Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар абароны Ўкраіны аб херсонскай апэрацыі: «Расея патэнцыйна гатовая да чарговага „акту добрай волі“»


Аляксей Рэзьнікаў
Аляксей Рэзьнікаў

Міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў заявіў, што наступ ўкраінскага войска ў Херсонскай вобласьці запаволілася ў сувязі са складанымі ўмовамі надвор’я.

«Калі рэжым дажджу „уключаюць“ нябёсы, адпаведна мы ад іх залежым. Раён Херсоншчыны аграрны, мае шмат каналаў, якія ворагі выкарыстоўваюць як траншэі, таму гэта толькі замаруджвае рух нашых войскаў. Але я аптымістычна гляджу ня толькі на херсонскую апэрацыю. Я ўвогуле абсалютна сьвядома веру ў тое, што мы завершым гэтую вайну шляхам дэакупацыі ўсіх украінскіх зямель, акупаваных з 2014 году, шляхам выхаду на прызнаныя міжнародныя межы Ўкраіны паводле стану на 1991 год», — сказаў Аляксей Рэзьнікаў на брыфінгу 4 лістапада.

Міністар абароны Ўкраіны дадаў, што ўкраінская выведка пільна адсочвае інфармацыю аб перамяшчэньнях расейскіх войскаў на поўдні і нібыта аб адводзе падразьдзяленьняў з Херсону.

«Мы ўсе чыталі гэтую інфармацыю, але, хутчэй за ўсё, гэта элемэнт інфармацыйнай спэцыяльнай псыхалягічнай апэрацыі. Мы сур’ёзна ставімся да любых афіцыйных паведамленьняў з боку наша ворага, мы іх адсочваем, але давяраем толькі зьвесткам нашай выведкі і адпаведна робім праверку», — падкрэсьліў ён.

«Звычка Расеі да „актаў добрай волі“ нам ужо добра вядомая. Так было, калі яны пакінулі тэрыторыю Кіеўскай вобласьці, Сумскай і Чарнігаўскай, дзякуючы рашучым дзеяньням сэктару бясьпекі і абароны, потым востраў Зьмяіны быў „актам добрай волі“. Таму, вядома ж, я мяркую, што патэнцыйна яны гатовыя да чарговага акту добрай волі і зь левага берагу Дняпра ў бок горада Херсон і Херсонскай вобласьці, але для гэтага ім усё роўна спатрэбіцца страціць пэўны свой патэнцыял дзякуючы дзеяньням нашых Узброеных сіл», — адзначыў Аляксей Рэзьнікаў.

Міністар абароны Ўкраіны выказаў сумневы, што Расея зможа аднавіць свой запас баявых дронаў. Паводле яго, першая партыя завезеных іранскіх бесьпілётнікаў складала 300 адзінак, але яны ўжо ўсе выкарыстаны.

«Большасьць зь іх мы навучыліся зьбіваць. Адсотак вельмі значны, але, на жаль, яшчэ ня 100 %. Адпаведна, мы ведаем, што яны падпісалі кантракты на 1,5-2,4 тысяч дронаў. Але гэта не азначае, што яны ўсе іх атрымалі. [Такую колькасьць] іранскі бок абавязаўся перадаць. Але ўлічваючы тое, што Іран пастаўляе гэтыя дроны яшчэ і іншым краінам для баявых дзеяньняў, і зараз у іх там у саміх ня вельмі, скажам так, спакойна [сытуацыя] разьвіваецца, таму маю надзею, што ня ўсе гэтыя абавязаньні іранскі бок зможа выканаць перад Расеяй», — патлумачыў міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў.

Раней замежныя і ўкраінская выведкі паведамлялі, што ў пачатку лістапада Іран плянуе перадаць Расеі балістычныя ракеты і дроны.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG