Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейцы пры адыходзе з Херсону падарвалі некалькі мастоў, каб перашкодзіць наступу ўкраінскага войска


Від на Херсон. Ілюстрацыйнае фота
Від на Херсон. Ілюстрацыйнае фота

Дэпутат Херсонскай абласной рады Сяргей Хлань заявіў, што расейцы падарвалі пяць мастоў у Херсонскай вобласьці, каб перашкодзіць наступальнай апэрацыі ўкраінскага войска.

«Акупанты падарвалі ня толькі Дар’еўскі і Цягінскі масты, яны падарвалі мост на выезьдзе зь Сьнігуроўкі ў бок Херсону праз канал. Падарвалі мост у Новакаірах, падарвалі мост у Мілавым», — сказаў Сяргей Хлань на брыфінгу 9 лістапада.

Такім чынам, паводле яго, расейцы падарвалі ўсе пераправы ў правабярэжнай частцы Херсонскай вобласьці.

«Акупанты рыхтуюць такім чынам сабе адыход, каб затармазіць націск Узброеных сіл Украіны», — дадаў ён.

Паводле дэпутата, расейскія войскі ўжо адышлі зь некалькіх населеных пунктаў вобласьці — з Качкараўкі, Мілавога, Новакаіраў, Беражынскага, Суханава, Чырвонага Яра і Пяціхатак.

«Афіцыйнай інфармацыі яшчэ няма, але і наяўнасьці акупантаў у гэтых населеных пунктах няма», — дадаў Сяргей Хлань.

У той жа час, паводле яго, расейцы істотна ўмацоўваюць фартыфікацыйныя збудаваньні на подступах да дамбы Кахоўскай ГЭС.

3 лістапада намесьнік кіраўніка Херсонскай абласной рады Юры Сабалеўскі паведаміў, што расейцы зьнялі з будынку абласной дзяржаўнай адміністрацыі свой сьцяг, раней усталяваны акупантамі, а таксама пакінулі свае блёк-пасты ў Чарнабаеўцы, Сьцяпанаўцы і Белазёрцы Херсонскай вобласьці.

Расейскія войскі захапілі Херсон на пачатку сакавіка. 19 кастрычніка ўлады Ўкраіны паведамілі, што ў Херсонскай вобласьці ўкраінскія вайскоўцы вызвалілі 90 населеных пунктаў. Але ўкраінскі наступ крыху запаволіўся.

На гэтым тле акупацыйныя ўлады Херсонскай вобласьці 18 кастрычніка абвясьцілі аб пачатку перамяшчэньня жыхароў правабярэжжа Дняпра. Прычына, паводле іх, — наступ украінскай арміі і абстрэлы з боку Ўкраіны.

Пра магчымасьць здаць горад Херсон і ўсё правабярэжжа прадстаўнікі расейскіх уладаў адкрыта не казалі, аднак камандуючы расейскімі войскамі генэрал Сяргей Суравікін заявіў, што магчымыя «няпростыя рашэньні».

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG