Заходняя выведка: побач са зьнішчаным месцам дысьлякацыі расейцаў у Макееўцы здэтанавалі боепрыпасы, яны павялічылі страты

На разборы завалаў у Макееўцы пасьля ўкраінскага ўдару. 1 студзеня 2023
На разборы завалаў у Макееўцы пасьля ўкраінскага ўдару. 1 студзеня 2023

Гэты інцыдэнт сьведчыць, што непрафэсійная практыка стварае перадумовы для высокага ўзроўню стратаў у расейскім войску.

У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі мяркуюць, што вялікія страты і разбурэньні ў Макееўцы пасьля абстрэлу ўкраінскімі войскамі сьведчаць аб тым, што побач з будынкам, дзе разьмяшчаліся расейскія вайскоўцы, захоўваліся яшчэ і боепрыпасы. Яны здэтанавалі ад ўкраінскага ўдару і ўзмацнілі ягоныя наступствы.

«Будынак быў цалкам разбураны і, як пацьвердзіла Мінабароны Расеі, загінулі 89 расейскіх вайскоўцаў. Улічваючы маштабы пашкоджаньняў, існуе рэальная імавернасьць захоўваньня боепрыпасаў побач з месцам размяшчэньня войскаў. Яны здэтанавалі падчас удару і выклікалі дадатковыя выбухі», — адзначылі брытанскія выведнікі.

Паводле іх, гэты інцыдэнт сьведчыць, што непрафэсійная практыка стварае перадумовы для высокага ўзроўню стратаў у расейскім войску.

Украінскі бок паведамляў, што ў навагоднюю ноч у акупаванай Макееўцы Данецкай вобласьці загінулі некалькі сотняў расейскіх вайскоўцаў і мабілізаваных, якія знаходзіліся ў памяшканьні Політэхнічнага вучылішча № 19.

Расея спачатку прызнала гібель толькі 63 вайскоўцаў, украінскі бок заяўляў аб 500 загінулых.

У амэрыканскім Інстытуце вывучэньня вайны заявілі, што ўкраінскія сілы маглі зьнішчыць у Макееўцы Данецкай вобласьці ад 100 да 600 расейскіх вайскоўцаў.

​
XS
SM
MD
LG