і інвэстыцый у Беларусі. Акрамя таго, Эўразьвяз тады ўвёў забарону на даваньне банкнот эўра ў Беларусь.

Трэба адзначыць, што ЗША ня ўводзілі аналягічныя санкцыі ў дачыненьні Беларусі, зьвязаныя з далярам.

Як гэта паўплывае на кашалькі беларусаў

«Свабодны продаж эўра не спыняецца. Гэтая валюта ўсё роўна будзе даступная для куплі-продажы. Курс эўра таксама будзе вызначацца кожны дзень. Так што людзі, якія проста жадаюць купіць ці прадаць валюту ў абменьніку, на сабе зьмен не адчуюць.

Цяпер у кошыку замежных валют доля расійскага рубля будзе 60%, долара — 30%, кітайскага юаня — 10%. Раней эўра займаў у кошыку валют 10%, зараз гэтая доля перайшла расейскаму рублю, гэта значыць ідзе істотны рост яго долі. Такая дынаміка зьвязана з тым, што расьце частка разьлікаў у расійскіх рублях. Пра гэта ж гаворыць і Нацбанк.

Гэта яшчэ раз пацьвярджае, што Расея становіцца ўсё больш значным гандлёвым і фінансавым партнэрам Беларусі, эканомікай, на якую мы вельмі моцна арыентуемся. Узаемасувязь беларускага і расійскага рублёў будзе захоўвацца. Гэта адбываецца перш за ўсё за кошт росту апэрацый з расійскімі рублямі ў зьнешнім гандлі і адпаведна на ўнутраным валютным рынку», — адзначыла экспэртка Анастасія Лузгіна, старэйшы навуковы супрацоўнік BEROC (Кіеў) ў інтэрвію Zerkalo42.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG