На сумеснай калегіі міністэрстваў абароны Беларусі і Расеі абвінавацілі NATO ў мілітарызацыі і заявілі пра новыя вучэньні «Шчыт Саюзу-2023».
Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў аб мілітарызацыі ўсходняга флянгу NATO і анансаваў сумесныя з Расеяй вучэньні «Шчыт Саюзу-2023». Паводле яго слоў, на абедзьве краіны аказваецца «ціск і гібрыднае ўзьдзеяньне».
«Актыўна ўдасканальваецца вайсковая інфраструктура. На сумежных тэрыторыях у разы павялічана колькасьць мерапрыемстваў апэратыўнай і баявой падрыхтоўкі альянсу», — цытуе чыноўніка прэс-служба Мінабароны Беларусі.
Хрэнін паведаміў, што Менск і Масква пачалі рыхтавацца да правядзеньня сумесных апэратыўных вучэньняў «Шчыт Саюзу-2023». Гэтыя манэўры, паводле яго слоў, стануць «галоўным мерапрыемствам сумеснай падрыхтоўкі органаў вайсковага кіраваньня і войскаў [Беларусі і РФ] у наступным годзе».
Міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу заявіў, што ў Крамлі лічаць Беларусь верным саюзьнікам і надзейным партнэрам. Ён успомніў пра вайну ва Ўкраіне, а затым выказаў зьдзіўленьне тым фактам, што колькасьць групоўкі NATO ва Ўсходняй Эўропе зь лютага 2022 году вырасла ў 2,5 раза і складае больш за 30 тысяч чалавек, «а ў блізкай пэрспэктыве можа яшчэ павялічыцца».
«У такім выпадку пад ударам можа апынуцца Беларусь, таму прыярытэтнай задачай зьяўляецца гарантаваньне ваеннай бясьпекі Саюзнай дзяржавы», — заявіў Шайгу.
31 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, які ўхваляе праект пагадненьня з Расеяй аб стварэньні і функцыянаваньні вучэбна-баявых цэнтраў сумеснай падрыхтоўкі вайскоўцаў Узброеных сіл.
З 15 кастрычніка РФ перакідае ў Беларусь войскі, якія разам зь беларускім войскам утвараюць аб’яднаную рэгіянальную групоўку. Гэтую групоўку, паводле Лукашэнкі, вырашылі разгарнуць у сувязі з «абвастрэньнем на заходніх межах Саюзнай дзяржавы».
У поўнамаштабным уварваньні ва Ўкраіну на пачатку гэтага году ўдзельнічалі расейскія войскі, якія перамясьцілі ў Беларусь пад выглядам вучэньняў.