Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна зьняпраўдзіла наданьне Расеі дадатковых гарантый у рамках збожжавай ініцыятывы

Перавозка ўкраінскага збожжа
Перавозка ўкраінскага збожжа

Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Украіны Алег Нікаленка заявіў, што Ўкраіна не выкарыстоўвала і не плянавала выкарыстоўваць «збожжавы калідор» у ваенных мэтах.

«Ніякіх новых абавязаньняў, якія выходзілі б за межы ўжо існуючых у збожжавым пагадненьні, наша дзяржава ня брала», — заявіў Алег Нікаленка.

Прадстаўнік замежнапалітычнага ведамства Ўкраіны падкрэсьліў, што ўкраінскі бок дакладна выконвае палажэньні гэтага пагадненьня.

«Украіна ніколі не стварала небясьпекі для зерневага маршруту», — падкрэсьліў ён.

Алег Нікаленка дадаў, што Расея вярнулася да збожжавай ініцыятывы дзякуючы актыўнай дыпляматыі генэральнага сакратара ААН Гутэрыша і прэзыдэнта Турэччыны Эрдагана.

«У каардынацыі з Украінай яны знайшлі словы, якія зразумеў Пуцін. Гэта была пазыцыя сілы, а не саступак», — перакананы ён.

У сваю чаргу ў сваім штодзённым відэазвароце да ўкраінскага народу прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што Расея зьмяніла свае паводзіны.

«252 дні таму Расея патрабавала гарантыяў бясьпекі ад ЗША. Пасьля васьмі месяцаў расейскай так званай „спэцыяльнай апэрацыі“ у Крамлі патрабуюць гарантыяў бясьпекі ад Украіны. Гэта сапраўды ашаламляльныя зьмены. Гэта паказвае і тое, да якога правалу прыйшла расейская агрэсія, і тое, наколькі мы з вамі моцныя, калі захоўваем адзінства», — заявіў Зяленскі.

«Мільёны ўкраінцаў і ўкраінак, якія ваююць і працуюць дзеля нашай свабоды. І мільёны людзей па ўсім сьвеце, якія дапамагаюць нам супрацьстаяць расейскаму тэрору. Разам мы забясьпечым паражэньне дзяржавы-тэрарысткі і яе пакараньня за тэрор. І гарантуем, што ўся Ўкраіна ёсьць і будзе вольнай», — перакананы прэзыдэнт Украіны.

Другога лістапада Міністэрства абароны Расеі заявіла, што пры ўдзеле ААН і Турэччыны Расея атрымала пісьмовае абяцаньне ад Украіны не выкарыстоўваць збожжавы калідор для вядзеньня баявых дзеяньняў.

Як разьвіваўся канфлікт

  • 29 кастрычніка Расея прыпыніла свой удзел у пагадненьні аб вывазе з Украіны збожжа праз украінскія чарнаморскія парты. Гэтае рашэньне было прынята ў сувязі з атакай бесьпілётнікаў на караблі ў Севастопалі. Па вэрсіі Мінабароны Расеі, пад ударам апынуліся караблі, якія былі задзейнічаныя ў забесьпячэньні бясьпекі «збожжавага калідора». МЗС Расеі абвінаваціла ў атацы Ўкраіну, якой, паводле яго вэрсіі, дапамагалі брытанскія спэцыялісты. У Лёндане гэтыя сьцьвярджэньні зьняпраўдзілі, а ў Кіеве заявілі, што Масква толькі шукала нагоды, каб перастаць выконваць свае абавязаньні.
  • На 31 кастрычніка ААН, Турэччына і Ўкраіна ўзгаднілі рух 16 суднаў па Чорным моры, дамоўленасьці былі дасягнутыя без удзелу Расеі. Бакі таксама дамовіліся аб правядзеньні інспэкцый на 40 суднах, якія выходзяць з партоў Украіны. У СКЦ дадалі, што расейскую дэлегацыю апавясьцілі пра гэтыя пляны.
  • У гэты ж дзень Мінабароны Расеі паведаміла аб прыпыненьні руху па гуманітарным калідоры «да праясьненьня абставін украінскай атакі супраць караблёў у Севастопалі». У ведамстве дадалі, што рух суднаў па калідоры «зьяўляецца недапушчальным, бо Ўкраіна выкарыстоўвае яго для вядзеньня баявых дзеяньняў супраць Расеі».
  • Збожжавая ўгода была заключана паміж Расеяй і Ўкраінай пры пасярэдніцтве ААН і Турэччыны 22 ліпеня. Першае судна з харчаваньнем выйшла з Адэсы 1 жніўня.
  • Украіна — адзін з найбуйнейшых сусьветных экспартэраў збожжа. З прычыны расейскага ваеннага ўварваньня ў заблякаваных чарнаморскіх партах сабраліся мільёны тон харчаваньня. Кіеў абвінавачваў у гэтым Расею. Масква сьцьвярджала, што судны са збожжам ня могуць выйсьці з прычыны ўкраінскіх мін у акваторыі. ААН папярэджвала пра рызыку голаду — перш за ўсё ў бедных краінах Афрыкі і Азіі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG