Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі сапраўды пачнецца мабілізацыя, межы Беларусі закрыюць у першую ж ноч», — тлумачэньне Шрайбмана


Арцём Шрайбман, каляж
Арцём Шрайбман, каляж

Што азначаюць мабілізацыйныя захады ў Беларусі — гэта пралёг уступленьня ў вайну, спэктакль для расейцаў, падрыхтоўка «на ўсялякі выпадак»? Што ўдалося зрабіць пераходнаму Кабінэту Ціханоўскай за першыя тры месяцы існаваньня і што можна было зрабіць за гэты час?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае палітычны аналітык Арцём Шрайбман.

Сьцісла

  • Мабілізацыйныя мерапрыемствы ў Беларусі — гэта падрыхтоўка «на ўсялякі выпадак».
  • Калі ў Беларусі будзе абвешчаная мабілізацыя, мяжу закрыюць у першую ж ноч.
  • Мэсыдж беларускай улады народу: мы ініцыятыўна не плянуем уступаць у вайну, а ўсе вайсковыя рухі — дзеля прадухіленьня пагрозаў.
  • Калі б грамадзтва рыхтавалі да непазьбежнага ўдзелу ў вайне, прапаганду вялі б інакш.
  • Расейскія войскі ў Беларусі не разьмяшчаюцца каля мяжы з Украінай; вайсковую тэхніку зь Беларусі вязуць у Расею, а не наадварот.
  • Пакуль пра атакі іранскімі дронамі зь Беларусі паведамлялі толькі ўкраінскія крыніцы.
  • Калі справакаваць удар украінцаў па расейскіх пазыцыях у Беларусі, то Лукашэнка будзе выглядаць слабаком, калі ён на гэта ніяк не адрэагуе.
  • Улада як ва Ўкраіне, гэтак і ў Беларусі не зацікаўленая ў адкрыцьці яшчэ аднаго фронту вайны.
  • У выпадку нападу Лукашэнка будзе разыгрываць карту «Ўставай, шматок зямлі!».
  • Лукашэнка — падначалены Пуціна, але ня раб.
  • Перамога дэмакратычных сілаў — сёньня гэтай «стравы» ў «мэню» няма наагул.
  • Тры кірункі дзейнасьці Кабінэту — умацаваньне адзінства дэмакратычных сілаў, дыпляматычная дзейнасьць, стварэньне баявых злучэньняў.
  • Найбольшага посьпеху за тры месяцы ўдалося дасягнуць на дыпляматычным кірунку.

— У Беларусі на працягу апошніх тыдняў прадпрымаюцца пэўныя мабілізацыйныя меры — людзей прызываюць на вайсковыя зборы, ім уклейваюць у вайсковыя білеты мабілізацыйныя прадпісаньні, нібыта ваенкаматы замаўляюць блянкі позваў на мабілізацыю.

Што азначаюць гэтыя крокі? Гэта пралёг уступленьня ў вайну, спэктакль для расейцаў, падрыхтоўка на ўсялякі выпадак? Ці гэта наагул проста рутына? Вось вас у 2021 годзе прызывалі на зборы — гэта ж не азначала вайну?

Арцём Шрайбман
Арцём Шрайбман

— Сярод варыянтаў адказу, якія вы пералічылі, ёсьць той, зь якім я згодны. Я мяркую, што гэта падрыхтоўка на ўсялякі выпадак.

З пачатку вайны беларускае кіраўніцтва інтэнсыфікавала вучэньні, прычым вучэньні мабілізацыйнай скіраванасьці. Гэта адпрацоўка не баявых навыкаў, а мэханізму прызыву і разгортваньня войскаў. Заходнія адмыслоўцы, якія сочаць за беларускім войскам, адзначаюць, што апошнія месяцы, нават яшчэ да мабілізацыі ў Расеі, беларуская армія рыхтуецца да такіх сцэнараў.

Я ня думаю, што гэта спэктакль для расейцаў. Гэта занадта незаўважна для спэктаклю. Нават нам складана інтэрпрэтаваць гэтыя сыгналы. А ў генштабе Расеі тым больш наўрад ці будуць разьбірацца, што хацеў сказаць Лукашэнка праверкай ваенкаматаў у Гомельскай вобласьці.

Гэта падобна да падрыхтоўкі да сытуацыі, калі вайна закране Беларусь і будзе непазьбежнай. Магчыма, Лукашэнка адчувае, што яго на нейкім этапе могуць прымусіць і ў гэтую вайну ўцягнуць. І мэта — каб падчас мабілізацыі беларуская дзяржаўная машына паказала сябе лепш, чым расейская.

Я, напрыклад, упэўнены, што мяжа будзе закрытая ў тую ж ноч, калі абвесьцяць мабілізацыю. Ня будзе такіх вольнасьцяў, як у Расеі, дзе зьехала больш за мільён чалавек.

Гэта выглядае як падрыхтоўка да магчымага разьвіцьця падзей. Многія праўладныя аналітыкі ў сваіх тэлеграм-каналах і інтэрвію пасьля расейскай мабілізацыі адкрыта заклікаюць рыхтаваць Беларусь да вайны на ўсялякі выпадак — рыхтаваць структуры, рыхтаваць грамадзян.

Гэта не азначае, што рэжым дакладна рыхтуецца да ўступленьня ў вайну. Я сумняюся, што гэта ёсьць у плянах і намерах, што гэта ў інтарэсах беларускай улады. Але змазваць аўтамат яны пачалі.

— У гэтым кантэксьце — што азначаюць шматлікія выступы на прадпрыемствах высокіх чыноўнікаў, у тым ліку і сілавых?

Варта адзначыць, што пасланьні ў гэтых выступах накіроўваюцца розныя. Гаворыцца, што NATO бразгае зброяй, Украіна не адстае, але, скажам, міністар абароны Віктар Хрэнін у адным з такіх выступаў заявіў, што пакуль ня бачна стварэньня ўдарных груповак ані з боку Польшчы ці Літвы, ані з боку Ўкраіны.

— Галоўнае пасланьне, зь якім сёньня беларуская ўлада выходзіць да хатняй аўдыторыі: супакойцеся, мы самі не плянуем ініцыятыўна ўступаць у гэтую вайну, і ўся гэтая нашая вайсковая падрыхтоўка, у тым ліку і разгортваньне расейскай групоўкі, — гэта дзеля прадухіленьня магчымых пагрозаў.

Лукашэнка ўсё яшчэ спрабуе гуляць у пацыфізм перад хатняй аўдыторыяй, разумеючы, што ў беларускага грамадзтва на пацыфізм кансалідаваны запыт.

І калі ён уключыць мілітарызм, калі завядзе тую ж катрынку, якую завёў Уладзімір Пуцін, гэта не атрымае станоўчага водгуку ў большасьці беларускага грамадзтва, нават сярод яго прыхільнікаў.

Вайскоўцаў накіравалі ў працоўныя калектывы, каб не было адчуваньня, што за сьпінамі людзей улада спрабуе ўцягнуць краіну ў вайну. Я ў гэтых выступах бачу ня столькі пагрозу прэвэнтыўна пайсьці граміць полк Каліноўскага, колькі тлумачэньне, што пагрозы ёсьць, але каб яны ня сталі яшчэ страшнейшымі, мы тут трэніруемся і расейцаў запрасілі.

Калі б грамадзтва рыхтавалі да ўдзелу ў вайне, які лічылі б непазьбежным, гэта рабілі б інакш. Мы б тады пачулі і зусім іншыя мэсыджы і ад самога Лукашэнкі, і ад прапаганды.

Лукашэнка б не паўтараў як заведзены, што «я нікуды не зьбіраюся накіроўваць войскі». І прапаганда, акрамя антыўкраінства, дадавала б мілітарызму, таго, у чым яна ўсё яшчэ не супадае з расейскай.

Пакуль падзеі ў Беларусі не ўкладаюцца ў лёгіку, зь якой Пуцін рыхтаваў сваё грамадзтва да вайны.

— Калі ўсё ж заўтра беларускае войска пашлюць ваяваць, вас гэта вельмі зьдзівіць? У выступах Лукашэнкі і высокіх вайскоўцаў усё ж гучыць тэма, што заўтра беларусам, можа, і давядзецца ваяваць.

— Мяне гэта зьдзівіць не таму, што я тут змадэляваў сабе карціну сьвету Лукашэнкі. Справа ў тым, што мы бачым шэраг працэсаў у вайсковай сфэры, якія скіраваныя ў іншы бок.

Расейскія войскі не разьмяшчаюцца каля ўкраінскай мяжы. Іх колькасьць у Беларусі мізэрная для любой наступальнай апэрацыі.

Вайсковую тэхніку зь Беларусі вывозяць, а не завозяць у яе. Нічога адваротнага не паведамляюць ані ўкраінская выведка, якая схільная перабольшваць, ані заходнія выведкі.

Калі гэтая падрыхтоўка адбудзецца таемна і беларуская армія зьнянацку ўступіць у вайну разам з гэтымі некалькімі тысячамі расейцаў — мяне гэта сапраўды зьдзівіць. Але калі на зямлі мы ня бачым прыкметаў падрыхтоўкі да гэтага — гэта важней за любыя нашыя спробы псыхааналізу сьвядомасьці Лукашэнкі.

— Расейскіх войскаў у Беларусі і сапраўды, здаецца, пакуль няшмат. Але ці так гэта з тэхнікай? На мінулым тыдні Вадзім Прыстайка, амбасадар Украіны ў Вялікай Брытаніі, заявіў, што іранскія дроны ў Беларусі — галоўная пагроза для Ўкраіны.

Некаторыя ўкраінскія экспэрты, якія раней казалі, што Ўкраіне ня варта наносіць удары па пазыцыях расейскіх войскаў у Беларусі, цяпер зьмянілі сваю думку.

Выглядае, што інтэнсіўнасьць і тып атакаў Украіны зь беларускай тэрыторыі сталі іншымі. Праблема іранскіх дронаў ня можа зьмяніць палітыку Кіева адносна Беларусі і прывесьці да ўдараў па месцах базаваньня гэтых бесьпілётнікаў?

— Так, гэта магчымы сцэнар. Калі верыць інфармацыі, якую агучваюць афіцыйныя прадстаўнікі Кіева. Ня трэба забываць, што Кіеў — на вайне. І часам тое, што абвяшчалі ўкраінскія дыпляматы, вайскоўцы і разьведчыкі, аказвалася не адпаведным рэчаіснасьці. На вайне як на вайне.

Тут трэба глядзець на паведамленьні заходніх разьведак і інфармацыйных групаў на зямлі, такіх як «Беларускі гаюн».

Пакуль пра атакі іранскімі дронамі зь Беларусі паведамлялі толькі ўкраінскія крыніцы. Былі паведамленьні «Беларускага гаюна», што такія чуткі неаднойчы не пацьвярджаліся.

Я не вайсковы экспэрт, але памятаю паведамленьні, што Кіеў атакавалі іранскія дроны, запушчаныя з тэрыторыі Расеі. Ім далёкасьці хапае. Ці патрэбная для гэтага расейцам беларуская тэрыторыя? Я ня ведаю. Зь Беларусі бліжэй, зразумела.

Але ў любым выпадку сытуацыя не такая, якой яна была на пачатку вайны. Тады ўкраінцы былі да пэўнай ступені разгубленыя. Зараз гэтага няма, зараз у іх зьявіўся імпэт, вера ў свае сілы, у тое, што расейскай арміі ня варта баяцца, а тым больш беларускай.

Калі абстрэлы зь беларускай тэрыторыі будуць такімі ж інтэнсіўнымі, як у лютым-сакавіку, то не выключаю, што ўкраінцы зараз адрэагуюць інакш.

Гэта магчыма, і гэта адзін з сцэнараў уцягваньня Беларусі ў вайну.

Тут ня ўсё будзе вырашаць і выбіраць Лукашэнка. Загад войскам аддасьць ён. Але я не выключаю, што ў пэўнай сытуацыі ўдзел беларускага войска ў вайне Пуціну спатрэбіцца і ён зробіць усё, каб у Лукашэнкі не засталося выбару.

Калі справакаваць удар украінцаў па расейскіх пазыцыях у Беларусі, то Лукашэнка будзе выглядаць слабаком, калі ён на гэта ніяк не адрэагуе.

Але пакуль вэрыфікаваных сьведчаньняў гэтага мы ня бачым. Калі мы выключым з раўнаньня Расею, то ані Менск, ані Кіеў не зацікаўленыя ў тым, каб сытуацыя пайшла ў гэты бок.

Мы чуем з Кіева заявы, што мы ня будзем ваяваць зь беларусамі, пакуль яны ня пойдуць ваяваць. І зь Менску гучаць такія ж заявы, калі ім можна верыць.

Аднак і там, і там гэта адлюстроўвае рэальны інтарэс. Уладныя эліты ў Беларусі і Ўкраіне не зацікаўленыя ў адкрыцьці яшчэ аднаго фронту вайны.

— Чамусьці пры абмеркаваньні магчымасьці ўступленьня беларускай арміі ў вайну адразу гаворыцца пра мабілізацыю. А чаму? Расея амаль 7 месяцаў — зь лютага па верасень — ваявала кантрактнікамі.

Калі Лукашэнку прымусяць паслаць войскі на вайну, з чаго вынікае, што адразу будзе праведзеная мабілізацыя? У Беларусі ў арміі таксама ёсьць кантрактнікі. Іх няшмат, але яны падрыхтаваныя, у высокай баявой гатоўнасьці.

— Я мяркую, што без хаця б частковай мабілізацыі яны не абыдуцца. Сёньня вядучыя вайсковыя экспэрты — амэрыканцы Майкл Кофман і Роб Лі, паляк Конрад Музыка — кажуць, што беларускія сухапутныя часткізараз укамплектаваныя горш, чым былі расейскія да пачатку вайны.

Названыя экспэрты ня вераць, што гэтыя беларускія часткі здольныя выконваць хоць якія баявыя задачы, за выключэньнем некалькіх тысячаў байцоў сіл спэцыяльных апэрацый.

Адзіны рэалістычны сцэнар уцягваньня Беларусі ў вайну — гэта не накіраваньне экспэдыцыйнага корпусу, а адказ на фэйкавыя ці рэальныя, справакаваныя ўдары з боку Ўкраіны.

Трэба будзе спачатку вынайсьці casus belli, які апраўдае ўступленьне беларускай арміі ў вайну як вайну абарончую.

Каб пераканаць хаця б частку прыхільнікаў Лукашэнкі, давядзецца шукаць важкую нагоду. Ці генэраваць, фабрыкаваць яе.

А напад легітымізуе мабілізацыю. Расейцаў адпачатку пасылалі на замежную ваенную місію. І гэтым можна было апраўдаць накіраваньне кантрактнікаў.

А ў Беларусі ў выпадку нападу Лукашэнка будзе разыгрываць карту «Вставай, страна огромная». Ну, не «огромная», але, так бы мовіць, «уставай, шматок зямлі».

Ён будзе казаць, што на нас напалі і нам усім трэба станавіцца ў шыхт.

Але гэта не выглядае для яго спрыяльным варыянтам. Я мяркую, што ён у гэтым будзе ўхіляцца калі не да апошняга, то настолькі, наколькі гэта будзе бясьпечным для яго асабіста.

Так, Пуцін мае істотны ўплыў на яго, залежнасьць Лукашэнкі павялічваецца ледзь ня кожны тыдзень. Але я б гэта параўноўваў з адносінамі начальніка і падначаленага. Начальнік вам можа загадаць шмат што. Але наўрад ці ён можа загадаць вам, каб вы адрэзалі сабе руку. Гэта ўсё ж ня тая ступень дамінаваньня.

Лукашэнка — падначалены Пуціна, але ня раб. Яго суб’ектнасьць большая, чым у расейскіх губэрнатараў. І яго воля да ўлады мацнейшая, чым у любога расейскага палітыка.

Таму сцэнар уцягваньня беларускага войска ў вайну я б не разглядаў як непазьбежны.

Пакуль усе дзеяньні Лукашэнкі ўкладаюцца ў формулу: максымальна імітаваць ваяўнічасьць, каб ня быць цалкам уцягнутым у вайну.

— Яшчэ адно пытаньне — пра ўнутраную палітыку, ці, можа, дакладней — пра эмігранцкую. Што Абʼяднаны пераходны Кабінэт на чале зь Сьвятланай Ціханоўскай зрабіў за 3 месяцы? Ён быў створаны ў жніўні, тады гаварылася, што ён бярэ сабе тэрмін у 6 месяцаў, каб дасягнуць вынікаў. Прайшла палова гэтага тэрміну. Што зьмянілася ў выніку яго стварэньня? А што можна (можна было б) зрабіць у цяперашняй сытуацыі?

— Калі мы ацэньваем працу дэмакратычных сілаў, мы часта зыходзім з таго, што калі яны пастараюцца, яны перамогуць. Гэтай стравы ў нас у мэню сёньня няма наагул.

Таму ацэньваць вынікі варта зыходзячы з той плянкі, якая была рэалістычнай. Я бачу тры кірункі, у якіх Кабінэт мог і яшчэ можа дасягнуць пэўных вынікаў.

Першае — гэта забесьпячэньне маналітнасьці, адзінства дэмакратычных сілаў, Кабінэт як інструмэнт вырашэньня ўнутрыапазыцыйных праблемаў.

Другое — Кабінэт як інструмэнт дыпляматыі, атрыманьне элемэнтаў прызнаньня, інстытуцыяналізацыя сувязяў са сьветам.

І трэцяе — гэта стварэньне баявых ці паўбаявых злучэньняў, уладкаваньне сувязяў з баявымі злучэньнямі беларусаў, якія ўжо існуюць і ваююць ва Ўкраіне.

Пойдзем па пунктах. Баявыя атрады — нешта яны стварылі, ёсьць курсы падрыхтоўкі ў межах «Паспалітага рушэньня». Але тут велізарнага прагрэсу я ня бачу, акрамя запуску самой структуры.

Я не сказаў бы, што з палком Каліноўскага ды іншымі добраахвотніцкімі злучэньнямі ва Ўкраіне за 3 месяцы наладжаныя шчыльныя сувязі. Нібыта ня надта палаяліся, нядаўна была пастаўка дронаў. Але бачны недавер, бачная канкурэнцыя за ўвагу ўкраінскіх палітыкаў.

Другі кірунак — гэта ўмацаваньне ўнутранай маналітнасьці. Фармальна яна захоўваецца, фактычна ёсьць прыкметы дэзынтэграцыі. Мы бачым, што з ByPol сышоў адзін зь яго заснавальнікаў — Алег Талерчык. Скандал з Тацянай Зарэцкай прадэманстраваў праблемы з камунікацыяй і падборам пэрсаналу. Менш значным быў інцыдэнт з расейскім пашпартам Валера Сахашчыка.

З пункту гледжаньня адзінства за тры месяцы дэмакратычныя сілы ідуць уніз у параўнаньні з вышэйшым пунктам, які быў пры ўтварэньні Кабінэту.

— Але патэнцыйны канфлікт паміж першай і другой асобамі ў дэмсілах — паміж Ціханоўскай і Латушкам — стварэньне Кабінэту, здаецца, залагодзіла.

— Дайце час. Калі нешта ня будзе атрымлівацца ў Ціханоўскай, Павал Паўлавіч будзе першым, хто скажа, што нешта ў нас не ў парадку.

Я згодны, што нейкіх выразных паразаў і расколаў няма. Дзіўна было б, калі б яны пасьпелі палаяцца за тры месяцы. Але трымацца разам будзе ўсё складаней без зразумелых і відавочных дасягненьняў.

На трэцім кірунку, дыпляматычным, пэўныя дасягненьні ёсьць. Гэты кірунак найбольш пасьпяховы. У іх ёсьць досьвед кантактаў на міжурадавым узроўні, калі кабінэт Ціханоўскай і ўрад Польшчы вялі перамовы сам-насам.

Ёсьць падыход да нейкай формы прызнаньня з боку Рады Эўропы. Можна пералічыць і шэраг іншых кантактаў, якія ладзяцца ўжо не асабіста зь Ціханоўскай і яе офісам, а як з Кабінэтам.

Мне складана ахарактарызаваць такія вынікі трохмесячнай працы Кабінэту як правал ці посьпех. Яны ідуць прыкладна па той траекторыі, якая выглядала найбольш імавернай яшчэ ў жніўні. Чаканьні былі калясальныя, а вось магчымасьцяў — няшмат.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG