Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў абвінаваціў Маскву ў перашкодах «зялёнаму калідору» ў Чорным моры для вывазу ўкраінскага збожжа

Востраў Зьмяіны ў Чорным моры. Ілюстрацыйнае фота
Востраў Зьмяіны ў Чорным моры. Ілюстрацыйнае фота

З боку Расеі ў Басфоры ў чарзе чакаюць больш як 140 сухагрузаў, і большая іх частка там ужо больш за месяц.

Віцэ-прэм’ер-міністар, міністар разьвіцьця грамадаў, тэрыторый і інфраструктуры Ўкраіны Аляксандар Кубракоў разам зь міністрам замежных спраў Дзьмітром Кулебам заявілі, што Расея наўмысна замаруджвае праверкі сухагрузаў у Чорным моры, каб перашкодзіць пастаўкам украінскага збожжа на замежны рынак.

«Прадстаўнікі Расеі ў складзе інспэкцыйных груп пры Супольным каардынацыйным цэнтры ў Стамбуле ўжо некалькі месяцаў запар сыстэмна затрымліваюць агляд караблёў, якія накіроўваюцца праз Басфор у або з украінскіх партоў.

У прыватнасьці, расейскія інспэктары сьвядома затрымліваюць тэрміны інспэкцый, рэгулярна патрабуюць нерэгламэнтаваную дакумэнтацыю, адмаўляюцца працаваць у працоўны час і шукаюць іншыя неабгрунтаваныя нагоды для спыненьня інспэктаваньня. Штодзень з заплянаваных 10 інспэкцый звычайна адбываецца менш за палову», — адзначаецца ў супольнай заяве украінскіх міністраў.

Паводле іх, праз такую палітыку Расеі сыстэматычна зьніжаецца аб’ём грузаў, якія перавозяцца ў рамках Чарнаморскай збожжавай ініцыятывы.

«Толькі за апошнія тры месяцы сьвет недаатрымаў 10 мільёнаў тон украінскіх прадуктаў харчаваньня, і гэтая нэгатыўная тэндэнцыя набірае абароты», — адзначылі Аляксандар Кубракоў і Дзьмітро Кулеба.

Украінскія міністры паведамілі, што з боку Расеі ў Басфоры ў чарзе чакаюць больш як 140 сухагрузаў, і большая іх частка знаходзіцца там звыш месяца.

Прадстаўнікі ўкраінскага ўраду заклікалі міжнародную супольнасьць, у тым ліку ААН і Турэччыну як гарантаў Чарнаморскай збожжавай ініцыятывы, патрабаваць ад Расеі тэрміновага спыніць штучныя перашкоды ў дзейнасьці збожжавага калідору ў Чорным моры.

Збожжавае пагадненьне падчас вайны

  • Украіна — адзін з найбуйнейшых сусьветных экспартэраў збожжа. Расея пасьля свайго ваеннага ўварваньня заблякавала дзейнасьць чарнаморскіх партоў, дзе на сярэдзіну лета 2022 году назапасіліся мільёны тон харчоў.
  • Масква сьцьвярджала, што вадаплавы са збожжам ня могуць выйсьці з прычыны ўкраінскіх мінаў у акваторыі. ААН папярэдзіла аб рызыках магчымага голаду — перш за ўсё ў бедных краінах Афрыкі і Азіі.
  • Пасьля працяглых перамоў Расея і Ўкраіна заключылі 22 ліпеня 2022 году «збожжавую дамову» пры пасярэдніцтве ААН і Турэччыны. Першы карабель з харчамі выйшаў з Адэсы летась 1 жніўня.
  • У канцы кастрычніка Расея спыніла ўдзел у гэтым пагадненьні праз атаку бесьпілётнікамі на караблі ў Севастопалі. Паводле Міністэрства абароны Расеі, пад ударам апынуліся караблі, залучаныя ў гарантаваньне бясьпекі «збожжавага калідору».
  • МЗС Расеі абвінаваціла ў атацы Ўкраіну, якой, паводле расейскай вэрсіі, дапамагалі брытанскія спэцыялісты. У Лёндане гэтыя заявы зьняпраўдзілі, а ў Кіеве заявілі, што Масква толькі шукала нагоды, каб перастаць выконваць свае абавязаньні.
  • Празь некалькі дзён Расея аднавіла дзейнасьць «збожжавага калідору», а ў лістападзе 2022 году заявілі аб падаўжэньні яго працы яшчэ на 120 дзён.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG