Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь уступіць у вайну. Ня думаю, што ў Лукашэнкі ёсьць магчымасьць сказаць Крамлю цьвёрдае «не», — Самарукаў


Украінскія вайскоўцы рамантуюць захоплены расейскі танк у Харкаўскай вобоасьці. 15 верасьня 2022
Украінскія вайскоўцы рамантуюць захоплены расейскі танк у Харкаўскай вобоасьці. 15 верасьня 2022

Экспэрт Фонду Карнэгі Максім Самарукаў аналізуе вынікі сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна, прагназуе, ці пашлюць беларускае войска на вайну, і заяўляе, што цяпер Лукашэнка ўжо ня можа пярэчыць Крамлю

Сьцісла:

  • У Сочы Пуцін казаў тое, што хацеў сказаць Лукашэнка, а Лукашэнка казаў тое, што хацеў, але ня мог сказаць Пуцін.
  • Лукашэнку трэба было пацьвердзіць для сваёй намэнклятуры, што ён не апынуўся ў Пуціна ў «няласцы».
  • Калі Крэмль праігнараваў палітычныя рызыкі ўнутры Расеі падчас мабілізацыі — то дзе гарантыі, што не праігнаруе іх у дачыненьні да Беларусі?
  • Калі стане зразумела, што першая хваля мабілізацыі ў Расеі нічога ня вырашыла, то ціск на Беларусь можа вельмі моцна вырасьці.
  • Раней Лукашэнку ўдавалася адхіліцца проста таму, што ад яго гэтага ніхто не патрабаваў.

— Традыцыйна няма ніякіх афіцыйных заяваў па выніках сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна ў Сочы. На гэтым фоне нават сур’ёзныя палітолягі аналізуюць «мову цела», як яны сядзелі, у якіх позах і гэтак далей. Тым ня менш, якія высновы, на вашую думку, можна зрабіць пра вынікі гэтай сустрэчы?

— Я думаю, можна аналізаваць ня толькі тое, як яны сядзелі, але і тое, што гаварылі. Пуцін казаў тое, што хацеў сказаць Лукашэнка, і Лукашэнка казаў тое, што хацеў, але ня мог сказаць Пуцін. Каб адзін аднаго не падстаўляць, яны агучвалі тое, што на самой справе хацеў сказаць іншы бок.

Максім Самарукаў
Максім Самарукаў

Пуцін казаў, што вось у Самаркандзе на саміце ШАС яму так хацелася сустрэцца з Аляксандрам Рыгоравічам, але шчыльны графік не дазволіў. Таму дзякуй Лукашэнку, што пагадзіўся прыехаць у Сочы зь ім пагаварыць. Хоць на самой справе відавочна, што сустрэчы прасіў менавіта Лукашэнка. І ён вельмі спалохаўся і напружыўся, калі не ўдалося сустрэцца з Пуціным у Самаркандзе. Лукашэнку трэба было пацьвердзіць для сваёй намэнклятуры, што ён не апынуўся ў Пуціна ў «няласцы», што яны па-ранейшаму сустракаюцца і абмяркоўваюць важныя справы.

А зь іншага боку, Лукашэнка расказваў, як паганы Захад без павагі ставіцца да такой вялікай краіны, як Расея. Па сутнасьці, уся прамова Лукашэнкі была пра тое, што хацеў сказаць Пуцін. То бок Пуцін дазволіў яму выказаць тое, што ў яго самога было на языку. І Лукашэнка, за столькі гадоў цудоўна вывучыўшы свайго калегу, здолеў агучыць тое, што Пуціну вельмі хацелася сказаць, але было нязручна, «не па чыну» — скардзіцца і плакацца. Таму Лукашэнка замест яго ўсё гэта і прамовіў.

— Атрымліваецца, што паміж імі існуе ў гэтым сэнсе такі гарманічны сымбіёз?

— У гэтым сэнсе — так. Яны гатовыя адзін аднаго прыкрываць, і ведаюць, што трэба сказаць, каб адзін аднаму спадабацца і пакінуць іншы бок задаволеным.

Лукашэнка і Пуцін у Сочы. 26 верасьня 2022
Лукашэнка і Пуцін у Сочы. 26 верасьня 2022

— Для беларускага грамадзтва зараз, відаць, самае галоўнае пытаньне — ці ўдасца Лукашэнку вырвацца з абдымкаў Крамля? Ці ўдасца па-ранейшаму ўпірацца і не аддаць беларускае войска для непасрэднага ўдзелу ў вайне?

— Я думаю, ёсьць шмат падставаў казаць, што Расея можа «пакласьці вока» і на беларускія людзкія рэсурсы. Па тым, як ідзе мабілізацыя ў Расеі, мы бачым, што гэта проста набіраньне людзей, што ніхто не разьбіраецца ў якасьці гэтых людзей і палітычных наступствах. Нікога не турбуе іхны «маральны дух», ступень вайсковай гатоўнасьці, мэдычнай падрыхтоўкі. Расейскія ўлады ўсё гэта асабліва не цікавіць, бо ім трэба адрапартаваць, колькі чалавек паставілі пад ружжо.

І калі якасьць нікога не цікавіць, то чаму б не дадаць яшчэ колькі тысяч беларусаў? Тым больш у іх ёсьць гатовае войска. Пуцін усё больш арыентуецца на колькасьць, а не якасьць. Вядома, каштоўнасьць беларускага войска ня надта вялікая, пра гэта шмат пісалі, але гэта былі рацыянальныя меркаваньні. Зараз іх стала менш, і Крэмль хоча перамагчы лічбай. І па меры таго, як стане зразумела, што першая хваля мабілізацыі ў Расеі нічога асаблівага ня вырашыла, то ціск на Беларусь у гэтым кірунку можа вельмі моцна вырасьці.

— Але калі Расея зьбіраецца мабілізаваць мільён чалавек, то навошта ёй яшчэ тыя 15 тысячаў беларускіх вайскоўцаў — тая лічба, якую экспэрты называюць баяздольнымі часткамі? Тым больш уваход беларускага войска ў вайну можа прынесьці відавочныя палітычныя праблемы Лукашэнку, невядома, як будуць рэагаваць беларускія прызыўнікі, ці ня створыць гэта палітычны крызіс.

— Мы пераканаліся, што за апошні час успрыімлівасьць да палітычных рызыкаў вельмі моцна зьменшылася. Раней мабілізацыю не абвяшчалі менавіта з прычыны палітычных рызыкаў, праз магчымае масавае нездавальненьне. Калі расейскія ўлады праігнаравалі гэтыя рызыкі ўнутры Расеі — то дзе гарантыі, што яны не праігнаруюць іх у дачыненьні да Беларусі?

Наконт баяздольных частак. Калі ў Расеі гэтая баяздольнасьць цалкам ігнаруецца і галоўная задача — набраць любых людзей, то чаму Крэмль будзе цікавіць баяздольнасьць беларускага войска? Ім галоўнае — набраць жывой сілы, і тут 60 тысяч беларускай арміі могуць якраз закрыць гэтую задачу.

— Вы кажаце пра інтарэсы Крамля. Але ж ёсьць яшчэ і інтарэсы Лукашэнкі, які разумее, што мабілізацыя і пасыланьне беларусаў на вайну будзе для яго асабіста катастрофай. То бок у яго ўжо ня будуць пытацца? Ці ён адкрыта пярэчыць ужо ня можа, але будзе даводзіць Крамлю, што гэта ні мне, ні вам ня трэба і прынясе толькі шкоду?

— Лукашэнка разумее, што калі з боку Крамля ёсьць цьвёрдая рашучасьць, то пярэчыць — гэта бессэнсоўна. Таму, калі будзе такое рашэньне Крамля, што Беларусь павінна ўзяць удзел у вайне, Лукашэнка паспрабуе «ўнесьці карэктывы», у якой колькасьці, у якой форме, — каб зьмякчыць наступствы.

Але я ня думаю, што ў яго ёсьць магчымасьць сказаць Крамлю цьвёрдае «не», цалкам адмовіцца. А вось паспрабаваць «унесьці карэктывы», удакладніць у выгадны для сябе бок, каб гэта выклікала менш абурэньня, — гэта ён можа.

— У кулюарах ААН міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей сустракаўся з рознымі заходнімі палітыкамі і, як сьцьвярджаецца, даводзіў ім, што «трэба ратаваць Лукашэнку ад Расеі». Ці можа зараз Лукашэнка нешта прапанаваць Захаду, каб той зьмяніў палітыку адносна яго?

— Я ня бачу ніякіх прыкметаў таго, што Захад можа неяк зьмяніць стаўленьне да Лукашэнкі. Там ёсьць уражаньне, што Беларусь намёртва прыкаваная да Расеі і адчапіць яе адтуль зараз немагчыма. На Захадзе няма ніякай гатоўнасьці паверыць, што Лукашэнка здольны аддаліцца ад Расеі. Ён можа вызваліць палітзьняволеных, але, акрамя каштоўнасьцяў Захаду, хацелася б пабачыць і практычныя крокі, хаця б дыстанцыянаваньне ад Расеі ў вайне.

— Дык калі ад Захаду дапамогі Лукашэнка не атрымае, у Беларусі ягоная падтрымка не павялічваецца, то ў яго няма ніякіх спосабаў адбіцца ад Расеі, на вашую думку? Чаму раней удавалася?

— Раней Лукашэнку гэта ўдавалася проста таму, што раней ад яго гэтага ніхто не патрабаваў. Якасьць кіроўных рашэньняў у Расеі імкліва дэградуе, і выкарыстоўваць рацыянальныя аргумэнты ўсё цяжэй. Калі гэта адбудзецца — я ня ведаю. Але з улікам таго, як праходзіць расейская мабілізацыя, аргумэнты, чаму б тое самае не зрабіць зь Беларусьсю, набываюць сілу.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG