Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы як адзіная армія сёньня рыхтуемся» – Лукашэнка прызнаў падрыхтоўку расейскіх войскаў у Беларусі


Падрыхтоўка расейскіх войскаў на палігоне ў Беларусі
Падрыхтоўка расейскіх войскаў на палігоне ў Беларусі

Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы зь міністрам абароны РФ Сяргеем Шайгу 3 сьнежня ў Менску фактычна прызнаў, што на тэрыторыі Беларусі вядзецца падрыхтоўка расейскіх войскаў.

Ён выказаў меркаваньне, што перад гэтай сустрэчай міністар абароны РБ Віктар Хрэнін «распавёў пра сытуацыю ў Беларусі, пра падрыхтоўку, зладжваньне баявых падразьдзяленьняў Беларусі і Расеі, якія прысутнічаюць у Беларусі».

«Мушу сказаць, што мы сур'ёзна да гэтага падышлі. І нашы, і вашы афіцэры рыхтуюць хлопцаў – і беларускіх, і расіян рыхтуюць, – заявіў Лукашэнка. – Для таго, каб у выпадку неабходнасьці першыя шэрагі нашы – абаронцы Саюзнай дзяржавы – змаглі адбіць любую агрэсію з гэтай тэрыторыі. Ад аптэчак мэдычных да (я ўжо не кажу там пра абмундзіраваньне і іншае, узбраеньне – тут ніхто ня дзеліцца)… Мы як адзіная групоўка, адзіная армія сёньня рыхтуемся, усе пра гэта ведаюць навокал. Мы гэтага не хавалі, ды і ў сучасным сьвеце схаваць гэта немагчыма».

Паводле яго, менавіта такая дамоўленасьць у яго была з прэзыдэнтам РФ Уладзімірам Пуціным. «Мы ў гэтых дачыненьнях пляны выконваем», – дадаў ён.

Лукашэнка заявіў, што ён і беларускія спэцслужбы ня бачаць, каб украінскія ўлады «былі гатовыя да паўнапраўных перамоваў, па-чалавечы дамаўляцца».

«Яны бачаць, на нашую думку, як працягнуць вайну. Ну тады »спэцыяльная апэрацыя« ня спыніцца, як вы гэта лепш ведаеце», – падкрэсьліў ён.

Паводле Лукашэнкі, Беларусь і Расея «вайны не хацелі і ня хочуць».

  • Ваенна-палітычнае кіраўніцтва Ўкраіны раней заяўляла, што ў Беларусі вядзецца падрыхтоўка расейскіх вайскоўцаў, якія пасьля будуць задзейнічаныя ў агрэсіі.
  • Аляксандар Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што Беларусь удзельнічае ў «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі», усяляк падтрымліваючы Расею, але «нікога не забіваючы».
  • Улады ў Менску адмаўляюць удзел беларускай арміі ў баявых дзеяньнях на баку РФ, у той жа час тэрыторыя Беларусі з пачатку ўварваньня актыўна выкарыстоўвалася расейскай арміяй для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG