Прадстаўнікі КДБ і Мінабароны ўзмацнілі ваенную рыторыку, яны назвалі тэрміны і кірунак, адкуль яны ўжо чакаюць мітычнага нападу з Украіны, якая абараняецца ад расейскай агрэсіі. Ва Ўкраіне чакаюць новай атакі з тэрыторыі Беларусі, куды сьцягваецца групоўка расейскіх войскаў.
Старшыня КДБ Беларусі Іван Тэртэль 17 кастрычніка на сустрэчы кіраўнікоў сілавых ведамстваў краіны з працоўным калектывам Менскага трактарнага заводу (МТЗ) заявіў:
«Што нас турбуе? Вядома, стварэньне незаконных узброеных фармаваньняў на тэрыторыі Ўкраіны, Польшчы і Літвы, а таксама ў Чэхіі і некаторых іншых дзяржавах. Фінансуюцца гэтыя фармаваньні за кошт замежных фондаў, якія выдзяляюць вялізныя грошы для стварэньня ўмоў для дэстабілізацыі ў нашай краіне. Гэтыя ж сродкі ідуць на так званы полк Каліноўскага, а таксама на полк „Пагоня“.
Некалькі сотняў баевікоў знаходзяцца на тэрыторыі Ўкраіны, каля 80 чалавек — на тэрыторыі Польшчы і каля 60 — на тэрыторыі Літвы. Ва Ўкраіне гэтыя людзі рэальна ўдзельнічаюць у баявых дзеяньнях і гінуць на полі бою. Трэба разумець, што там ёсьць розныя людзі, якія працуюць на замежныя спэцслужбы, маюць службовыя пасьведчаньні вайсковай выведкі Ўкраіны».
Паводле Тэртэля, некаторыя з байцоў разьлічваюць, што актыўнай фазай будзе лістапад бягучага году.
«Яны разьлічваюць, што Расея ня здолее аказаць Беларусі садзейнічаньне ў рамках саюзьніцкіх адносін, пацярпіць паразу, вымушана будзе пайсьці на саступкі, і ў гэтых умовах яны змогуць зайсьці з тэрыторыі Ўкраіны на тэрыторыю Беларусі прыкладна ў маларыцкім кірунку», — цытуе Тэртэля дзяржаўнае агенцтва «Минск-Новости».
Як сказаў кіраўнік КДБ, «групоўка ў складзе ад 100 да 300 баевікоў з сучасным узбраеньнем, паводле іх плянаў, павінна будзе захапіць найбліжэйшы населены пункт, пажадана райцэнтар. Затым да іх далучацца найміты зь іншых краін з дабраахвотнікаў з Украіны. Паступова, наносячы страты нашым праваахоўнікам, яны будуць рухацца да Менску».
Начальнік упраўленьня міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва, памочнік міністра абароны палкоўнік Валер Равенка запэўніў, што беларускія сілавікі рыхтуюцца да абароны:
«Рэспубліка Беларусь будзе абараняць свае нацыянальныя інтарэсы ўсімі даступнымі сродкамі, у тым ліку з прымяненьнем вайсковай сілы, і пакідае за сабой права прымяняць комплекс прэвэнтыўных мер стратэгічнага стрымліваньня ў мэтах прадухіленьня нападу або нэўтралізацыі ўнутранага ўзброенага канфлікту».
Адной з такіх мер Равенка назваў разгортваньне рэгіянальнай групоўкі «саюзнай дзяржавы». З Расеі, паводле яго, у рамках рэгіянальнай групоўкі войскаў прыбудуць каля 170 танкаў, да 100 гармат і мінамётаў калібрам больш за 100 мм і да 200 баявых машын, а таксама 9000 чалавек асабістага складу. Пра 9 тысяч расейскіх салдат у Мінабароны казалі і раней.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.