Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Восень дыктатара. Як Лукашэнка будзе ратаваць свой рэжым ад непазьбежных перамен


Як Лукашэнка паспрабуе захаваць сваю дыктатуру ва ўмовах, калі ў Расеі будуць адбывацца кардынальныя зьмены? Што чакае беларусаў пасьля вайны?

Абрысы пасьляваеннай Беларусі крэсьляць сёньня не на геаграфічнай мапе, а ўжо на мясцовасьці — бульдозэры і экскаватары ў Валынскай, Ровенскай і Жытомірскай вобласьцях на поўначы Ўкраіны. Капаюць ірвы, узводзяць насыпы, будуюць высокія бэтонныя агароджы з калючым дротам наверсе.

Нешта падобнае ўжо зрабілі ці працягваюць рабіць на захадзе і поўначы іншыя суседзі Беларусі — Польшча, Літва і Латвія.

Украінска-беларуская мяжа, аднак, будзе выглядаць куды больш пагрозьліва і непрыступна. Апроч бэтоннай сьцяны тут — ужо гатовыя ў многіх месцах мінныя палі, абсталяваныя вайскова-інжынэрныя збудаваньні, пасты аховы, узарваныя масты і разбураныя дарогі... Украінскія ўлады не хаваюць: робіцца гэта ня столькі і ня толькі перад пагрозай магчымага новага ўварваньня з тэрыторыі Беларусі. Сьцяна ўзводзіцца галоўным чынам у разьліку на будучыню, калі, кажучы словамі кіраўніка Рады бясьпекі Ўкраіны Аляксея Данілава, у Расеі і Беларусі «можа пачацца такое, што мала хто можа сабе ўявіць».

На поўнач ад 38-й паралелі

Што гэта нагадвае? Найбольш — мяжу на Карэйскай паўвысьпе, славутую 38-ю паралель. Строга кажучы, мяжою там яна не называецца. Гэта дэмаркацыйная лінія паміж дзьвюма Карэямі, афіцыйна зафіксаваная 27 ліпеня 1953 году ў выніку замірэньня пасьля кровапралітнай Карэйскай вайны 1950–1953 гадоў. Але ў рэальнасьці гэта больш чым мяжа... Дэмілітарызаваная зона шырынёй 4 км працягнулася праз усю паўвыспу, з усходу на захад, на 241 км. Замінаваныя падыходы, бэтонныя агароджы, пасты назіраньня і аховы. Амаль дакладна тое, што ўзводзіцца сёньня на беларуска-украінскай мяжы.

На поўнач ад 38-й паралелі — дыктатура незьмяняльнай дынастыі камуністычных імпэратараў Кімаў: натоўпы паўгалодных будаўнікоў карэйскага сацыялізму; бронзавыя статуі правадыроў; аднолькавыя шэрагі аднолькава апранутых людзей са значкамі з партрэтамі дыктатара на штрыфлях; працоўныя лягеры для перавыхаваньня іншадумцаў; нармаваная выдача прадуктаў і прамысловых тавараў; поўная міжнародная ізаляцыя і амаль цалкам забаронены інтэрнэт.

Паўночная Карэя
Паўночная Карэя

На поўдзень ад 38-й паралелі — адна з самых пасьпяховых эканомік сьвету. Краіна, плошча якой удвая меншая за плошчу Беларусі, уваходзіць у дзясятку найбуйнейшых эканомік плянэты, апярэджваючы Расею. Сярэдні заробак — каля трох з паловай тысяч даляраў на месяц. Карэйскія аўтамабілі, тэлевізары, побытавая тэхніка вядомыя ўва ўсім сьвеце.

У гэта цяжка паверыць, але да 50-х гадоў мінулага стагодзьдзя па абодва бакі ад 38-й паралелі жыў адзін народ — з аднолькавымі мэнталітэтам, эканомікай, культурай, мовай. І ўсё, што адбылося пасьля 1953 году, было ў сутнасьці адным вялізным цывілізацыйным экспэрыментам. Масква павяла Паўночную Карэю ў сваё «сьветлае камуністычнае заўтра», стварыўшы там палітычную і эканамічную сыстэму на свой таталітарны капыл. Захад узяў пад сваё крыло Паўднёвую Карэю, якая пераняла заходнюю сыстэму эканомікі і дэмакратычнага дзяржаўнага ўладкаваньня. Вынік для ўсіх відавочны.

У гэта люстэрка дзьвюх Карэяў беларусам варта ўгледзецца асабліва пільна і ўважліва. Ці не сваю ўласную будучыню мы можам там разгледзець?

Сяляне Паўночнай Карэі на рысавых палетках
Сяляне Паўночнай Карэі на рысавых палетках

Замірэньне па-карэйску: ні міру, ні вайны

Карэйская вайна пачатку 50-х гадоў у многім нагадвае сёньняшнюю вайну, якую разьвязала Расея ва Ўкраіне. Пачынаючы раніцай 25 чэрвеня 1950 году санкцыянаваную Масквой агрэсію супраць Поўдня, амбітны камуністычны лідэр Кім Ір Сэн, узгадаваны і навучаны ў СССР, ставіў за мэту хутка акупаваць паўднёвую частку краіны, паставіць яе пад свой кантроль і ператварыць усю Карэю ў адну вялікую камуністычную дыктатуру. На першым этапе яму многае ўдавалася: уварваньне было пасьпяховым, ён захапіў амаль усю краіну — за выключэньнем невялікага пляцдарму на поўдні, у раёне Пусану.

Танкі паўночнай Карэі рухаюцца на Сэул
Танкі паўночнай Карэі рухаюцца на Сэул

Аднак тут у вайну ўмяшаўся Захад. Намаганьні ЗША дапамагчы Паўднёвай Карэі падтрымалі яшчэ 16 краін. Дапамога аказвалася пад эгідай ААН. Войскі Кім Ір Сэна пачалі адступаць і ўцякалі ледзь не да кітайскай мяжы. Убачыўшы, што сатэліт вось-вось пацярпіць паразу, у вайну ўмяшаліся СССР і Кітай. Пры іхнай маштабнай падтрымцы фронт удалося адкінуць туды, дзе ён і быў да пачатку ўварваньня — на 38-ю паралель. Вайна на зьнясіленьне працягвалася, але ніводзін з бакоў ня мог дасягнуць вырашальнага посьпеху. І ўрэшце бакі пагадзіліся на замірэньне: войскі былі адведзеныя на тыя пазыцыі, дзе яны былі да пачатку вайны.

Дапамога ЗША паўднёвай Карэі ў вайне. У кантэйнэрах кроў для пераліваньня
Дапамога ЗША паўднёвай Карэі ў вайне. У кантэйнэрах кроў для пераліваньня

Цікава, што мінулым летам менавіта такі — «карэйскі» — варыянт завяршэньня расейска-ўкраінскай вайны прадказваў былы камандуючы аб’яднанымі ўзброенымі сіламі NATO ў Эўропе Джэймс Стаўрыдзіс. А менавіта: бестэрміновае перамір’е ў канцы гэтага альбо ў пачатку наступнага году, дэмілітарызаваная зона паміж бакамі і наступны шматгадовы пэрыяд узаемнай варожасьці бязь мірнай дамовы.

У Маскве — адліга, у Пхеньяне — мароз

Зусім імаверны зыход, дарэчы. Ролю 38-й паралелі ў гэтым выпадку будзе выконваць ня толькі ўкраінска-расейская, але і ўкраінска-беларуская мяжа. На поўдні Беларусі гэты цывілізацыйны падзел ужо сёньня набывае рэальныя інжынэрныя абрысы. І гэтая Палеская сьцяна, якая паўстае на нашых вачах, мае ўсе шанцы стаць журботным сымбалем новага падзелу Эўропы, новай халоднай вайны ХХІ стагодзьдзя.

Украіна будуе сьцяну на мяжы зь Беларусьсю
Украіна будуе сьцяну на мяжы зь Беларусьсю

Украіне ў гэтым новым падзеле рыхтуецца, зразумела, роля Паўднёвай Карэі — з бурным патокам заходніх інвэстыцыяў, тэхналягічным прарывам, імклівым эканамічным ростам і непазьбежнай інтэграцыяй ува ўсе эўрапейскія і натаўскія структуры.

А што ж тым часам будзе ў Беларусі?

Прыгледзімся больш уважліва: а што адбывалася ў Паўночнай Карэі адразу пасьля таго, як у ліпені 1953-га сьціхлі гарматы і стала зразумела, што заваёўніцкія пляны дыктатара-пачаткоўца, які мроіў пра ляўры аб’яднальніка «карэйскага сьвету», у блізкай будучыні не ажыцьцявяцца.

Згадайма: на той час ужо не было ў жывых Сталіна. Савецкі Саюз, а ўсьлед за ім і заняволеная Масквой Усходняя Эўропа пакрысе ўваходзілі ў пэрыяд палітычнай адлігі. Вярталіся дамоў палітвязьні. Сапраўдным землятрусам для таталітарных сталінісцкіх рэжымаў стаў ХХ зьезд КПСС, антысталінскі даклад Хрушчова.

Савецкі кіраўнік Мікіта Хрушчоў і прэзыдэнт ЗША Джон Кэнэдзі, 1961
Савецкі кіраўнік Мікіта Хрушчоў і прэзыдэнт ЗША Джон Кэнэдзі, 1961

Лёс Паўночнай Карэі мог скласьціся падобным жа чынам. Тое, што адбывалася ў СССР і паўсюль ува Ўсходняй Эўропе, закранула і КНДР. У жніўні 1956 году ўплывовая група прыхільнікаў палітычнай адлігі і дэсталінізацыі зь ліку тагачаснай паўночнакарэйскай партнамэнклятуры паспрабавала адхіліць Кім Ір Сэна ад улады законным чынам — на пленуме ЦК партыі. Але ў маладога дыктатара, які толькі-толькі ўвайшоў у смак аднаасобнай дыктатуры, былі на гэты конт зусім іншыя пляны. Кім Ір Сэн падрыхтаваўся да пленуму значна лепш, чым ягоныя палітычныя праціўнікі. «Я быў зь імі залішне добрым», — гэтыя словы дыктатара ў заключнай прамове прагучалі як пагроза і як прадмова да наступных рэпрэсіяў.

«Вялікі правадыр» і «Сонца нацыі»

Напачатку рэпрэсіі былі параўнальна мяккімі. Тых, хто выступіў супраць «культу асобы», павыключалі з ЦК і з партыі. Аднаго былога высокапастаўленага функцыянэра, які адважыўся кінуць выклік Кіму, паставілі кіраваць сьвінафэрмай, другога — тартаком.

Тое, што Кім наважыўся супраціўляцца «генэральнай лініі» на дэсталінізацыю, выклікала пэўную насьцярожанасьць у Маскве і Пэкіне. У верасьні 1956-га ў Пхеньян прыбыў прадстаўнічы савецка-кітайскі дэсант (савецкую дэлегацыю ачольваў Анастас Мікаян). Карэйскіх апазыцыянэраў нібыта ўзялі пад абарону: прымусілі правесьці новы нечарговы пленум, на якім заявілі пра партыйную рэабілітацыю ўсіх беспадстаўна выключаных з партыі апазыцыянэраў.

Першы сакратар беларускай кампартыі Мікалай Сьлюнкоў вітае Кім Ір Сэна на вакзале ў Менску, 1984 год
Першы сакратар беларускай кампартыі Мікалай Сьлюнкоў вітае Кім Ір Сэна на вакзале ў Менску, 1984 год

Кім Ір Сэн зрабіў выгляд, што падпарадкаваўся Маскве, аднак насамрэч зусім не зьбіраўся выконваць прынятых пад ціскам рашэньняў. Мінула некалькі месяцаў — і зь сярэдзіны 1957 году краіна захлынулася ад палітычных рэпрэсіяў, якія не спыняліся да канца 50-х гадоў. Публічнае ганьбаваньне, фізычныя катаваньні і пабіцьцё на адмыслова скліканых сходах, масавыя арышты ўсіх падазраваных у неляяльнасьці да рэжыму. Арганізоўвалі сходы з «аднадушным ухваленьнем» палітычных распраўва. Сьмяротныя прысуды нярэдка выконвалі публічна. Менавіта ў канцы 50-х у КНДР зьявіліся «лягеры перавыхаваньня». Зь лета 1958-га на ўзроўні закону была ўведзеная «сыстэма адказнасьці пяці сем’яў» — парадак узаемнага нагляду, сачэньня, даносаў і калектыўнай адказнасьці суседзяў адно за аднаго. Рэпрэсіі 1957–1959 гадоў былі самымі масавымі ў гісторыі КНДР: у краіне, насельніцтва ў якой было нязначна больш за сёньняшнюю Беларусь, пад палітычныя рэпрэсіі трапілі больш як 100 тысяч чалавек.

Кім Ір Сэн на МТЗ, 1984
Кім Ір Сэн на МТЗ, 1984

Жах, наведзены тады масавым тэрорам на неагрэсіўнае і законапаслухмянае паўночнакарэйскае насельніцтва, на доўгія дзесяцігодзьдзі ператварыў краіну ў адзін вялікі канцэнтрацыйны лягер. Разьлік «сонцападобнага» спрацаваў. Кім Ір Сэн (ён жа «Вялікі правадыр», «Сонца нацыі», «Жалезны непераможны палкаводзец», «Маршал магутнай рэспублікі») кіраваў да самай сьмерці ў 1994-м, ператварыўшы Паўночную Карэю ў спадчынную абсалютную манархію з жорсткім рэпрэсіўным рэжымам, намэнклятурнай арыстакратыяй і максымальнай ізаляванасьцю ад вонкавага сьвету.

Непаслухмяныя дзеці Крамля

Масква і Пэкін, занятыя ўласнымі праблемамі, махнулі рукой на эксцэнтрычнага карэйскага дыктатара і ня надта зьвярталі ўвагу на агароджаную калючую дротам паўвыспу. Па інэрцыі лічылі КНДР ідэйна блізкай краінай, часткай «сацыялістычнага лягеру», падкормлівалі падчас даволі частага ў КНДР голаду. Хоць нават ад марксізму-ленінізму Кім Ір Сэн мала што пакінуў, прыдумаўшы для свайго паслухмянага народу ідэю «чучхэ»: паўночна-карэйскі нацыянал-камунізм, які павінен будавацца з апорай на ўласныя сілы і пад кіраўніцтвам адзінага правадыра.

Ператварэньне Беларусі пасьля расейска-ўкраінскай вайны ў своеасаблівую ўсходнеэўрапейскую Паўночную Карэю многім сёньня здаецца немагчымым. Маўляў, ну як такое можа быць: пасярод эўрапейскага кантынэнту, у ХХІ стагодзьдзі... Але і поўнамаштабная расейская агрэсія супраць Украіны яшчэ год таму здавалася маларэальнай. І размах палітычных рэпрэсіяў, якія сёньня бушуюць у Беларусі, таксама цяжка было ўявіць.

У сваім папярэднім тэксьце я часткова ўжо закранаў гэтую тэму. Калі імаверная параза Расеі ў вайне стане фактам і калі ў расейскіх элітаў хопіць сілаў, палітычнай волі і розуму на тое, каб пасьля сыходу ці зрынаньня Пуціна пачаць у дзяржаве лібэральныя рэформы, — гэта зусім не азначае, што Лукашэнка тут жа прычэпіць свой таталітарны вагон да расейскага перабудовачнага цягніка, пачне «адкручваць гайкі» і выпускаць з турмаў палітвязьняў.

Стэрэатыпнае ўяўленьне, маўляў, варта Маскве грозна павесьці вокам — і перапалоханыя сатэліты імгненна кінуцца выконваць найменшыя прыхамаці крамлёўскага гаспадара, — памылковае. Так не было нават у той час, калі «сацыялістычны лягер» быў выстраены па струнцы і рэдка наважваўся ігнараваць зьмену палітычных вятроў у Маскве. Тады, у сярэдзіне 50-х, падчас хрушчоўскай «размарозкі», знайшоўся не адзін толькі хітрун Кім, які на словах лісьліва падтакваў Хрушчову, а ў рэальнасьці цалкам ігнараваў інструкцыі Крамля. Былі яшчэ і ўсходнеэўрапейскія «правадыры» (Геаргіў-Дэж у Румыніі і Энвэр Ходжа ў Альбаніі). Усе трое урэшце адгарадзіліся калючым дротам і ад Захаду, і ад СССР, каб атрымліваць асалоду ад сваёй аднаасобнай дыктатуры сталінскага тыпу.

У СССР мала што было вядома пра гэтых непаслухмяных дзяцей Крамля, якія, з аднаго боку, працягвалі лічыцца часткай «сацыялістычнага лягеру», але з другога — стаўленьне да іх у Масквы было яўна насьцярожаным. У кіёсках «Саюздруку» ў той час можна было купіць ілюстраваныя часопісы «Корея» і «Румыния» — расейскамоўныя прапагандысцкія вітрыны гэтых краін, якія дастаўлялі ў СССР з Пхеньяну і Бухарэсту. Зьмест і стылістыка тых часопісаў выглядалі дзіка нават на тле саладжавай і хлусьлівай савецкай пэрыёдыкі. Адметнасьць любога нумару: на кожнай зь некалькіх дзясяткаў старонак — абавязковы каляровы партрэт правадыра з адпаведнымі тэкстамі-панегірыкамі.

Усходнеэўрапейскі Кім Ір Сэн

Мэнтальна Лукашэнка вельмі блізкі да Кім Ір Сэна. Таксама ахвотна ківае галавой на ўсе парады і рэкамэндацыі Масквы, а робіць часта па-свойму, залежна ад уласных інтарэсаў і памкненьняў. Такі мэтад — фармальная згода пад ціскам Масквы і адмова ад усіх ранейшых дамоўленасьцяў пры зьмене сытуацыі на сваю карысьць — увогуле быў уласьцівы Кім Ір Сэну і лічыўся «фішкай» ягонага палітычнага стылю. Лукашэнка ў гэтым сэнсе мала чым адрозьніваецца ад свайго ідэйнага папярэдніка.

Катаваньні ў менскай турме на Акрэсьціна. 2020
Катаваньні ў менскай турме на Акрэсьціна. 2020

Сёньня беларускі правадыр імкліва апускае Беларусь у салодкую (асабіста для яго) багну поўнай дэспатыі, дыктатуры без усялякіх тармазоў і абмежавальнікаў. У 2020-м, пасьля больш як чвэрці стагодзьдзя параўнальна мяккага аўтарытарызму, ён паспытаў магічную і магутную сілу нічым не абмежаванага тэрору, татальнага страху грамадзтва. І, здаецца, яму вельмі спадабалася. Ва ўмовах, калі ня тое што выхад з пратэстам на вуліцу, а нават неасьцярожна сказанае ці напісанае ў прыватным камэнтары слова і пастаўленая у сацыяльных сетках падабайка могуць скончыцца шматгадовым турэмным тэрмінам, — якія могуць быць спадзевы, што грамадзтва знойдзе ў сабе сілы паўстаць ці пратэставаць супраць свайго прыгнечанага стану? Хіба магчымыя былі грамадзкія пратэсты ў СССР у пачатку 50-х ці ў КНДР у пачатку 90-х?

Надзея — пераважна на тое, што на календары беларускага дэспата глыбокая восень. Усё ж рэсурс часу, узрост, патэнцыял здароўя дыктатара ў такіх дасьпелых да таталітарызму рэжымаў — вельмі істотны фактар. Канвэер масавых рэпрэсіяў патрабуе энэргіі, запалу, пільнасьці, стараннага дапільноўваньня і змазваньня ўсіх шасьцяронак рэпрэсіўнага механізму. Кім Ір Сэну, калі ён пачынаў масавае зьнішчэньне іншадумцаў у сваёй краіне і палітычны тэрор супраць уласнага насельніцтва, было крыху больш за сорак. Сталіну і Пол Поту — за пяцьдзясят, але яшчэ далёка да шасьцідзесяці. У гэтым сэнсе старт Лукашэнкі ў таталітарызм у ягоныя амаль 70 — вельмі позьні. Многія зьвярнулі ўвагу: ужо ня першы раз падчас выхаду да прыдворных журналістаў, калі гэты выхад адбываецца недзе на прыродзе, за ім ужо носяць адмысловае драўлянае крэсла, а рэпартэраў у гэты час, каб не выглядалі кантрастам, прымусова ўсаджваюць на драўляныя калоды ці лаўкі.

Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з праўладнымі журналістамі. Лукашэнка ў драўляным крэсьле, а журналісты — на калодках
Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з праўладнымі журналістамі. Лукашэнка ў драўляным крэсьле, а журналісты — на калодках

Збоку выглядае дзікавата, хоць па-чалавечы зусім зразумела. Гадзіньнік цікае. Калі правадыру цяжка выстаяць на нагах некалькі дзясяткаў хвілінаў, неяк ня надта верыцца ў тое, што выбудаваная ім дыктатура ўстаіць яшчэ доўгія дзесяцігодзьдзі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG