Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларускі рубель упаў усьлед за расейскім». Што далей будзе з курсам валют і ў чым захоўваць грошы


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

У Беларусі некалькі дзён запар даражэюць даляр і эўра. Разьбіраемся, што адбываецца і як захаваць грошы.

Па выніку таргоў на валютна-фондавай біржы 9 лютага зноў падаражэлі даляр і эўра. Цяпер даляр каштуе 2 рублі 76 капеек, эўра — 2 рублі 97 капеек. Даляр па выніку таргоў вырас на 1,8%, эўра — на 1,45%.

Пры гэтым расейскі рубельпатаньнеў на 0,72%, і цяпер 100 расейскіх рублёў каштуюць 3,79 рубля.

Рост адбываецца ўжо пяты дзень запар. Разьбіраемся, з чым гэта зьвязана.

Чаму падае беларускі рубель

Падзеньне беларускага рубля адносна даляра і эўра зьвязанае з новымі абмежаваньнямі, якія тычацца расейскай нафты і нафтапрадуктаў. На пачатку лютага ЭЗ увёў эмбарга на нафтапрадукты з Расеі. Таксама ЭЗ сумесна з G7 усталяваў два ўзроўні цэнаў на расейскія нафтапрадукты: адзін, у памеры $45 за барэль — на нафтапрадукты, якія прадаюцца са зьніжкай у адносінах да сырой нафты (топачны мазут, нафта); другі, $100 за барэль — на нафтапрадукты, якія прадаюцца па вышэйшай цане, чым сырая нафта (дызэль і газа). Гэта адбілася на расейскім рублі, а затым і на беларускай валюце, мяркуе экспэртка дасьледчага цэнтру Beroc Анастасія Лузгіна.

Анастасія Лузгіна
Анастасія Лузгіна

«Столь цэнаў на нафтапрадукты і эмбарга ад ЭЗ азначае скарачэньне паступленьняў ад экспарту, а таксама стымулюе рост нэгатыўных чаканьняў. Пры гэтым імпарт пачаў узнаўляцца па ўзроўні зь леташнім. Расейскія экспартэры будуць намагацца пераарыентаваць свае экспартныя патокі ў іншыя краіны. Панікі на расейскім рынку няма, але цяжкасьці ёсьць, з гэтым зьвязанае падзеньне расейскага рубля. У кароткатэрміновай пэрспэктыве мы можам пабачыць і большае падзеньне, але пасьля можа быць адкат, калі экспартэры нафтапрадуктаў змогуць прыстасавацца. Усе гэтыя ваганьні ўплываюць на беларускі рубель», — кажа Анастасія Лузгіна.

Што будзе далей

Гэта залежыць ад расейскага рынку, кажа экспэртка. Анастасія Лузгіна называе як мінімум два варыянты разьвіцьця падзей.

«Усё залежыць ад таго, наколькі хутка стабілізуецца расейскі рынак. Ён можа запаволіцца больш, чым чакалася, тады там зьменшыцца попыт на беларускія тавары. Залежнасьць беларускай эканомікі ад Расеі ўзмацняецца. Калі эканоміка Расеі хутка адаптуецца да новых умоваў, тады стабілізуецца расейскі рубель і за ім беларускі. Яны могуць нават адкаціцца ў кошце. Калі праблемы зацягнуцца, то існуюць рызыкі больш хуткага зьніжэньня курсу і расейскага, і беларускага рубля», — кажа Анастасія Лузгіна.

Што рабіць грамадзянам Беларусі

Экспэртка раіць у сытуацыі невялікіх ваганьняў не рабіць рэзкіх рухаў і адразу не перакідаць ашчаджэньні ў іншыя валюты, асабліва ў нейкую адну. Лепш дывэрсыфікаваць свае ашчаджэньні, каб яны былі ў розных валютах.

«Цяперашняе падзеньне рубля зьвязанае ня з крызісам беларускай эканомікі, гэта ўзьдзеяньне зьнешняга фактару. Калі яго ўплыў зьнікне ці зьменшыцца, то сытуацыя адкоціцца. Аптымальнае — дывэрсыфікацыя сваіх актываў. Пастаяннае перакіданьне можа прынесьці страты. Курс цяпер не фіксуецца, а залежыць ад зьнешніх і ўнутраных тэндэнцый, шэраг якіх немагчыма прадказаць. Лепш прадумаць сваю фінансавую стратэгію, скіраваную менавіта на дывэрсыфікацыю валют», — раіць Анастасія Лузгіна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG