Сёньняшняя колькасьць страт, якія цярпіць Расея падчас агрэсіі супраць Украіны, у дзясяткі разоў перавышае страты падчас савецка-афганскай вайны. Сотні целаў салдатаў застаюцца кінутымі і непахаванымі. Урокі Афганістану ў Расеі нікім не засвоеныя.
Сьмерць аднаго чалавека — трагедыя, сьмерць мільёнаў — статыстыка. І ня толькі мільёнаў, а нават тысяч і соцень.
У навагоднюю ноч ва ўкраінскай Макееўцы ў будынку нейкай былой вучэльні «Хаймарс» накрыў адразу некалькі соцень мабілізаваных расейскіх салдатаў. Украінскія ўлады сьцьвярджаюць, што ахвяраў было каля 600. Шэсьцьсот чалавек. — гэта прыкладна столькі ж, колькі словаў у гэтым тэксьце, які вы чытаеце. Адно слова — адзін чалавек, адна біяграфія. Нарадзіўся, скончыў школу, загінуў...
Такіх макеевак на гэтай вайне было ўжо дзясяткі. Гэта першая вайна, за якой можна сачыць у жывым эфіры на YouTube і ў Telegram, і ад гэтага стала жахліва абыякава бачыць і чытаць пра сьмерць.
Піцерскі сьпявак Аляксандар Разэнбаўм калісьці, у позьнесавецкі час, напісаў вельмі моцную песьню пра вайну ў Афганістане і «чорны туліпан» — самалёт, які адвозіць целы загінулых савецкіх салдатаў на пахаваньне дадому ў СССР.
У мяне з блізкіх сваякоў ніхто не ваяваў у Афганістане, але ад гэтае песьні нават у мяне да горла падступае камяк. Бо вельмі шкада людзей.
Іх і цяпер шкада.
Бо постсавецкае і найперш расейскае грамадзтва пасьля Афганістану так нічога і не зразумела.
Надпісы на шматлікіх мэмарыялах савецкіх салдатаў, якія загінулі ў Афганістане, сарамліва і патасна называюць, як савецкая прапаганда: «воінамі-інтэрнацыяналістамі», якія «выконвалі» нейкі «абавязак».
У Менску няма помнікаў слуцкім паўстанцам, Каліноўскаму і Касьцюшку. Але ў адным з найбольш прэстыжных месцаў у гістарычнам цэнтры гораду стаіць мэмарыял «Востраў сьлёз», стваральнікі якога старанна пазьбягалі рэфлексіі аб тым, чаму, навошта і, пагатоў, па чыёй віне гэтыя амаль 800 загінулых беларусаў, імёны якіх там пералічаныя, апынуліся ў Афганістане, каб сустрэць там сьмерць.
І нават у той жа згаданай вышэй песьні сьпявак Разэнбаўм (які, падобна, таксама так нічога і не зразумеў і з 2014 году зьяўляецца пэрсонай нон-грата ва Ўкраіне) называе загінулых у Афганістане «героямі». Хоць якія яны героі: на 15 тысяч загінулых савецкіх вайскоўцаў прыпалі адзін ці два мільёны (ніхто ўжо не падлічыць) загінулых ад іхных рук афганцаў, перадусім, вядома ж, мірных жыхароў.
Дваццацігадовыя савецкія хлопцы гінулі ў Гельмэндзе і Кандагары абсалютна бессэнсоўна. Іхная сьмерць не змагла ня тое што перамагчы нейкае зло ці нават прынесьці перамогу іхнай краіне, яна не зрабілася нават урокам для іхных суайчыньнікаў.
Мінула некалькі дзесяцігодзьдзяў, і дзеці і ўнукі іхнага пакаленьня цяпер паўтараюць гэты ўрок у значна больш страшнай форме. У выніку расейскага нападу на Ўкраіну загінула ўжо ў дзесяць разоў больш грамадзянаў краінаў былога СССР, чым у Афганістане.
І страшней за ўсё, што сьмерць тых 600 расейскіх салдатаў у Макееўцы ў навагоднюю ноч 2023 году для Ўкраіны і для ўсяго сьвету, які яе падтрымлівае, ёсьць добрай навіной. Бо тыя салдаты так і не пайшлі забіваць украінцаў і так і ня здолелі дапамагчы Пуціну пераламіць хаду ягонай захопніцкай злачыннай вайны.
Яны не былі ў сваёй чалавечай якасьці патрэбныя ні Крамлю, ні ўсяму астатняму сьвету. І нават час сапраўднай жалобы па іх настане толькі пасьля вайны, калі злачынная армія, за якую яны мелі ваяваць, перастане быць пагрозай сьвету.
Толькі вось многія іхныя блізкія ў сваім шчырым горы, магчыма, зноў так і не дадумаюцца абвінаваціць у іхнай сьмерці не ўкраінцаў, ня нізкую кваліфікацыю камандаваньня, якое не стварыла ўмоваў для эфэктыўнага і бясьпечнага забойства ўкраінцаў, і нават ня Пуціна — а сваю калектыўную драпежную «радзіму» зь яе пяцісотгадовымі ардынскімі рэфлексамі, зь яе нянавісьцю да свабоды (у тым ліку свабоды суседняга ўкраінскага народу) і пагардаю да «гарматнага мяса»: што за Іванам Жахлівым, што ў расейска-японскай вайне («бабы новых нарожают» — адтуль), што пад Ржэвам у 1942-м, што ў Чачэніі ў 90-я.
І нешта падказвае, што такой кранальнай песьні, як тады Разэнбаўм, пра гэтых няшчасных ужо ніхто не напіша.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.