Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўская Linas Agro Group назвала сыход зь Беларусі «пасьпяховым», нягледзячы на мільённыя страты


Вывад аграхарчовай вытворча-гандлёвай кампаніі Linas Agro Group з Расеі і Беларусі, нягледзячы на страты ў 3,4 млн. эўра і не прададзеную да гэтага часу беларускую кампанію Klm пасьпяховы, лічыць фінансавы дырэктар групы, піша Delfi.

Група ўжо прадала прадпрыемства па вытворчасьці біялягічна актыўных кармавых дадаткаў «Белфідагра» ў Беларусі. Паводле фінансавага дырэктара Мажвідаса Шылейкі, цяпер робіцца спроба прадаць апошняе прадпрыемства групы ў Беларусі — кампанію па вытворчасьці селекцыйных і вэтэрынарных тавараў, прэміксаў і насеньня Klm, але пакупніка пакуль не знайшлі, бо «кампанія можа не быць асабліва прывабнай для інвэстараў».

«25 жніўня мы прадалі тры даччыныя прадпрыемствы — два ў Расеі і адно ў Беларусі, апошняе пагадненьне мы нядаўна завяршылі. Канчатковы эфэкт ад гэтых продажаў складае 3,4 млн эўра стратаў, аднак зь іх 2,8 млн эўра было ўключана ў леташнія вынікі, таму мы лічым, што страта ад гэтых продажаў складае 0,6 млн эўра», — сказаў Мажвідас Шылейка на прэзэнтацыі вынікаў Linas Agro Group у чацьвер і дадаў: «У цэлым мы лічым, што сыход з гэтых рынкаў быў дастаткова пасьпяховым».

Пасьля пачатку вайны Расеі супраць Украіны даччыныя прадпрыемствы групы «Лінас Агра» разарвалі партнэрскія адносіны з расейскімі і беларускімі прадпрыемствамі, шукаючы альтэрнатыўных пастаўшчыкоў, тавары і новыя лягістычныя маршруты.

AB Linas Agro Group — найбуйнейшая ў Балтыі група па вытворчасьці сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчаваньня. У яе ўваходзяць 72 кампаніі, агульная колькасьць пэрсаналу якіх складае 5,2 тысячы чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG