Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі: «сьляпы кат» ці «пільны хірург»? Дыскусія былых дыпляматаў


Валер Кавалеўскі і Павал Мацукевіч, каляж
Валер Кавалеўскі і Павал Мацукевіч, каляж

Ці варта Аб'яднанаму пераходнаму кабінэту падтрымліваць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі? Да якіх вынікаў яны прыводзяць? Як можна дамагчыся зьменаў у Беларусі? Як вызваліць палітвязьняў?

Гэта — тэма дыскусіі на канале Свабода Premium паміж былымі дыпляматамі: прадстаўніком у замежных справах Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валерам Кавалеўскім і старшым аналітыкам Цэнтру новых ідэй Паўлам Мацукевічам.

Сьцісла

Кавалеўскі

  • Мы выбудоўваем санкцыі так, каб яны закраналі прадпрыемствы, датычныя да рэпрэсіяў і вайны.
  • Мы кажам, што трэба падтрымліваць сумленны бізнэс, ніяк не зьвязаны з Лукашэнкам.
  • Прычына паводзінаў Лукашэнкі — ня санкцыі, а страта ім легітымнасьці, страта падтрымкі беларускага народу.
  • Паводле апытаньняў, 55% беларусаў лічаць адказным за санкцыі рэжым.
  • Спробы ўлагодзіць рэжым Лукашэнкі прыводзілі да таго, што ён рабіўся больш моцным і ўстойлівым.
  • Ці згодныя палітвязьні, каб іх вызваленьне стала вынікам нейкага кампрамісу, які ўмацаваў бы ўладу Лукашэнкі?
  • Так ужо было некалькі разоў, грамадзтва рабіла высілкі, каб зрынуць рэжым, а потым у выніку кампрамісаў Лукашэнка заставаўся пры ўладзе.

Мацукевіч

  • Досьвед двух апошніх гадоў паказвае, што санкцыі калі і маюць плён, то адмоўны.
  • Менавіта санкцыі прымушаюць і дзяржаўныя, і прыватныя прадпрыемствы паварочвацца ў бок Расеі.
  • Паводле апытаньняў, 51% гараджанаў Беларусі за поўнае скасаваньне санкцыяў.
  • Я мяркую, што няма лепшай формулы палітыкі, акрамя «Зьменаў празь збліжэньне».
  • Хіба пасьля 2020 году санкцыі вызвалілі хоць аднаго палітвязьня?
  • Калі на волю выйдуць 10 чалавек і гэта дасьць Лукашэнку магчымасьць пацешыць сваю ганарлівасьць — дык калі ласка.

Дракахруст: Павал, днямі вы напісалі артыкул, у якім скрытыкавалі некаторыя аспэкты міжнароднай палітыкі Абʼяднанага пераходнага кабінэту, у прыватнасьці падтрымку санкцыяў. Вы ўжылі яскравую мэтафару для апісаньня заходніх санкцыяў супраць Беларусі — “сьляпы кат”.

Мацукевіч: Я крытыкаваў стаўку на санкцыі, якую робіць Кабінэт, лябіяваньне санкцыяў, якое практыкуе Кабінэт, сустракаючыся з замежнымі партнэрамі. Але нават досьвед апошніх двух гадоў паказвае, што санкцыі калі і маюць плён, то адмоўны. Яны робяць адмоўны ўплыў на сацыяльную сфэру, на эканоміку, на рост эміграцыі.

Хваля эміграцыі выкліканая пераважна эканамічнымі прычынамі. Немэтазгодна і з палітычнага гледзішча рабіць стаўку на санкцыі. Гэта адштурхне беларусаў ад Кабінэту, будзе выкарыстоўвацца апанэнтамі для яго дыскрэдытацыі.

Санкцыі ўводзілі за рознае — і за палітычныя рэпрэсіі, і за дзеяньні беларускіх уладаў на міжнароднай арэне: за міграцыйны крызіс, за саўдзел у агрэсіі Расеі супраць Украіны. Пры ўвядзеньні санкцыяў выстаўлялі канкрэтныя патрабаваньні. Але ў выніку ўжываньня санкцыяў ніякіх зрухаў у выкананьні гэтых патрабаваньняў не было.

І ёсьць адна вялікая прычына, чаму так адбываецца, — гэта Расея. Расея дапамагае беларускай эканоміцы спраўляцца з санкцыямі, пакрываючы ўсе санкцыйныя рызыкі. Аднак у гэтага пакрыцьця ёсьць вялікая цана — незалежнасьць. У выніку пазыцыі Крамля ў Беларусі вельмі ўзмацніліся. Беларускі экспарт замыкаецца на Расею, беларускі гандаль з трэцімі краінамі трапіў у залежнасьць ад беларуска-расейскіх адносінаў.

Мне дзіўна чуць, калі Абʼяднаны пераходны кабінэт асацыюе вялікія дзяржаўныя прадпрыемствы з рэжымам. Сэктаральныя санкцыі — гэта ўдар ня толькі па дзяржаўных, але і па прыватных прадпрыемствах. Менавіта санкцыі прымушаюць і дзяржаўныя, і прыватныя прадпрыемствы паварочвацца ў бок Расеі. Наступстваў санкцыяў шмат, але ўсе яны зьвязаныя са стратай незалежнасьці, з падвышэньнем залежнасьці ад Расеі, а не са зьменай паводзінаў рэжыму, не з вырашэньнем тых праблемаў, дзеля вырашэньня якіх санкцыі ўводзіліся.

Дракахруст: Валер, мэтафары Паўла наконт санкцыяў як “сьляпога кáта” можна супрацьпаставіць ня менш яскравую мэтафару: санкцыі — гэта пільны хірург-выратавальнік. Дакажыце, што гэта так.

Кавалеўскі: Мы выбудоўваем санкцыі так, каб яны закраналі дзяржаўныя прадпрыемствы, якія ў найбольшай ступені спрычыніліся да рэпрэсіяў, альбо тыя, якія маюць дачыненьне да вайны. Санкцыі таксама скіраваныя на асобаў, якія падтрымліваюць Лукашэнку і маюць ад яго значныя прэфэрэнцыі, што дазваляе ім выбудоўваць манапалістычны бізнэс.

Пры гэтым мы адзначаем, што трэба падтрымліваць прыватны бізнэс, ня трэба закранаць інтарэсы сумленнага, самастойнага прыватнага бізнэсу, ніяк не зьвязанага з Лукашэнкам. Сьлепаты тут няма, мы ацэньваем сытуацыю з адкрытымі вачыма і заклікаем, каб не закраналіся інтарэсы здаровага бізнэсу ў Беларусі.

Мне было дзіўна пачуць ад Паўла, што эміграцыя зь Беларусі выкліканая санкцыямі ці пагаршэньнем эканамічнага становішча. Наколькі мне вядома, пераважная большасьць тых, хто выехаў зь Беларусі за апошнія два гады, выехалі ў выніку рэпрэсіяў. Зараз яны ўцякаюць ад вайны, у якую Беларусь уцягнуў Лукашэнка. Эміграцыя з эканамічных матываў існуе заўсёды, але я ня зьвязваў бы цяперашнія міграцыйныя працэсы ў Беларусі менавіта з гэтым чыньнікам.

Я таксама ня згодны з тэзай, што пазыцыі РФ у Беларусі ўзмацніліся ў выніку санкцыяў. Прычына гэтага — адсутнасьць легітымнасьці Лукашэнкі ў краіне. Страта падтрымкі з боку народу вымушае яго шукаць падтрымкі ў Расеі. Зь верасьня 2020 году, калі Лукашэнка прыпоўз на каленях да Пуціна, мы бачым, як ён імкліва здае сувэрэнітэт Беларусі. І гэта адбывалася яшчэ да ўвядзеньня санкцыяў супраць рэжыму. Саступкі Лукашэнкі Расеі маюць палітычны і пэрсанальны складнік. Матывам усіх гэтых саступак было яго жаданьне захаваць сваю ўладу над Беларусьсю.

Істотныя, адчувальныя санкцыі былі ўведзеныя толькі ў чэрвені 2021 году, у адказ на захоп самалёту Ryanair. Наступны пакет быў адказам на міграцыйны крызіс у канцы 2021 году. Як саступкі Лукашэнкі Крамлю могуць тлумачыцца санкцыямі, уведзенымі значна пазьней?

Яшчэ адна тэза Паўла — што санкцыі не дасягаюць мэтаў, дзеля якіх уводзіліся. Эўрапейскія авіякампаніі не лятаюць у Беларусь і празь Беларусь. Ну дык рэжым не выконвае правілаў Міжнароднай арганізацыі цывільнай авіяцыі ў бясьпецы міжнародных рэйсаў. Я не магу папракаць іншаземцаў за тое, што яны не накіроўваюць свае самалёты туды, дзе іх могуць захапіць. І авіясанкцыяў ні ў якой ступені не ініцыявалі дэмакратычныя сілы. Гэтыя санкцыі былі адказам міжнароднай супольнасьці, канстатацыяй, што палёты ў Беларусь і празь Беларусь сталі небясьпечнымі.

Паводле апытаньняў, 55% беларусаў называюць адказным за ўвод санкцыяў рэжым, і толькі 11% лічаць адказнымі за гэта дэмакратычныя сілы ці краіны Захаду. Я мяркую, што будуць узмацняцца санкцыі за ўдзел у вайне. Зараз у Канадзе прыняты новы пакет вельмі жорсткіх санкцыяў.

Мацукевіч: У канцы жніўня Chatham House рабіў чарговае апытаньне беларускіх гараджанаў. І там 51% апытаных выказаліся за поўнае скасаваньне санкцыяў. Калі мы паглядзім на думкі пратэставага электарату, якія вывучае «Народнае апытаньне», дык гэты электарат падтрымлівае кропкавыя, а не сэктаральныя, не эканамічныя санкцыі.

Пры гэтым нават пратэставы электарат ня зьвязвае з санкцыямі разьвязаньне ніякіх праблемаў — ні вызваленьне палітвязьняў, ні магчымы дыялёг паміж Ціханоўскай і Лукашэнкам.

ЭЗ і ЗША маюць права ўводзіць санкцыі, гэта інструмэнт рэакцыі. Не рэагаваць на тое, што робіць беларускі рэжым, было б складана. Але не выпадае зьвязваць з санкцыямі вырашэньне пэўных пытаньняў — вызваленьне палітвязьняў і г.д.

Дракахруст: Але ўспомнім нашу найноўшую гісторыю. Былі ў сярэдзіне нулявых гадоў уведзеныя санкцыі супраць Беларусі — у 2008 годзе палітвязьняў вызвалілі. Былі ўведзеныя санкцыі за рэпрэсіі пасьля Плошчы-2010 — у 2015 годзе ўсе палітвязьні выйшлі на волю.

Мне праваабаронцы распавядалі, што ў 2015 годзе да іх зьвярталіся з МУС: «Каго вы там лічыце палітвязьнямі? Дайце поўныя зьвесткі, каб мы вызвалілі дакладна ўсіх».

Хіба гэта не было вынікам санкцыяў?

Мацукевіч: У рэжыму была свая лёгіка: калі ісьці насустрач, калі саступаць. Можна меркаваць, што санкцыі зараз спрыяюць таму, што рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца. Але я так ня думаю, тут няма наўпроставай сувязі.

Для рэжыму рэпрэсіі — гэта форма дыялёгу з грамадзтвам. Рэпрэсіі эфэктыўныя, пратэставая актыўнасьць упала. І рэжым будзе працягваць рэпрэсіі. Плюс да таго працягваецца вайна. Сытуацыя зусім іншая, чым у 2008 і 2015 гадах.

Спроба пакараць рэжым праз сэктаральныя санкцыі выклікае ў мяне зьдзіўленьне. Сэктаральныя — гэта значыць усеабдымныя. Я прывяду прыклад «Магілёўдрэву». Да гэтага году яго экспарт ішоў пераважна ў ЭЗ. Пасьля таго як дрэваперапрацоўка трапіла пад санкцыі, увесь партфэль экспартных замоваў перамясьціўся ў Расею. Гэта ж не Лукашэнка загадаў «Магілёўдрэву» прадаваць не ў ЭЗ, а ў Расею.

І гэта ж тычыцца ўсіх прадпрыемстваў галіны — і дзяржаўных, і прыватных. І сытуацыя ў дрэваапрацоўцы крытычная.

Дракахруст: Валер, вось навіна гэтага тыдня. Чытаю яе загаловак у нас на сайце: «Міністэрства эканомікі: Беларусь можа страціць 20 млрд даляраў у выніку санкцыяў Эўразьвязу». Ці ўсе гэтыя 20 мільярдаў даляраў, якія страціць беларуская эканоміка — гэта грошы Лукашэнкі і яго «кашалькоў»? А колькі — вось такіх «Магілёўдрэваў»? Ці і «Магілёўдрэў» — гэта таксама «кашалёк Лукашэнкі»?

Кавалеўскі: Я ня ведаю, як падлічвалі гэтыя страты. Але што да дрэваапрацоўкі, то я не пагаджуся з тэзай, што санкцыі закранулі ўсю галіну. Я ведаю прадпрыемствы ў Беларусі, якія робяць прадукцыю для рынку ЭЗ і працягваюць яе туды пастаўляць. Там па 500 чалавек працуе. І калі мы размаўляем з нашымі эўрапейскімі партнэрамі, мы кажам, што менавіта такія прадпрыемствы мы хацелі б абараніць. Бо гэта сумленны бізнэс. Санкцыі, якія закранулі гэтае канкрэтнае прадпрыемства ў Магілёве, не закранулі ўсю галіну.

Дракахруст: Павал, мы бачым зараз велізарны, кардынальны паварот палітыкі Нямеччыны ў адносінах з Расеяй. Да апошняга часу яна збольшага была ў рэчышчы «ўсходняй палітыкі», закладзенай у канцы 1960-х Вілі Брантам. Прынцыпам гэтай палітыкі былі «Зьмены празь збліжэньне».

Зараз у Бэрліне кажуць пра адмову ад палітыкі апошніх больш чым 50 гадоў, пра тое, тым, што Расея цяпер для Нямеччыны — пагроза і праціўнік. Шмат гадоў Нямеччына вяла стасоўна СССР і Расеі менавіта тую палітыку, за якую вы, Павал, зараз выступаеце адносна Беларусі. Зараз мы бачым яе фінал.

Нармалізацыя стасункаў з афіцыйным Менскам двойчы — у 2010-м і 2020-м — сканчалася маштабнымі рэпрэсіямі. І мы бачым, як немцы зараз пераасэнсоўваюць сваю лагодную палітыку адносна Расеі.

Мацукевіч: Калі б ня гэтыя дзьве лібэралізацыі — 2008–2010 і 2015–2020, дык у 2020 годзе нічога б не адбылося. Калі б Беларусь увесь час існавала ў тым рэпрэсіўным рэжыме, у якім існуе зараз, ніякіх пратэстаў у 2020 годзе не было б. Сэнс палітыкі павінен палягаць у тым, каб рэжым зьмякчыўся, палагаднеў. Бо інакш ніякіх шанцаў на зьмены ў беларускага народу няма.

А што тычыцца палітыкі «Зьменаў праз збліжэньне» — я ня думаю, што ёсьць нейкая лепшая формула. Гэта як дэмакратыя — яна мае свае хібы, але нічога лепшага ніхто не прыдумаў. Зараз гэтую формулу актыўна крытыкуюць у Нямеччыне. Яно зразумела: ідзе вайна. Ніхто ж ня думаў, што да гэтага дойдзе.

Дракахруст: А можа, трэба было думаць?

Мацукевіч: Можа. Але трэба глядзець у будучыню. І мяркую, што ад гэтай формулы так ці інакш не адысьці. Прынамсі, што да адносінаў з такімі краінамі, як Беларусь, якія ня маюць геапалітычных амбіцыяў, — гэта цалкам працоўная схема.

Якая альтэрнатыва? Санкцыі? У мяне ўражаньне, што пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне, пасьля 24 лютага, ЭЗ і ЗША страцілі інтарэс да беларускага пытаньня.

А санкцыі супраць Беларусі маюць характар пакараньня за тое, што яна не на тым баку. Але як гэта ўплывае на вырашэньне беларускіх пытаньняў? Кабінэт выступае за працяг ціску. Аднак хіба пасьля 2020 году санкцыі вызвалілі хоць аднаго чалавека з беларускай турмы?

А кантакты з рэжымам дазволілі вызваліць некалькі чалавек. Прычым не здымаючы санкцыяў. Кабінэт сваімі дзеяньнямі сам разбурае магчымасьці для пратэстаў у Беларусі.

Санкцыі разбурылі каналы камунікацыі з чыноўнікамі. Ідэя расколу элітаў — як яна будзе рэалізоўвацца ў цяперашніх умовах? Няма ані стажаў, ані дзелавых радаў, ані пасяджэньняў рабочых групаў дыпляматаў Беларусі і Захаду. А гэта быў важны канал камунікацыі.

Дракахруст: Валер, я прывяду думку яшчэ аднаго, завочнага, удзельніка вашай дыскусіі. «Санкцыі не зьмянілі паводзінаў рэжыму Лукашэнкі», — днямі такую заяву зрабіў Алесь Аляхновіч, прадстаўнік Ціханоўскай у пытаньнях эканамічнай рэформы. Ён мае рацыю?

Кавалеўскі: Санкцыі працуюць. Аляхновіч не сказаў, што яны не працуюць. Паводзіны Лукашэнкі, сапраўды, не зьмяніліся. Але яго паводзіны вызначаюцца тым, што беларускі народ не прымае яго як кіраўніка краіны. Менавіта гэта яго злуе, менавіта за гэта ён хоча адпомсьціць кожнаму і ўсім.

У 2020 годзе, у разгар пратэстаў, я казаў сам сабе, што калі мы не пераможам, то Лукашэнка прыйдзе да кожнага і кожнаму адпомсьціць. Таму давайце рабіць правільныя лягічныя ланцужкі — паводзіны Лукашэнкі вызначаюцца ня санкцыямі, а нежаданьнем прымаць яго як прэзыдэнта краіны.

Ціск на Лукашэнку складаецца ня толькі з санкцыяў. Ёсьць яшчэ і дыпляматычны ціск, ёсьць мэханізмы прыцягненьня да міжнароднай юрыдычнай адказнасьці, ёсьць збор зьвестак аб парушэньнях правоў чалавека. Мы гэта робім і гэта таксама нэрвуе Лукашэнку. Ці павінны мы і ад гэтага адмаўляцца? Ці павінны мы адмовіцца ад ідэі люстрацыі?

Я ня згодны з тым, што замежныя стажы — гарантаваны шлях да нармальнасьці. Ведаю пэўных беларускіх дыпляматаў, якія ледзь не палову жыцьця правялі на службе ў заходніх краінах. Але пры гэтым яны гатовыя задушыцца за Лукашэнку. І задушыць за яго палову беларускага народу.

Я, калі працаваў у МЗС Беларусі, на стажы ня езьдзіў. І гэта мяне не ўтрымала на баку сыстэмы, калі дыктатура ў Беларусі рабілася надта відавочнай.

Спробы «нармалізаваць» рэжым, «ачалавечыць» Лукашэнку прыводзілі да таго, што ён рабіўся ўсё больш жорсткім і ўстойлівым. Калі б жорсткі падыход выкарыстоўваўся, скажам, з 2001 году, калі рэжым быў мякчэйшым, то Лукашэнку зрынулі б значна раней. Тады Захад ішоў на ўгоды з Лукашэнкам, не зважаючы на беларусаў. І гэтыя ўгоды рабілі яго мацнейшым. Захад мог такім чынам задавольваць свае інтарэсы, але з нацыянальнымі інтарэсамі Беларусі гэта не стасавалася.

Дракахруст: Павал, ці ня лічыце вы, што мяккая палітыка Захаду што да Беларусі дэмаралізуе Захад і натхняе беларускі рэжым? Калі Лукашэнку паціскаюць руку, калі прапаноўваюць нейкія «пернікі», хіба гэта ня ўпэўнівае яго ў сваёй рацыі: «Дык я ж казаў, што яны там усе «безь яец», што яны здадуцца, пойдуць мне насустрач, і бачыце — пайшлі ж. Я магу нават некага і вызваліць. Мая воля, я тут гаспадар. І яны, заходнікі, прызналі, што я тут гаспадар».

Хіба гэта не дэмаралізуе людзей — і на Захадзе, і ў Беларусі?

Мацукевіч: Я выступаю за тое, каб вырашаліся праблемы, якія стаяць перад Беларусьсю. Калі на волю выйдуць 10 чалавек і гэта дасьць магчымасьць Лукашэнку казаць нешта ў тым стылі, які вы, Юры, зымітавалі, калі ён пацешыць сваю ганарлівасьць, — дык калі ласка. Бо іншае ніяк не набліжае нас да вырашэньня праблемаў.

Зараз, агулам кажучы, дзьве праблемы — спыненьне рэпрэсіяў і вызваленьне палітвязьняў. І камунікацыя з Лукашэнкам — невялікая цана за тое, каб іх вырашыць.

Які сэнс гаварыць аб люстрацыі? Спачатку прыйдзіце да ўлады, а потым вырашайце, каго люстраваць, а каго не, і ці наагул варта гэта рабіць.

Я не ідэалізую стажы беларускіх чыноўнікаў за мяжой. Я кажу толькі, што гэта былі каналы камунікацыі. Яны ж патрэбныя.

Вось Кабінэт задумаўся аб стварэньні кадравага рэзэрву новай Беларусі. А з каго вы зьбіраецеся яго фармаваць? Адкінуць усю існую «вэртыкаль»? Дык, напэўна, ня знойдзецца столькі людзей.

Я згодны, Качанаву можна хоць у кругасьветнае падарожжа адправіць — на яе погляды гэта ніяк не паўплывае. Але большасьць дыпляматаў, якія сышлі з МЗС у 2020 годзе, раней якраз езьдзілі на стажы.

Дракахруст: Былі два выпадкі, калі палітвязьні былі вызваленыя. Гэта Віталь Шкляраў і Натальля Хершэ. Абодва былі вызваленыя дзякуючы кантактам заходняй дыпляматыі з рэжымам. Наконт Шклярава дзяржаўны сакратар ЗША Пампэо тэлефанаваў Лукашэнку. Сёлета новая амбасадарка Швайцарыі ўручыла Лукашэнку даверчыя граматы, і грамадзянка Швайцарыі Хершэ выйшла на волю.

Выглядае, што і наконт сёлетняй амністыі быў нейкі дыялёг з Захадам. Лукашэнка, улады прапанавалі вызваленьне часткі палітвязьняў. Захад адказаў, што прапанаваныя крокі недастатковыя, ці што не гатовы даць тое, чаго рэжым прасіў у абмен на вызваленьне. У выніку палітвязьні пад амністыю ня трапілі.

Валер, гэта і сапраўды дылема закладніцтва. А як яе вырашаць?

Кавалеўскі: Тое, што толькі два падобныя прыклады былі за два з паловай гады. — гэта ж таксама пэўны паказьнік. На сёньня колькасьць прызнаных праваабаронцамі палітвязьняў дасягнула лічбы амаль у 1500 чалавек. І яшчэ тысячы людзей зьняволеныя паводле палітычных матываў. Зразумела, гэта трагедыя, зразумела, мы б хацелі, каб усе гэтыя людзі былі вызваленыя і рэабілітаваныя, бо ніхто з гэтых людзей не рабіў ніякіх злачынстваў. Адзін зь іх — гэта муж Сьвятланы Ціханоўскай Сяргей.

Мы тут павінны ўлічваць пазыцыю саміх палітвязьняў — ці згодныя яны, каб іх вызваленьне стала вынікам нейкага кампрамісу, які ўмацаваў бы ўладу Лукашэнкі. Беларускае грамадзтва перайшло ў стан супрацьстаяньня рэжыму, дыктатуры. Многія зададуць пытаньне: дзеля чаго прынесеныя велізарныя ахвяры, калі Лукашэнка зноў будзе прызнаны, калі дыпляматаў будуць ізноў накіроўваць на стажы і дзелавыя рады, калі ізноў пацякуць інвэстыцыі?

Гэта ўжо было некалькі разоў. Грамадзтва прыкладала высілкі, каб пазбавіцца ад гэтай пухліны, а потым у выніку кампрамісаў і ўгодаў Лукашэнка зноў аказваўся на вяршыні. Ці можам мы адмовіцца ад усяго, што было зроблена, каб фактычна задаволіць амбіцыі Лукашэнкі?

Тут варта ўлічваць і глябальны кантэкст. Лукашэнка сёньня ўжо ня проста парушальнік правоў чалавека ў Беларусі, ён стаў і здраднікам беларускай дзяржаўнасьці. І патураць яму ў гэтым, аслабляць ціск на яго ў гэтай сытуацыі недальнабачна. Гэтага чалавека трэба выводзіць з палітычнай арэны назаўсёды.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG