Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сумесная з Расеяй групоўка войскаў патрэбная Лукашэнку, каб абараніцца ад сілавога варыянту адхіленьня ад улады», — аналітык Чалы


Расейскія вайскоўцы, прызваныя з запасу, падчас баявой падрыхтоўкі на палігоне
Расейскія вайскоўцы, прызваныя з запасу, падчас баявой падрыхтоўкі на палігоне

Рэгіянальная групоўка войскаў (РГВ) разгортваецца ў Беларусі не для ўдзелу ў вайне на тэрыторыі Ўкраіны, а для абароны рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ад унутраных пагроз. Такое меркаваньне выказаў аналітык Сяргей Чалы ў аўтарскай праграме «Навіны з Чалым» на ютуб-канале «Беларускага расьсьледавальніцкага цэнтру».

Паводле яго, рыторыка Лукашэнкі апошнім часам дэманструе «яго страхі менавіта перад сілавым варыянтам яго адхіленьня ад улады». «Тут вам і ByPol, і плян «Перамога», і полк Каліноўскага, і [прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінэту па абароне і нацыянальнай бясьпецы Валер] Сахашчык, і [прадстаўнік ByPol Алег] Талерчык», — адзначыў аналітык.

Сумесную групоўку войскаў ён назваў «псыхатэрапэўтычнай», падкрэсьліўшы, што «Лукашэнку трэба так мабілізаваць сілавікоў на барацьбу з унутранай пагрозай, каб іншыя краіны не прынялі гэта за мабілізацыю да вайны».

«Лукашэнка ж шчыра кажа: гэтыя войскі не для вайны. Гэтыя войскі — гэта ж другі дубль сілавога рэзэрву на мяжы, пра які Лукашэнка прасіў Пуціна яшчэ ў 2020 годзе», — лічыць Чалы.

На думку аналітыка, рашучыя заявы беларускіх уладаў пра зьнешнія пагрозы — толькі дэманстрацыя «гатоўнасьці да абароны», спробы «адпуджваньня ворагаў ваяўнічым клічам і баявымі танцамі», і гэтага «ніхто сурʼёзна не ўспрымае».

«Для Лукашэнкі цяперашняя вайна ва Ўкраіне — гэта толькі адзін прыкры эпізод больш даўняй і больш важнай ягонай вайны. Вайны за ўласнае выжываньне, якая вядзецца са сваім уласным народам. Народам, які ён называе апазыцыяй і „беглымі“. Прыкладна гэтак жа, як каранавірус 2020 году быў для яго прыкрым эпізодам, які перашкаджаў спакойнай фальсыфікацыі выбараў», — перакананы Чалы.

  • 10 кастрычніка старшыня камітэту Дзярждумы РФ па абароне Андрэй Картаполаў заявіў, што неабходнасьці ўдзелу «абʼяднаных сіл» Беларусі і РФ у «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» няма, а разгортваньне РГВ «нацэленае на тое, каб зьняць занепакоенасьць Аляксандра Лукашэнкі».
  • Агульная колькасьць расейскіх войскаў, якія прыбываюць у Беларусь, складзе «крыху менш за 9 тысяч чалавек», паведаміў начальнік дэпартамэнту міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва, памочнік міністра абароны Беларусі Валеры Равенка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG