МУС Беларусі правяло вучэньні са зброяй і блёк-пастамі ў памежным з Украінай раёне

Вучэньні ў Ельску Гомельскай вобласьці
Вучэньні ў Ельску Гомельскай вобласьці

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі праводзіць у Ельску Гомельскай вобласьці вучэньні па ліквідацыі дыверсійна-выведных груп, паведаміла прэс-служба ведамства.

Паводле МУС, на мерапрыемстве прысутнічаюць прадстаўнікі сілавога блёку і мясцовых улад. Сілавікі пабудавалі блёк-пасты і вучыліся карыстацца аўтаматычнай зброяй.

МУС паведаміла, што адпрацоўваюцца «арганізацыйныя і практычныя дзеяньні пры нападзе дывэрсійна-выведных груп і незаконных узброеных фармаваньняў на населены пункт».

Адзначаецца, што ўвага міліцыянтаў засяроджана на ахоўных і выведных мерапрыемствах, а таксама на этапах контратэрарыстычнай апэрацыі па лякалізацыі праціўніка. Упор таксама зроблены на забесьпячэньне бясьпекі грамадзян.

Ельскі раён знаходзіцца на поўдні Гомельскай вобласьці. Ён мяжуе з Украінай. Нядаўна старшыня КДБ Іван Тэртэль заяўляў, што адным з магчымых сцэнараў дэстабілізацыі абстаноўкі можа стаць захоп райцэнтру.

У сваю чаргу, 11 кастрычніка Генштаб Украіны расказаў пра вучэньне, якое прайшло зь сіламі спэцыяльнага прызначэньня ў пагранічных зь Беларусьсю раёнах. На ім таксама адпрацоўвалася ліквідацыя ДВГ.

З 11 кастрычніка дзяржаўны сакратарыят Савету бясьпекі Рэспублікі Беларусь у адпаведнасьці з даручэньнем Лукашэнкі пачаў праверку Ўзброеных Сіл.

Праверка мае комплексны характар і ахоплівае найбольш важныя пытаньні праверкі гатоўнасьці да выкананьня задач па прызначэньні, заявілі ў Міністэрстве абароны.

У ходзе праверкі вайсковыя часткі і падразьдзяленьні адпрацуюць пытаньні прывядзеньня ў баявую гатоўнасьць, правядзеньне маршу, разгортваньне ў прызначаных раёнах з выкананьнем вучэбна-баявых задач.

​
XS
SM
MD
LG