Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы ратавалі ўкраінцаў. Нікога не забівалі. І заўсёды былі супраць вайны». Да чаго рыхтуецца Лукашэнка на выпадак паразы Пуціна


Якая будучыня чакае дыктатуру Лукашэнкі ў выпадку перамогі Ўкраіны?

Калі адгрымяць апошнія стрэлы «Гаймарсаў» і выбухі «Іскандэраў», калі на адным баку расейска-ўкраінскай мяжы будуць салютаваць і ўсенародна сьвяткаваць Дзень перамогі, а на другім — з раздражненьнем і расчараваньнем сустракаць ацалелых і пакалечаных пераможаных і разьбірацца, хто вінаваты і што далей рабіць, — што ў гэты момант будзе з Лукашэнкам і ягонай дыктатурай?

Якім можа быць фінал гэтай вайны — калі ўявіць, што да самага апакаліптычнага сцэнару ня дойдзе, а Ўкраіна з дапамогаю маштабнай вайсковай падтрымкі Захаду даб’ецца перамогі?

Ужо сёньня відавочна: танкавых калёнаў украінскай арміі на дарогах Курскай і Ліпецкай вобласьцяў мы ня ўбачым. Ня будзе ні бітвы за Маскву, ні «катлоў» пад Смаленскам і Калугай, ні штурму жалезабэтоннага бункеру пад маскоўскім Крамлём, ні жоўта-блакітнага сьцяга над Вялікім Крамлёўскім палацам. Усе тыя звыклыя ілюстрацыі з школьнага падручніка гісторыі, якія ўпрыгожвалі разьдзелы пра Другую сусьветную вайну, да расейска-ўкраінскай вайны 2022–2023 гадоў маюць мала дачыненьня.

Штабны вагон маршала Фоша

Куды больш аналёгіяў з Першай сусьветнай, асабліва з Заходнім фронтам. З тым самым, дзе спачатку была няўдалая спроба нямецкага бліцкрыгу і наступу на Парыж у 1914-м, а потым — вымушаная працяглая і крывавая пазыцыйная вайна, падчас якой за якіясьці некалькі квадратных кілямэтраў захопленай тэрыторыі недзе пад Вэрдэнам ці на Марне плаціць часам даводзілася дзясяткамі тысячаў чалавечых жыцьцяў, а некаторыя гарады і мястэчкі па некалькі дзясяткаў разоў пераходзілі з рук у рукі. Здаралася, лінія фронту заставалася нязьменнай цягам месяцаў і гадоў. Гэта была вайна на зьнясіленьне, на вычарпаньне рэсурсаў, суперніцтва за тое, хто прыцягне на свой бок больш магутных саюзьнікаў, у чыіх руках апынуцца больш значныя і сучасныя арсэналы і хто здолее рэкрутаваць у свае шэрагі больш «гарматнага мяса».

Расейскія палонныя каля польскага горада Ломжа, 1915
Расейскія палонныя каля польскага горада Ломжа, 1915

Нямеччына, як вядома, у тым маштабным супрацьстаяньні ўрэшце пацярпела паразу. Але вось адметная дэталь, якая выклікае пэўныя аналёгіі з хадою пуцінскай вайны ва Ўкраіне. У момант, калі Бэрлін асэнсаваў і прызнаў непазьбежнасьць сваёй паразы, на мапе ваенных дзеяньняў ягоныя пазыцыі выглядалі зусім ня пройгрышнымі — хутчэй наадварот. Усе чатыры гады вайны Нямеччына ваявала пераважна не на сваёй тэрыторыі. Увосень 1918-га нямецкія акопы і траншэі па-ранейшаму перарэзвалі немалыя акупаваныя тэрыторыі Францыі, Бэльгіі і Люксэмбургу. (Ня кажучы ўжо пра былы Ўсходні фронт: у выніку Берасьцейскага міру і няздольнасьці бальшавікоў супраціўляцца нямецкія войскі ў другой палове 1918-га акупавалі вялізныя тэрыторыі былой Расейскай імпэрыі: амаль усю Беларусь, Украіну, Прыбалтыку.)

Але ўсё гэта ўвосень 1918-га Германская імпэрыя ўжо ня здольная была ўтрымліваць. Зьнясіленую вайной манархію разьдзіралі ўнутраныя супярэчнасьці; насьпявала рэвалюцыя; рэсурсаў працягваць баявыя дзеяньні не было; уступленьне ў вайну Злучаных Штатаў зь іхным вялізным вайсковым патэнцыялам рабіла далейшы супраціў бессэнсоўным.

Францускі маршал Фэрдынанд Фош, другі справа, брытанскія і французскія афіцэры каля вагона цягніка ў лесе ў Камп'ене, у якім немцы падпісалі капіруляцыю. 11 лістапада 1919 года
Францускі маршал Фэрдынанд Фош, другі справа, брытанскія і французскія афіцэры каля вагона цягніка ў лесе ў Камп'ене, у якім немцы падпісалі капіруляцыю. 11 лістапада 1919 года

11 лістапада 1918 году нямецкіх генэралаў чакаў штабны вагон францускага маршала Фэрдынанда Фоша ў Камп’енскім лесе, а ў ім — падпісаньне цяжкой і ганебнай капітуляцыі. Цягам наступных двух тыдняў нямецкія войскі мусілі пакінуць усе акупаваныя тэрыторыі Францыі, Бэльгіі, Люксэмбургу, а таксама правінцыі Эльзас і Лятарынгію, адваяваныя ў Францыі яшчэ падчас Франка-прускай вайны, паўстагодзьдзя таму. З акупаваных тэрыторыяў на ўсходзе Нямеччына павінна была вывесьці ўсе войскі на пазыцыі паводле стану на 1 жніўня 1914 году. А ў дадатак да гэтага на яе накладваліся рэпарацыі, кантрыбуцыі, у яе адбіралі калёніі і абмяжоўвалі яе вайсковы патэнцыял.

Траншэя часоў І сусьветнай вайны ў Эльзасе
Траншэя часоў І сусьветнай вайны ў Эльзасе

Вайна на зьнясіленьне

Ужо ў лістападзе 1918-га з усіх акупаваных Нямеччынай тэрыторыяў пацягнуліся ў «фатэрлянд» гружаныя ацалелымі нямецкімі салдатамі цягнікі, грузавікі і фурманкі. Умовы міру былі прыніжальнымі для Нямеччыны: усе чужыя тэрыторыі, цаною вялікіх ахвяраў акупаваныя за мінулыя чатыры гады вайны, давялося вярнуць. (І каб толькі гэтыя тэрыторыі: краіна страціла многія ўласныя правінцыі ў Польшчы і Прыбалтыцы...) І ўсё ж для мільёнаў людзей па абодва бакі фронту гэта быў доўгачаканы канец жахлівай і бессэнсоўнай бойні.

Сьвяткаваньне заканчэньня вайны ў ЗША: натоўпы людзей ў Філядэльфіі сабраліся вакол копіі Статуі Свабоды, каб вітаць канец вайны. 11 лістапада 1918
Сьвяткаваньне заканчэньня вайны ў ЗША: натоўпы людзей ў Філядэльфіі сабраліся вакол копіі Статуі Свабоды, каб вітаць канец вайны. 11 лістапада 1918

Расейска-ўкраінскі мір у 2023 годзе (хочацца спадзявацца, што не пазьней) будзе, відаць, прыблізна такім жа. Вайна спыніцца, калі Расеі стане відавочна, што яна болей ня здольная ўтрымліваць акупаваныя тэрыторыі, што Ўкраіна з дапамогай Захаду набывае вырашальную перавагу ў зброі і што ніякія дадатковыя мабілізацыі гэтую перавагу кампэнсаваць ня могуць. Вось тады зьявяцца і свой «Камп’енскі лес» дзе-небудзь пад Данецкам ці Марыюпалем, і «штабны вагон маршала Фоша» (генэрала Залужнага), і радок мірнай дамовы пра тое, што «расейскія войскі на працягу 14 дзён павінны быць эвакуаваныя з украінскіх тэрыторыяў за межы паводле стану на 23 лютага 2022 (ці 2014) году.

Генэрал Валеры Залужны
Генэрал Валеры Залужны

Што будзе пасьля? Ва ўсіх украінскіх гарадах — Дзень перамогі і гронкі сьвяточных салютаў, усенародныя гуляньні і ўшанаваньні пераможцаў. У Расеі — востры палітычны крызіс, пошукі вінаватых у паразе, спробы Пуціна ацалець і намаганьні ягоных палітычных супернікаў выхапіць уладу з аслабелых рук агрэсара-няўдачніка.

А што ў гэты час будзе рабіцца ў Беларусі?

«Толькі не чапайце маю дыктатуру...»

Лукашэнка да гэтых зусім магчымых і блізкіх падзеяў рыхтуецца ўжо сёньня.

Паглядзіце, якая ўражальная эвалюцыя характарыстык, што Лукашэнка даваў прэзыдэнту Ўкраіны Ўладзімеру Зяленскаму, адбылася за мінулыя дзевяць месяцаў. Яшчэ ў лютым у інтэрвію пуцінскаму прапагандысту Салаўёву Лукашэнка грэбліва, з прыніжальнай насьмешкай называў яго «безгаловым» і «аморфным чалавекам бяз стрыжня», а ў траўні зьдзекліва-паблажліва раіў «пагаліцца, апрануцца нармальна» і «выходзіць з вобразу», бо «гульня зацягнулася». І вось пачатак лістапада. Той самы Лукашэнка са скрухай і нават бацькоўскай крыўдай у голасе называе прэзыдэнта Ўкраіны «Валодзем», да якога «як да свайго дзіцяці ставіўся»: «І тое зрабіў, і гэта, і папрасіў Расею...»

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Зяленскі. Жытомір, 2019
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Зяленскі. Жытомір, 2019

Тут важна мець на ўвазе, што гэтыя зьмены фармулёвак — ад прыніжэньня і зьнявагаў да бацькоўскай паблажлівасьці і апэляцыі да сваіх былых заслугаў перад Украінай (сапраўдных ці ўяўных) — адбываліся паралельна і адначасова са зьменамі на расейска-ўкраінскіх франтах. Рыторыка Лукашэнкі мянялася адпаведна.

  • «Гэтая вайна працягнецца максымум тры-чатыры дні. Там ня будзе каму супраць нас ваяваць» (люты);
  • «Расея асуджана на перамогу. Расея ня тое што не прайграе, Расея ня можа паводле вызначэньня прайграць ці пацярпець паразу ў гэтай апэрацыі (травень);
  • «Няхай літоўцы, латышы і палякі, украінцы ведаюць, што мы людзі мірныя, мы ня хочам ніякай вайны. Мы гатовыя разам паліць у печы, смажыць шашлыкі» (лістапад).

Паступова вымалёўваецца стратэгія Лукашэнкі — на выпадак, калі Расея пацярпіць паразу і ён застанецца сам-насам з Украінай-пераможцай. Зьвярніце ўвагу, як спакваля зьніклі агрэсіўныя і ваяўнічыя выказваньні на адрас Кіева, зьнявагі Зяленскага і апраўданьні вайны. Выказваньні Лукашэнкі апошніх дзён — гэта суцэльныя заклікі да ўсеагульнага міру і прызнаньні ў любові і павазе да ўкраінцаў:

  • «Нам там, ва Ўкраіне, рабіць няма чаго. І пасылаць ваяваць туды людзей нам няма неабходнасьці».
  • «Самая галоўная мая мара, як у нас у Беларусі заўжды казалі, — «Каб не было вайны».
  • «І мяне яшчэ спрабуюць (там улады накатваюць), што я ледзь не ваюю ва Ўкраіне. Ды я лячу сёньня ўкраінцаў (нашы дактары) і расейцаў! Мы ратавалі людзей і ратуем. Нікога не забіваем».

Зь вялікай доляй імавернасьці можна чакаць, што якраз гэтая аргумэнтацыя і будзе гучаць з вуснаў Лукашэнкі ў першыя ж дні пасьля таго, як Расея пацярпіць паразу ў вайне і паўстане пытаньне адказнасьці за агрэсію.

Раптам выявіцца, што Лукашэнка ад самага пачатку адгаворваў Пуціна ад авантуры, спрабаваў быць пасярэднікам, наладжваў перамовы, прымаў дзясяткі тысяч украінскіх уцекачоў (лячыў, уладкоўваў, даваў грамадзянства...). І заўсёды казаў, што ўкраінцы — самыя блізкія людзі для беларусаў, фактычна браты. Іншымі словамі, Пуцін — асобна, а ён — асобна. А таму, маўляў, не чапайце маю дыктатуру, забудзьце пра маё існаваньне, разьбірайцеся з Пуціным і Расеяй.

Плякат на антываенным мітынгу ў Лёндае, сакавік 2022
Плякат на антываенным мітынгу ў Лёндае, сакавік 2022

Схавацца ад ветру ўкраінскай свабоды

Тым часам унутры самой Беларусі да моманту заканчэньня вайны палітычная «зачыстка» дасягне апагею: адладжаная машына рэпрэсіяў будзе працаваць не спыняючыся. Колькасьць палітвязьняў працягне расьці. Грамадзтва, ахутанае атмасфэрай страху, падазронасьці і апатыі, не наважыцца ні на які пратэст — якія б зьмены ні адбываліся ў гэты момант у Расеі і Ўкраіне.

І гэта — якраз тое, чаго дамагаецца сёньня Лукашэнка, рыхтуючы краіну да магчымай паразы Расеі. У той самы момант, калі Ўкраіна будзе ўсенародна сьвяткаваць перамогу і ўпівацца ўласным трыюмфам, у Беларусі ніводзін чалавек не павінен выйсьці на вуліцу з блакітна-жоўтым сьцягам ці віншаваньнем украінцаў. Турэмныя муры павінны быць моцнымі, турэмныя камэры — пад завязку забітыя «палітвязьнямі», а выпаленая палітычная пляцоўка — зіхацець чысьцінёй і пустатой. Вецер украінскай свабоды, незалежнасьці і перамогі мае заблытацца ў калючым дроце на беларуска-ўкраінскай мяжы, пад Пінскам і Мазыром.

Вязьні ізалятару ў Жодзіна
Вязьні ізалятару ў Жодзіна

Бо найбольшая пагроза для дыктатуры Лукашэнкі — менавіта з боку Ўкраіны, якая ў выпадку перамогі выйдзе значна больш уплывовай і магутнай у вайсковым пляне, адным зь лідэраў ва Ўсходняй Эўропе. Гэта адтуль можа прыйсьці полк Каліноўскага, якога так баіцца Лукашэнка. І гэта там пасьля вайны могуць задумацца: а ці не прыцягнуць Лукашэнку да адказнасьці за саўдзел у агрэсіі, ці не прыкласьці намаганьні, каб на поўначы быў дэмакратычны і прадказальны сусед, а ня схільны да гвалту дыктатар-самадур? Менавіта на адрас той будучай Украіны ўжо сёньня зь Менску пасылаюцца сыгналы і нагадваньні пра тое, што «мы ж ратавалі ўкраінцаў», «нікога не забівалі» «і заўсёды былі супраць вайны». Усё гэта шматкроць узрасьце і на ўсе лады загучыць зь Менску, калі ваенная перамога Кіева стане відавочнай.

Ну, а на ўсходнім кірунку — магчымыя варыянты. Ацалее Пуцін — можна працягваць далейшую гульню ў інтэграцыю. Прыйдзе яму на зьмену новы расейскі дыктатар — Лукашэнка тут жа прысягне на вернасьць новаму гаспадару, папросіць пакінуць расейскія войскі на беларускай тэрыторыі і працягне заставацца фарпостам новай расейскай дыктатуры. Найгоршы для яго варыянт — калі ў выніку ваеннай паразы ў Крамлі адбудуцца кардынальныя зьмены, а новы маскоўскі рэжым возьме курс на прымірэньне з Захадам і лібэралізацыю. Вось тады давядзецца альбо падладжвацца пад новыя павевы і імітаваць дэмакратызацыю, альбо нацягваць калючы дрот пад Смаленскам і канчаткова ператвараць Беларусь у закрыты ад сьвету ГУЛАГ — з галечай, міжнароднай ізаляцыяй, усеагульным страхам і вечным Лукашэнкам.

Лукашэнка яўна разьлічвае, што яму і гэтым разам удасца ўсіх перахітрыць — адседзецца, адмаўчацца, сьпіхнуць усю віну на Пуціна, абяліць сябе ў вачах украінцаў і — захаваць сябе і сваю дыктатуру. Ці ёсьць у яго на гэта шанцы? Безумоўна, ёсьць. Пераможцы — яны звычайна такія: велікадушныя, незлапомныя і схільныя паблажліва ставіцца да былых ворагаў. Зрэшты, як сьведчыць гісторыя, заўсёды знойдуцца тыя, хто і не забудзе, і не даруе. Пытаньне ў тым, чые аргумэнты ў вырашальны момант акажуцца мацнейшымі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG