Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін апантаны вайной і будзе працягваць яе, пакуль трымае ўладу. Лукашэнку прымусяць далучыцца, — экспэрт Самарукаў


Пашкоджаны Антонаўскі мост у Херсоне, верасень 2022
Пашкоджаны Антонаўскі мост у Херсоне, верасень 2022

Экспэрт Фонду Карнэгі Максім Самарукаў тлумачыць, чаму падзеньне Херсону ня выкліча вялікага абурэньня ў расейскім грамадзтве; расказвае, чым стала Ўкраіна для Ўладзімера Пуціна; і настойвае на сваім прагнозе, што беларускія войскі возьмуць удзел у вайне.

Сьцісла:

  • Расейскае грамадзтва ня хоча думаць пра вайну, яно імкнецца максымальна ізалявацца ад яе, каб людзей не чапалі, каб яны змаглі заняцца сваім прыватным жыцьцём.
  • У выпадку наступу ўкраінцаў на Крым расейскі рэжым будзе выкарыстоўваць ядзерны шантаж значна больш актыўна.
  • Калі ўкраінцы зоймуць, напрыклад, Бярдзянск, — расейскае грамадзтва з гэтай прычыны зусім не ўзбунтуецца.
  • Стралкову загадалі заткнуцца — і ён замоўк.
  • Пуцін не пакіне Ўкраіну ў спакоі.

Крэмль ігнаруе нават свае ўласныя інтарэсы дзеля асабістай апантанасьці Пуціна. Тым больш ён ня будзе ўлічваць інтарэсы свайго «партнэра».

— Ці можна лічыць вывад расейскіх войскаў з Херсону нейкім важным палітычным і ідэалягічным ударам па Пуціну, які істотна аслабіць ягоныя аўтарытэт і пазыцыі? Такіх удараў ужо было дастаткова (вывад войскаў з-пад Кіева, Крымскі мост, мабілізацыя), — але гэта, па вялікім рахунку, радыкальна не паўплывала на рэйтынг Пуціна.

— Здача Херсону — канечне, гэта ўдар. Заваёўваецца нейкі горад, там вывешваюцца білборды «З Расеяй назаўжды», прапагандысты кажуць, што тут Расея назаўсёды — вядома, гэта ня можа ня быць ударам.

Іншая справа — ці будзе гэта мець нейкія сур’ёзныя палітычныя наступствы. І тут я нейкіх значных наступстваў ня бачу. Так, некаторыя ўра-патрыёты абураныя, называюць гэта здрадай, маўляў, «уся вайна ідзе няправільна, трэба весьці яе па-іншаму». І ў іх ёсьць мільён парадаў, як весьці яе правільна. Гэтая група людзей крытыкавала Крэмль усе 20 гадоў пуцінскага праўленьня, — на іх ніхто не зьвяртаў асаблівай увагі, хоць цяпер на тле вайны ў іх зьявілася шырэйшая аўдыторыя. Але гэта зусім не азначае, што іхны ўплыў павялічыўся.

Максім Самарукаў
Максім Самарукаў

Расейскае грамадзтва ніяк не перажывае з прычыны падзеньня Херсону. Расейцы ў свой час ніяк не рэагавалі і на захоп Херсону, не было ніякага вялікага энтузіязму з гэтай нагоды. Расейскае грамадзтва ня хоча думаць пра вайну, яно хоча максымальна ізалявацца ад яе, каб людзей не чапалі, каб яны змаглі заняцца сваім прыватным жыцьцём. Расейскія войскі адступалі ўжо шмат разоў, гэта не выклікала вялікай рэакцыі. Каб людзі былі абураныя здачай Херсону, павінен быць запыт, каб Херсон быў расейскім. Але такога запыту, па вялікім рахунку, няма.

— А што ў такім выпадку можа стаць тым пунктам, які ўсур’ёз абурыць расейскае грамадзтва? Калі ўкраінцы пачнуць адваёўваць Крым — гэта стане?

— Я думаю, такая ўзорная параза, якую немагчыма праігнараваць, — гэта калі база NATO зьявіцца недзе на ўсходзе Ўкраіны, у Харкаўскай вобласьці. Тая самая прычына, дзеля якой нібыта пачалі вайну — яна б рэалізавалася ў выніку гэтай вайны. Гэта было б узорным прыкладам паразы, узорным дасягненьнем процілеглых мэтаў.

Трэба адзначыць, што сваёй анэксіяй абласьцей Украіны Крэмль сьцёр розьніцу паміж Крымам і кантынэнтальнай часткай Украіны. Але мы па-ранейшаму бачым розьніцу ў стаўленьні да Крыму і іншых абласьцей Украіны — як у расейскім грамадзтве, так, дарэчы, і на Захадзе. Я думаю, у выпадку наступу ўкраінцаў на Крым расейскі рэжым будзе выкарыстоўваць ядзерны шантаж значна больш актыўна. Стаўкі будуць вышэйшыя — і гэта будзе ня проста ў тэлеграме Мядзьведзева, а будуць самыя сур’ёзныя намёкі, якія могуць выклікаць на Захадзе сапраўдную занепакоенасьць. Бо адказ на пытаньне, ці павінна Ўкраіна рухацца за рамкі сваіх межаў, якія былі на момант 24 лютага — не настолькі відавочны для розных краінаў Захаду.

— Вы кажаце, што расейскае грамадзтва хоча жыць спакойна і ня думаць пра вайну. Але хіба мабілізацыя не прымушае думаць пра вайну? Ці гэтыя 300 тысяч мабілізаваных ня вельмі заўважныя ў маштабах 140 мільёнаў насельніцтва?

— Мабілізацыя цягнулася некалькі тыдняў, каго ўзялі — таго ўзялі. Але потым рэзка ўсё згарнулі і сказалі: «Усё, забудзьце, можаце жыць далей як жылі». Дракону аддалі гэтыя 300 тысяч ахвяраў, ён іх атрымаў і супакоіўся. Мы бачым, што рэйтынгі даволі істотна ўпалі адразу пасьля мабілізацыі, але ў канцы кастрычніка людзі ўжо прызвычаіліся, і рэйтынгі зноў вырасьлі. Расейскія людзі самі шукаюць нагоду, каб забыць пра тое, што адбываецца. Сказала начальства, што мабілізацыя скончылася — «О, вельмі хочам у гэта паверыць», і з радасьцю зноў гатовыя рабіць выгляд, што ніякай вайны няма і працягваецца звычайнае жыцьцё.

— Дык, значыць, і далейшае прасоўваньне ўкраінскіх войскаў не прывядзе да абвалу рэйтынгу Пуціна, да нейкіх сацыяльных узрушэньняў, да палітычнага напружаньня?

— У прынцыпе, колькасьць людзей у Расеі, якая сочыць за вайной ва Ўкраіне, моцна ўпала. Большасьць не хвалюе, здалі Херсон ці не здалі. Большасьць хоча ад гэтага ізалявацца, шукае спосабы ізалявацца. І калі ўкраінцы захопяць, напрыклад, Бярдзянск — расейскае грамадзтва не ўзбунтуецца з гэтай прычыны.

— Тым часам расейскія ўлады праводзяць пэўныя чысткі ў патрыятычным лягеры. Кагосьці, як Стралкова, накіравалі на фронт, і ён маўчыць, ня піша сваіх крытычных допісаў, у кагосьці забіраюць сайт «Рэгнума». Гэта зьвязана з вайной ці гэта ўжо прэвэнтыўная зачыстка перад выбарамі 2024 году?

— Крэмль заўсёды разумеў, што крайне правы флянг можа быць небясьпечным, бо гэта такая ідэалёгія, якая можа карыстацца папулярнасьцю ў расейскім грамадзтве. Таму Крэмль заўсёды прачышчаў гэты флянг, трымаў яго пад кантролем.

Зараз там ёсьць людзі, якія разумеюць, што яны цалкам залежаць ад Пуціна. Тыя ж Кадыраў ці Прыгожын, нягледзячы на сваю ваяўнічую «ястрабіную» пазыцыю, у выпадку з Херсонам адразу зразумелі, што да чаго, і сказалі, што гэта вельмі правільнае рашэньне. Тут яны Мінабароны не крытыкавалі, бо разумелі, што гэтае рашэньне прынята Пуціным асабіста і крытыкаваць гэтае рашэньне можа быць небясьпечным.

Ёсьць і дастаткова непадкантрольныя патрыёты, як той самы Стралкоў. Але, як мы назіраем, гэтую паляну даволі лёгка зачысьціць. Стралкову сказалі заткнуцца — і ён заткнуўся. А калі нехта не разумее, то яго заткнуць іншым спосабам. Вось Стрэмавусаў раптам загінуў у ДТЗ: так атрымалася.

— Мабілізацыя радыкальна не зьмяніла сытуацыю на фронце. Ці азначае гэта, што ў любы момант можа пачацца новая мабілізацыя? Крэмль ужо не ўспрымае мабілізацыю як нешта такое, што можа прынесьці яму праблемы ва ўнутранай палітыцы?

— Па-першае, нельга сказаць, што мабілізацыя нічога не зьмяніла на фронце. Расея зараз спрабуе стабілізаваць лінію фронту там, дзе гэта магчыма. З мабілізаванымі значна прасьцей абараняцца, а не наступаць. На думку тых ваенных экспэртаў, якім я давяраю, шанцы Расеі стабілізаваць лінію фронту зараз даволі высокія. Мы ўжо ня бачым такіх маштабных адступленьняў, як былі ў жніўні — верасьні. Што да Херсону, то адпачатку было зразумела, што ўтрымаць яго будзе даволі складана і лепш вярнуцца на другі бераг Дняпра.

Так што цяперашняй мабілізацыі дастаткова, каб стабілізаваць фронт на нейкі час. Але праблема ў тым, што, як зараз ужо відавочна, гэтая вайна — асабістая апантанасьць Пуціна. І пакуль ён ва ўладзе, вайна будзе працягвацца. Яна можа працягвацца зь нейкімі паўзамі — але ён не пакіне ў спакоі Ўкраіну. Для яго гэта галоўная мэта, якая перакрывае ўсё астатняе.

Новая спроба наступу з боку Расеі непазьбежная. І для яе спатрэбіцца новая хваля мабілізацыі. І ён на гэта пойдзе, ніякіх пытаньняў і сумневаў. Пытаньне толькі ў тым, калі гэта адбудзецца.

— Калі праводзіць гістарычныя паралелі, то зараз — гэта як 1914 год: энтузіязм масаў, падтрымка вайны і ўлады на першым этапе ваенных дзеяньняў. Ці прывядзе працяг вайны да 1917-га — да паразаў на фронце, бунтаў у войску, зьніжэньня аўтарытэту ўладаў?

— Я ня бачу інструмэнтаў, як расейскае грамадзтва можа выказаць сваё сацыяльна-эканамічнае нездавальненьне, усе гэтыя інструмэнты даўно адабралі. Тое, што гэтае нездавальненьне будзе расьці, — гэта відавочна. Але як гэта можа перарасьці ў нейкія палітычныя перамены — я ня бачу такіх спосабаў. Ясна, што гэты спосаб неяк зьявіцца, бо ня можа пуцінская сыстэма існаваць вечна. Але зь цяперашняга пункту пабачыць гэта пакуль не ўяўляецца магчымым.

— У нашым апошнім інтэрвію ў верасьні вы казалі, што «Беларусь уступіць у вайну. Ня думаю, што ў Лукашэнкі ёсьць магчымасьць сказаць Крамлю цьвёрдае „не“». Але пакуль у Беларусь прыбыла вельмі мала расейскіх вайскоўцаў, што недастаткова для рэальнай атакі.

— Мой прагноз быў доўгатэрміновы, не на два месяцы. Я ня бачу прычын гэты прагноз мяняць. Для Пуціна прыярытэт заваяваньня, падпарадкаваньня Ўкраіны зацьміў усё астатняе. Калі ёсьць магчымасьць увесьці яшчэ нейкую колькасьць войскаў — чаму ён будзе ад гэтага адмаўляцца?

У Беларусі разгорнута рэгіянальная групоўка войскаў, у якой удзельнічае ў тым ліку пэўная колькасьць вайскоўцаў беларускай арміі. Рыхтуецца наступ на Ўкраіну — пытаньне ў тым, калі гэта адбудзецца. Няўжо Пуцін будзе аддзяляць беларускія войскі — толькі таму, што ён павінен асьцерагацца нейкіх унутрыпалітычных наступстваў у Беларусі?

— То бок інтарэсы беларускага партнэра ўжо не зьяўляюцца важнымі для Крамля?

— Ды Крэмль ігнаруе нават свае ўласныя інтарэсы дзеля асабістай апантанасьці Пуціна. Тым больш ён ня будзе ўлічваць інтарэсы свайго «партнэра».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG