Міністэрства абароны Расеі абвясьціла, што дзяржава вырашыла аднавіць удзел у чарнаморскай збожжавай ініцыятыве. Рашэньне, прынятае ў Крамлі, пацьвярджае агенцтва ТАСС.
У афіцыйнай заяве Мінабароны Расеі гаворыцца, што пры ўдзеле ААН і Турэччыны Расея атрымала пісьмовае абяцаньне ад Украіны не выкарыстоўваць збожжавы калідор для вядзеньня баявых дзеяньняў.
Украіна таксама афіцыйна запэўніла, што марскі гуманітарны калідор будзе выкарыстоўвацца толькі ў адпаведнасьці з палажэньнямі чарнаморскай ініцыятывы.
Адначасова з гэтым прэзыдэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган заявіў, што збожжавы калідор для вывазу харчоў з украінскіх партоў аднавіў працу да сярэдзіны дня серады 2 лістапада. Паводле яго слоў, аб тым, што гуманітарны калідор аднавіў працу, міністар абароны РФ Сяргей Шайгу паведаміў кіраўніку Мінабароны Турцыі Хулусі Акару.
Адмова Крамля выконваць дамову амаль не паўплывала на яе рэалізацыю. Па дадзеных Міністэрства інфраструктуры Ўкраіны, за два дні пасьля выхаду Расеі са збожжавай угоды па гуманітарным калідоры прайшлі 17 суднаў. Два зь іх накіраваліся ва ўкраінскія парты пад загрузку. За тры месяцы з моманту заключэньня пагадненьня 422 судны экспартавалі каля 10 мільёнаў тон сельскагаспадарчай прадукцыі.
Раней 1 лістапада прэзыдэнты Расеі і Турэччыны Ўладзімір Пуцін і Рэджэп Эрдаган правялі тэлефонныя перамовы. Расейскі бок сьцьвярджае, што падчас размовы Пуцін расказаў прэзыдэнту Турэччыны аб прычынах рашэньня прыпыніць збожжавую ўгоду. На думку расейскага прэзыдэнта, збожжавы калідор выкарыстоўваўся для атакі па Севастопалі ў анэксаваным Крыме, а ўкраінская сельгаспрадукцыя нібыта паступае не туды, куды меркавалася па ўмовах пагадненьня.
Пуцін сказаў Эрдагану, што Расея гатовая вярнуцца ва ўгоду пасьля расьсьледаваньня ўдару па севастопальскім порце і гарантый бясьпекі з боку Ўкраіны. Эрдаган, у сваю чаргу, па выніках размовы выказаў упэўненасьць, што ўгода можа быць адноўлена «пры дапамозе канструктыўнага падыходу».
Як разьвіваўся канфлікт
- 29 кастрычніка Расея прыпыніла свой удзел у пагадненьні аб вывазе з Украіны збожжа праз украінскія чарнаморскія парты. Гэтае рашэньне было прынята ў сувязі з атакай бесьпілётнікаў на караблі ў Севастопалі. Па вэрсіі Мінабароны Расеі, пад ударам апынуліся караблі, якія былі задзейнічаныя ў забесьпячэньні бясьпекі «збожжавага калідора». МЗС Расеі абвінаваціла ў атацы Ўкраіну, якой, паводле яго вэрсіі, дапамагалі брытанскія спэцыялісты. У Лёндане гэтыя сьцьвярджэньні зьняпраўдзілі, а ў Кіеве заявілі, што Масква толькі шукала нагоды, каб перастаць выконваць свае абавязаньні.
- На 31 кастрычніка ААН, Турэччына і Ўкраіна ўзгаднілі рух 16 суднаў па Чорным моры, дамоўленасьці былі дасягнутыя без удзелу Расеі. Бакі таксама дамовіліся аб правядзеньні інспэкцый на 40 суднах, якія выходзяць з партоў Украіны. У СКЦ дадалі, што расейскую дэлегацыю апавясьцілі пра гэтыя пляны.
- У гэты ж дзень Мінабароны Расеі паведаміла аб прыпыненьні руху па гуманітарным калідоры «да праясьненьня абставін украінскай атакі супраць караблёў у Севастопалі». У ведамстве дадалі, што рух суднаў па калідоры «зьяўляецца недапушчальным, бо Ўкраіна выкарыстоўвае яго для вядзеньня баявых дзеяньняў супраць Расеі».
- Збожжавая ўгода была заключана паміж Расеяй і Ўкраінай пры пасярэдніцтве ААН і Турэччыны 22 ліпеня. Першае судна з харчаваньнем выйшла з Адэсы 1 жніўня.
- Украіна — адзін з найбуйнейшых сусьветных экспартэраў збожжа. З прычыны расейскага ваеннага ўварваньня ў заблякаваных чарнаморскіх партах сабраліся мільёны тон харчаваньня. Кіеў абвінавачваў у гэтым Расею. Масква сьцьвярджала, што судны са збожжам ня могуць выйсьці з прычыны ўкраінскіх мін у акваторыі. ААН папярэджвала пра рызыку голаду — перш за ўсё ў бедных краінах Афрыкі і Азіі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.