Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея прыпыніла ўдзел у пагадненьні аб вывазе ўкраінскага збожжа

Расея прыпыніла свой удзел у так званай «збожжавай зьдзелцы» — пагадненьні аб вывазе з Украіны збожжа і іншых харчовых тавараў праз украінскія чарнаморскія парты. Пра гэта паведаміла міністэрства абароны Расеі.

Рашэньне было прынятая ў сувязі з атакай бесьпілётнікаў на караблі ў Севастопалі, пра якую раней у суботу паведаміў губэрнатар гораду. Паводле вэрсіі Мінабароны Расеі, атаку зазналі судны, якія былі задзейнічаныя ў забесьпячэньні бясьпекі «збожжавага калідора».

Міністэрства замежных спраў Расеі таксама апублікавала заяву аб выхадзе са «збожжавай зьдзелкі», у якой абвінаваціла Украіну ў «масіраваным удары» з дапамогай бесьпілётнікаў па караблях і інфраструктуры Чарнаморскага флёту ў Севастопалі.

«У сувязі з дзеяньнямі ўкраінскіх узброеных сіл, якімі кіравалі брытанскія спэцыялісты, расейскі бок ня можа гарантаваць бясьпеку грамадзянскіх сухагрузаў, якія ўдзельнічаюць у „чарнаморскай ініцыятыве“, і прыпыняе яе рэалізацыю з сёньняшняга дня на нявызначаны тэрмін», — гаворыцца ў паведамленьні МЗС.

Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба заклікаў усе дзяржавы запатрабаваць ад Расеі «спыніць галодныя гульні» і вярнуцца да выкананьня сваіх абавязаньняў.

«Мы папярэджвалі аб плянах РФ сарваць Чарнаморскую збожжавую ініцыятыву. Цяпер Масква паводле надуманай падставы блякуе збожжавы калідор, які забясьпечвае харчовую бясьпеку мільёнаў людзей», — напісаў Кулеба ў Твітары.

Заяву Расеі аб прыпыненьні «збожжавай зьдзелкі» пракамэнтаваў кіраўнік офісу прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак.

«Прымітыўнасьць расейскага шантажу ва ўсім. Ядзерны шантаж, энэргетычны, харчовы... выдумкі аб „бруднай бомбе“, над якімі сьмяецца ўвесь сьвет. Выдуманыя тэракты на ўласных аб’ектах... усё занадта проста і прадказальна. Агонія злачынцаў, якія ня могуць зразумець, што інфантыльнымі ультыматумамі яны нічога не даб’юцца. І што іх час падыходзіць да канца», — напісаў Ярмак у сваім тэлеграм-канале.

  • «Збожжавая зьдзелка» была заключаная паміж Расеяй і Ўкраінай пры пасярэдніцтве ААН і Турэччыны 22 ліпеня. Першае судна з харчаваньнем выйшла з Адэсы 1 жніўня.
  • 23 ліпеня ўкраінскі бок абвінаваціў Расею ў спробе падарваць дамоўленасьці аб экспарце збожжа з чарнаморскіх партоў. Гэтыя заявы былі зроблены пасьля ракетнага ўдару па тэрыторыі порта Адэсы.
  • Украіна — адзін з найбуйнейшых сусьветных экспартэраў збожжа. З прычыны расійскага ваеннага ўварваньня ў заблякіраваных чарнаморскіх партах сабраліся мільёны тон харчаваньня. Кіеў абвінавачваў у гэтым Расею. Масква сьцьвярджала, што судны са збожжам ня могуць выйсьці з прычыны ўкраінскіх мін у акваторыі. ААН папярэджвала аб рызыцы голаду — перш за ўсё ў бедных краінах Афрыкі і Азіі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG