Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомельскай вобласьці пабудуюць вайсковы гарадок і палігон


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Беларускія ўлады маюць намер пабудаваць вайсковы гарадок і палігон у Гомельскай вобласьці, па поўдні якой праходзіць мяжа з Украінай.

Пра наяўнасьць такіх плянаў сьведчыць дзяржаўная інвэстыцыйная праграма на 2023 год, указ аб зацьвярджэньні якой 11 лютага апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, заўважыла BPN.

Згодна з дакумэнтам, на праектна-пошукавыя працы для будучага будаўніцтва вайсковага гарадка сёлета з рэспубліканскага бюджэту выдзеляць 500 тысяч рублёў, а ў 2024 і 2025-ым гадах — 10 мільёнаў і 40 мільёнаў рублёў «у прагнозных цэнах» адпаведна.

На аналягічную працу, зьвязаную са збудаваньнем палігона, сёлета плянуюць накіраваць 500 тысяч рублёў, у два наступныя гады — адпаведна 10 млн і 20 млн рублёў «у прагнозных цэнах».

Згодна зь дзяржаўнай праграмай, будаўніцтва павінна пачацца ў 2023 годзе і завяршыцца ў 2027-м.

26 траўня 2022 году на нарадзе ў пытаньнях ваеннай бясьпекі Аляксандар Лукашэнка загадаў стварыць на ўкраінскім напрамку Паўднёвае апэратыўнае камандаваньне, матывуючы гэта «эскаляцыяй баявых дзеяньняў ва Ўкраіне». Начальнік дэпартамэнта міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Валерый Равенка паведаміў, што пры яго фармаваньні створаць шэраг воінскіх частак і падразьдзяленьняў.

Усё гэта адбываецца на фоне поўнамаштабнай вайны супраць Украіны, якую Расея пачала 24 лютага 2022 году.

Беларускія ўлады адмаўляюць удзел беларускага войска ў баявых дзеяньнях на баку Расеі. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка неаднаразова прызнаваў, што Беларусь удзельнічае ў «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» ва Ўкраіне, усяляк падтрымліваючы Расею, але «нікога не забіваючы». Тэрыторыя Беларусі з пачатку ўварваньня, а таксама ў асобныя пэрыяды пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскай арміяй для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG