Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі «контратэрарыстычная апэрацыя» ці што? Макей, Лукашэнка, КДБ — усе кажуць рознае


Уладзімер Макей і Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота
Уладзімер Макей і Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота

Улады Беларусі выступілі з рознымі заявамі наконт захадаў для барацьбы з патэнцыйнымі тэрактамі на фоне саўдзелу краіны ў ваеннай агрэсіі Расеі ва Ўкраіне.

Спачатку Макей заявіў пра «контратэрарыстычную апэрацыю»

Кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімер Макей у інтэрвію газэце «Известия» заявіў, што ўзброеныя сілы і спэцслужбы краіны «гатовы даць адпор на правакацыі з боку сумежных дзяржаў».

«Кіраўнік нашай краіны правёў шэраг нарад зь сілавымі структурамі, уведзены рэжым контратэрарыстычнай апэрацыі. Сапраўды, была інфармацыя пра тое, што з боку асобных сумежных дзяржаў плянуюцца правакацыі, зьвязаныя ледзь не з захопам асобных участкаў тэрыторыі Беларусі», — сказаў Уладзімер Макей.

Ён адзначыў, што ўзброеныя сілы Рэспублікі Беларусь і спэцслужбы «гатовы даць адпор на любыя правакацыі, якія могуць узьнікнуць з боку сумежных дзяржаў».

Пасьля Макей зьняпраўдзіў свае словы

Пазьней прэс-служба МЗС перадала новую заяву Макея, у якой ён не абвяргаў свае заявы «Известиям», але ўдакладніў іх.

«У рамках гэтага рэжыму ажыцьцяўляюцца ўзмоцнены кантроль за абстаноўкай, узмоцнены кантроль на вонкавым пэрымэтры межаў. А ці прывядзе гэта да напругі паміж Беларусьсю і суседнімі дзяржавамі? Дык давайце паглядзім, што адбываецца на заходніх межах, што адбываецца на паўднёвых», — адзначаецца ў заяве Макея.

Празь некаторы час Макей ужо ў размове з БелТА паведаміў, што ў інтэрвію «Известиям» ён гаварыў пра раней агучанае даручэньне Лукашэнкі правесьці «мерапрыемствы контратэрарыстычнага характару».

Выраз «контратэрарыстычная апэрацыя» ужо не згадваўся.

«Я бачыў, як выхапілі гэтую фразу і вакол яе за ноч раскруцілі кансьпіралягічныя тэорыі, — пракамэнтаваў Макей сваё ўчарашняе інтэрвію расейскаму выданьню. — Ня трэба падымаць ніякай панікі, ёсьць даручэньне прэзыдэнта, якое было агучана ў тым ліку публічна, правесьці мерапрыемствы контратэрарыстычнага характару. Менавіта пра гэта і ідзе размова. Менавіта аб гэтым на тыдні неаднаразова гаварыў і старшыня КДБ, і іншыя нашы службовыя асобы».

Лукашэнка заявіў пра «рэжым падвышанай тэрарыстычнай небясьпекі»

А пазьней Аляксандар Лукашэнка, знаходзячыся на саміце СНД ў Астане, даў яшчэ адзін варыятн назвы: ён заявіў, што ў Беларусі ўведзены рэжым падвышанай тэрарыстычнай небясьпекі, паведаміў ТАСС.

КДБ: контратэрарыстычнай апэрацыі не праводзілася

Тым часам у Камітэце дзяржбясьпекі БелТА паведамілі, што ў Беларусі ня ўведзены рэжым контратэрарыстычнай апэрацыі.

«На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь контратэрарыстычная апэрацыя не праводзілася і цяпер не праводзіцца. Інфармацыя, якая распаўсюджваецца ў інтэрнэце, мае недакладны характар», — адзначылі ў КДБ.

Паводле ведамства, «контратэрарыстычная апэрацыя — гэта спэцыяльныя захады для спыненьня акту тэрарызму, мінімізацыі яго наступстваў, спыненьня дзейнасьці тэрарыстычнай арганізацыі, незаконнага ўзброенага фармаваньня, якія праводзяцца ў мэтах абароны інтарэсаў дзяржавы, гарантаваньня бясьпекі грамадзян і арганізацый, абясшкоджваньня тэрарыстаў».

Рэжым КТА ўводзіцца Камітэтам дзяржбясьпекі, сказалі ў ведамстве.

«Цяпер у рэспубліцы праводзяцца плянавыя навучальныя мерапрыемствы ў мэтах падтрыманьня высокага ўзроўню гатоўнасьці суб’ектаў барацьбы з тэрарызмам да выкананьня задач па прызначэньні. Прыкладам таму зьяўляюцца тактыка-спэцыяльныя вучэньні МУС, якія завяршыліся 12 кастрычніка ў Ельску Гомельскай вобласьці, якія праходзілі ў цесным узаемадзеяньні з прадстаўнікамі сілавога блёка і органаў мясцовай улады», — удакладнілі ў КДБ.

Што адбывалася раней

На працягу апошніх дзён Лукашэнка шмат пачаў гаварыць аб імаверным нападзе Ўкраіны:

«Нам трэба вызначыць, што яшчэ трэба зрабіць для ўмацаваньня бясьпекі нашай дзяржавы. З улікам становішча, якое хутка зьмяняецца. Учора ўжо па неафіцыйных каналах нас папярэдзілі аб нанясеньні ўдару па Беларусі з тэрыторыі Ўкраіны».

Раней, 4 і 10 кастрычніка, Аляксандар Лукашэнка правёў зь сілавікамі нарады, публічных заяў аб увядзеньні рэжыму контратэрарыстычнай апэрацыі агучана не было.

10 кастрычніка Лукашэнка заявіў аб разгортваньні супольнай з Расеяй групоўкі войскаў. Так, у выніку ў Беларусь прыбудуць тысячы расейскіх салдатаў.

Паводле міністра абароны Беларусі Віктара Хрэніна, задачы групоўка мае «выключна абаронныя». Ён адзначыў, усе захады, накіраваныя на «адэкватнае рэагаваньне на дзеяньні паблізу ад межаў».

Таксама на нарадзе з вайскоўцамі і сілавікамі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што даручыў КДБ зрабіць неабходныя захады супраць тэрарызму.

«Я даручыў Мінабароны і Камітэту дзяржбясьпекі прапрацаваць магчымы комплекс мераў для кантролю за сытуацыяй і рэагаваньня на яе. Але яшчэ раз папярэджваю вас: мы годна адкажам любому суперніку. Мы да гэтага рыхтаваліся не адзін дзясятак гадоў. Калі трэба будзе, мы адкажам. Ня дай Бог, вядома», — цытавала Лукашэнку ягоная прэс-служба.

13 кастрычніка ў Астане на шостым саміце Нарады па ўзаемадзеяньні і мерах даверу ў Азіі Лукашэнка сярод іншага заявіў, што практыка «дзяржаўных пераваротаў» і «дыктат санацыйнага пакараньня» можа распаліць трэцюю сусьветную вайну, заявіў Аляксандар Лукашэнка.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG