— Спадар Аляксандар, міністар замежных спраў Макей заявіў, што ў Беларусі ідзе «контратэрарыстычная апэрацыя». КДБ потым гэтыя словы зьняпраўдзілі. Але Лукашэнка гаворыць аб «павышаным узроўні тэрарарыстычнай небясьпекі», што гэта значыць?
— Пайшоў гуляць фэйк пра нібыта запуск пляну «Перамога». Гэта і ёсьць іхная контратэрарыстычная апэрацыя. Яны зрабілі фэйкавы бот і фэйкавы тэлеграм-канал. Таксама працуе бота-фэрма, ва ўсе чаты ідзе рассылка нібыта пра запуск пляну «Перамога». Упэўнены, што несапраўдныя мабілізацыйныя прадпісаньні адпраўляюцца актывістам. Яны хочуць злавіць людзей, якія пападуцца на гэтую вуду, каб іх арыштаваць і асудзіць. Мэта — сарваць плян «Перамога».
Плян «Перамога» такім чынам запускацца ня будзе. Спачатку будзе абвешчаная ступень падрыхтоўкі «Падвышаная» — гэта інфармацыя дасылаецца да кожнага беларуса. Ціханоўская і іншыя палітыкі запішуць відэа, дзе скажуць аб падвышанай ступені гатоўнасьці. І пакуль не даведаецца кожны беларус, ня будуць запускаць ступень падрыхтоўкі «Поўная».
Кожны мусіць глядзець, каб інфармацыя ішла з арыгінальнага бота, а ня фэйкавага. Яны мяняюць па адной літары ў назьве, каб было падобна, але правяраць трэба абавязкова!
Я думаю, тут задзейнічаныя ня толькі беларусы, але і расейцы. У фэйкавым канале пляну «Перамогі» 20 тысяч падпісчыкаў. У беларусаў няма ботафэрмаў, я лічу, што падключылася расейскае ФСБ.
— Чаму зараз? Гэта праз магчымую мабілізацыю ці была для іх пагроза, што плян «Перамога» запрацуе найбліжэйшым часам?
— Была інфармацыя на нейкіх тыпу апазыцыйных расейскіх каналах, што плян «Перамога» нібыта цалкам падрыхтаваны і будзе запушчаны ў неўзабаве. Маўляў, улады рыхтуюцца. Цяпер лягічна, яны пускаюць фэйк, што плян «Перамога» запушчаны. Я ня ведаю, чаму менавіта цяпер. Проста падрыхтавалі апэрацыю, людзей, гэта робіцца цягам некалькіх месяцаў. Яны спадзяюцца, што ім будуць пісаць тысячы людзей. Яны стварылі групы затрыманьня, стварылі штаб, узгаднілі са Сьледчым камітэтам. Яны спадзяюцца, што беларусы будуць масава на іх выходзіць і рыхтуюцца ўсіх караць.
— Колькасьць затрыманых у ходзе гэтай апэрацыі можа пайсьці на сотні?
— Я ня думаю, што будуць сотні. Цяпер людзі правяраюць інфармацыю. Калі мы робім рассылку з арыгінальнага чат-бота, каб запісаныя выйшлі на сувязь, то амаль кожны пераправярае гэтую інфармацыю, піша нам на тэлеграм-канал, ці вы гэта? Мы пацьвярджаем, што так. Людзі сталі вельмі недаверлівымі, і гэта добра. Я думаю, што няшмат будзе затрыманых людзей. А дай Бог, і нікога.
— За гэтай апэрацыяй стаіць КДБ ці нейкая іншая спэцслужба?
— Я думаю, што КДБ. Лукашэнка нядаўна падпарадкаваў КДБ выключна сабе. З расейскім ФСБ можа працаваць толькі КДБ. Супрацоўнікам МУС забаронена мець кантакты з ФСБ, дазваляецца толькі праз КДБ. Гэта сумесная апэрацыя КДБ Беларусі і ФСБ Расеі. Магчыма, нават пад кіраўніцтвам ФСБ.
— Якая парада людзям у такой сытуацыі?
— Сачыць за сапраўднасьцю акаўнтаў, адкуль прыходзіць інфармацыя. І ведаць, што ў сапраўдным пляне «Перамога» ня будзе такіх заданьняў, што проста заўтра трэба нешта бегчы выконваць. Пакуль мы не данясём усім беларусам, «Поўная» ступень запускацца ня будзе.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.