Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вы абавязаны зьявіцца ў камісарыят». Пра што сьведчыць «прыхаваная мабілізацыя»


Бабруйскі вайсковы камісарыят. Ілюстрацыйнае фота
Бабруйскі вайсковы камісарыят. Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі адбываюцца працэсы, якія ў незалежных мэдыя атрымалі назву «прыхаваная мабілізацыя». Яны найперш тычацца сыстэмы ўліку вайсковаабавязаных грамадзян. Іх выклікаюць па позвах у вайсковыя камісарыяты, адбываецца праверка зьвестак, удакладняюцца адрасы, тэлефоны і інш.

Уся гэтая кампанія добра ўпісваецца ў той мілітарысцкі ажыятаж, які нагнятаецца ў Беларусі з пачаткам вайны ва Ўкраіне. Вось, напрыклад, 7–8 сьнежня праводзіцца праверка дзяржаўнай сыстэмы рэагаваньня на акты тэрарызму.

Ці ёсьць гэта падрыхтоўкай да паўнавартаснай вайны супраць Ўкраіны, якую зьбіраецца пачаць Лукашэнка?

Мяркую, найперш улады вырашаюць практычныя задачы. Ім трэба навесьці парадак ва ўліку вайсковаабавязаных. На ўсялякі выпадак. Каб не паўтарылася расейская мабілізацыйная гісторыя ў падобнай сытуацыі.

Але ня толькі. Паралельна вырашаюцца і палітычныя задачы. Для Лукашэнкі ідэальны варыянт функцыянаваньня краіны — гэта крэпасьць у аблозе. Калі вакол ворагі, то патрэбна ўвесь час трымаць у мабілізацыйнай гатоўнасьці, напружанасьці дзяржапарат, сілавыя структуры, прыхільнікаў рэжыму. І ня толькі прыхільнікаў. Лукашэнка неаднаразова казаў, што, калі існуе пагроза вайны, то трэба аб’яднацца ўсім вакол дзяржавы, улады, лідэра, незалежна ад палітычных поглядаў. У публіцыстыцы гэта называецца «аб’яднаньне вакол сьцяга».

Акрамя ўсяго іншага, вонкавая пагроза можа служыць апраўданьнем палітычнага тэрору ў вачах грамадзтва. Калі існуе небясьпека вайны, то трэба вынішчаць «пятую калёну» ў тыле. Так робяць усе дзяржавы ў стане вайны.

Ну і сыгнал Расеі. Маўляў, мы на варце, закрыем заходнюю мяжу саюзнай дзяржавы.

Што тычыцца магчымасьці ўступленьня ў вайну... Думаю, тут важная ацэнка сытуацыі з боку Ўкраіны. На мінулым тыдні сакратар украінскай Рады бясьпекі Аляксей Данілаў засьведчыў, што ня бачыць прыкметаў наступу на Ўкраіну з боку Беларусі. Шостага сьнежня кіраўнік вайсковай выведкі Ўкраіны Кірыла Буданаў заявіў, што чуткі пра напад з боку Беларусі — рэха расейскай спэцыяльнай інфармацыйнай апэрацыі. Бо на тэрыторыі Беларусі канцэнтруецца «выключна абарончая зброя, якую ў прынцыпе нельга выкарыстоўваць у наступленьні».

Мяркуючы па ўсім, беларускае грамадзтва ўспрымае ўсю гэтую кампанію ў справе сыстэматызацыі ўліку вайсковаабавязаных даволі спакойна. Паводле афіцыйных мэдыя, па позвах нібыта зьявіліся да 85 працэнтаў вайсковаабавязаных. Нейкіх масавых уцёкаў, як падчас расейскай мабілізацыі, не назіраецца. Магчыма, таму, што ўсе, хто хацеў уцячы, ужо ўцяклі ў першыя тыдні і месяцы вайны. Тады ўзьніклі вялізныя чэргі ў пашпартныя аддзелы МУС, у замежныя амбасады па візы, прапалі квіткі на авіярэйсы на тыдні наперад. Але паколькі тады беларусаў на вайну не паслалі, то ажыятаж схлынуў. І цяпер дамінуе фаталізм. Маўляў, няхай ідзе, як ідзе.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG