Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мінабароны Беларусі загаварылі аб «прымяненьні комплексу прэвэнтыўных мер стратэгічнага стрымліваньня»


Міністар абароны Віктар Хрэнін (справа), кіраўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Анатоль Лапо (у цэнтры), старшыня КДБ Іван Тэртэль (зьлева). Архіўнае фота
Міністар абароны Віктар Хрэнін (справа), кіраўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Анатоль Лапо (у цэнтры), старшыня КДБ Іван Тэртэль (зьлева). Архіўнае фота

Ці не ўпершыню прадстаўнікі сілавых ведамстваў Беларусі заявілі пра магчымасьць «прымяненьня комплексу прэвэнтыўных мер стратэгічнага стрымліваньня».

Кіраўніцтва сілавога блёку па даручэньні Лукашэнкі 17 кастрычніка сустракаецца з працоўнымі калектывамі па ўсёй краіне, каб даць адказы на пытаньні наконт ваенна-палітычнай абстаноўкі ў краіне і за мяжой.

Начальнік Дэпартамэнту міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Мінабароны, памочнік міністра Валер Равенка сёньня на брыфінгу для замежных вайсковых аташэ зачытаў заяву, якая супярэчыць ранейшым дэклярацыям, што Беларусь уступіць у вайну толькі ў выпадку нападу на яе тэрыторыю.

«Рэспубліка Беларусь будзе адстойваць свае нацыянальныя інтарэсы з выкарыстаньнем усіх наяўных сродкаў, у тым ліку шляхам ужываньня вайсковай сілы, і пакідае за сабой права прымяненьня комплексу прэвэнтыўных мер стратэгічнага стрымліваньня ў мэтах недапушчэньня нападу або нэўтралізацыі ўнутранага ўзброенага канфлікту, — заявіў палкоўнік Валеры Равенка. — Такім чынам, у якасьці рэакцыі на складанае становішча ў якасьці комплексу мер стратэгічнага стрымліваньня для недапушчэньня дэстабілізацыі сытуацыі і разьвязваньня ваеннай агрэсіі супраць Рэспублікі Беларусь і саюзнай дзяржавы ў цэлым і на грунце пункту 11 ваеннай дактрыны саюзнай дзяржавы ... кіраўнікамі Беларусі і Расеі было прынятае рашэньне аб разгортваньні кампанэнтаў рэгіянальнай групоўкі войскаў», — заявіў прадстаўнік Мінабароны.

Як перадае БелТА, міністар абароны Віктар Хрэнін падчас выступу на Менскім трактарным заводзе адзначыў, што РГВ Беларусі і Расеі ўжо прыступіла да выкананьня задач. Яны, па словах міністра, «выключна абарончыя».

«Мы ні на кога не зьбіраемся нападаць», — адзначыў Хрэнін.

Хрэнін таксама ўдакладніў, што ў групоўку ўваходзяць органы кіраваньня рознага ўзроўню, войскі, сілы, а таксама розныя сыстэмы забесьпячэньня, як беларускія, так і расейскія.

«Хачу запэўніць усіх прысутных: мы — людзі ў пагонах — дакладна ведаем сваю задачу, абстаноўку кантралюем, праводзім комплекс перш за ўсё прэвэнтыўных мерапрыемстваў для выкананьня той задачы, якую паставіў кіраўнік дзяржавы. Перш за ўсё, не дапусьціць разьвязваньня ўзброенага канфлікту на тэрыторыі Беларусі. Паверце, мы гэта робім прафэсійна і са сваімі задачамі справімся», — сказаў кіраўнік Мінабароны.

На абароне ад «пагроз Захаду» сілавікі акцэнтавалі асаблівую ўвагу.

«Яны заўсёды папракаюць нас, што мы агрэсіўная краіна», — сказаў дзяржсакратар Савету бясьпекі Аляксандар Вальфовіч. Ён таксама патлумачыў, што Беларусь не рыхтуецца да вайны.

Паводле Вальфовіча, аснову рэгіянальнай групоўкі войскаў складаюць Узброеныя сілы Беларусі, складам мірнага часу без усялякіх мабілізацыйных мерапрыемстваў. Вальфовіч назваў гэта «адным з элемэнтаў стрымліваньня і астуджэньня галоў».

«Цяпер вельмі шмат рознай інфармацыі ідзе ў інтэрнэце аб тым, што расейскія войскі дысьлякуюцца на тэрыторыі Беларусі, што ствараецца нейкі ўдарны кулак для ўдару па Ўкраіне. Гэта тое, што хацелі б убачыць, на жаль, нашыя суседзі за мяжой. Асабліва палякі, — сказаў Аляксандар Вальфовіч. — Так, рэгіянальная групоўка войскаў сапраўды пачала засяроджваньне на тэрыторыі Беларусі. Паэтапнае, у няпоўным складзе яе разьмяшчэньне. У далейшым жыцьцё пакажа, у поўным маштабе яе разгорнуць ці не».

Вальфовіч абвінаваціў краіны Захаду ў тым, што яны разглядаюць Беларусь «як краіну-агрэсара», хоць мы «адзін зь нямногіх мірных куткоў, які застаўся ў Эўропе». Ня яго думку, гэта і «не дае спакою нашым суседзям і кіраўніцтву калектыўнага Захаду».

Паводле старшыні Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Івана Тэртэля, незалежнасьць і мір Беларусі «даюцца вялікай цаной».

«Захад вельмі ўражвае сытуацыя, зьвязаная з тым, што Беларусь — востраў стабільнасьці. Гэта адзіная краіна, якой у такіх умовах удалося выстаяць, захаваць саюзьніцкія адносіны з Расеяй і ня даць магчымасьці перавярнуць у нас сытуацыю, — сказаў старшыня КДБ, выступаючы на МТЗ. — Я хачу, каб мы ўсе разумелі, што толькі ад нас залежыць лёс нас, нашых дзяцей — проста забіцца пад плінтус ня ўдасца. На нас з вамі глядзіць моладзь як на прыклад. Таму не забівацца пад плінтус, а праяўляць сваю мудрасьць, аўтарытэт, каб супакоіць сытуацыю, калі трэба будзе».

Тэртэль узгадаў, што ў суботу супрацоўнікі МУС затрымалі некалькіх асоб, «якія нібыта рыхтавалі тэракты на шэрагу аб’ектаў Беларусі з ініцыятывы BYPOL, які курыруецца поўнасьцю польскімі службамі».

Кіраўнік КДБ заявіў сярод іншага: «Тэрарыстаў будзем зьнішчаць».

  • Паводле Мінабароны, колькасьць расейскіх вайскоўцаў у межах «рэгіянальнай групоўкі» на тэрыторыі Беларусі складзе каля 9 тысяч.
  • Акрамя гэтага, Расея перакіне ў Беларусь каля 170 танкаў, да 200 баявых машын і да 100 гармат і мінамётаў калібрам больш за 100 мм.
  • Міністэрства абароны Беларусі заявіла, што ў краіну пачаў прыбываць і «авіяцыйны складнік рэгіянальнай групоўкі войскаў».

На нарадзе зь сілавікамі 10 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь і Расея разгорнуць сумесную рэгіянальную групоўку войскаў — у сувязі з «абвастрэньнем на заходніх межах саюзнай дзяржавы». Аснову гэтай групоўкі, паводле яго, складаюць Узброеныя сілы Беларусі, але разам з тым у краіну прыбудуць і расейскія войскі, — як высьветлілася пазьней, 9 тысяч чалавек. 8 кастрычніка амбасадара Ўкраіны ў Менску Ігара Кізіма запрасілі ў МЗС Беларусі, каб уручыць яму дыпляматычную ноту. У ноце беларускі бок сьцьвярджае, што Ўкраіна плянуе напад на тэрыторыю Беларусі.
Украінскае МЗС адрэагавала на такія заявы. Там падкрэсьлілі, што інфармацыя не адпавядае рэчаіснасьці, і назвалі дзеяньні Менску «чарговымі інсынуацыямі рэжыму».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG