Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ Беларусі зьняпраўдзіла заявы Макея пра «контратэрарыстычную апэрацыю»

Аляксандар Лукашэнка і  Ўладзімер Макей
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Макей

У сваю чаргу 14 кастрычніка ў кулюарах саміту СНД у Астане Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі ўведзены рэжым павышанай тэрарыстычнай небясьпекі.

13 кастрычніка кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімер Макей у інтэрвію газэце «Известия» заявіў, што ў краіне ўведзена «контратэрарыстычная апэрацыя», але назаўтра апраўдваўся, што гэтую фразу выхапілі з кантэксту, а насамрэч у Беларусі праводзяцца «мерапрыемствы контратэрарыстычнага характару».

У Камітэце дзяржбясьпекі БелТА паведамілі, што ў Беларусі ня ўведзена рэжыму контратэрарыстычнай апэрацыі.

«На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь контратэрарыстычная апэрацыя не праводзілася і цяпер не праводзіцца. Інфармацыя, якая распаўсюджваецца ў інтэрнэце, мае недакладны характар», — адзначылі ў КДБ.

Паводле ведамства, «контратэрарыстычная апэрацыя — гэта спэцыяльныя захады для спыненьня акту тэрарызму, мінімізацыі яго наступстваў, спыненьні дзейнасьці тэрарыстычнай арганізацыі, незаконнага ўзброенага фармаваньня, якія праводзяцца ў мэтах абароны інтарэсаў дзяржавы, гарантаваньня бясьпекі грамадзян і арганізацый, абясшкоджваньня тэрарыстаў».

Рэжым КТА ўводзіцца Камітэтам дзяржбясьпекі, — паведамілі ў ведамстве.

«Цяпер у рэспубліцы праводзяцца плянавыя навучальныя мерапрыемствы ў мэтах падтрыманьня высокага ўзроўню гатоўнасьці суб’ектаў барацьбы з тэрарызмам да выкананьня задач паводле прызначэньня. Прыкладам таму зьяўляюцца тактыка-спэцыяльныя вучэньні МУС, якія завяршыліся 12 кастрычніка ў Ельску Гомельскай вобласьці, якія праходзілі ў цесным узаемадзеяньні з прадстаўнікамі сілавога блёка і органаў мясцовай улады», — удакладнілі ў КДБ.

Напярэдадні 13 кастрычніка кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімер Макей у інтэрвію газэце «Известия» заявіў, што ўзброеныя сілы Рэспублікі Беларусь і спэцслужбы «гатовы даць адпор на любыя правакацыі, якія могуць узьнікнуць з боку сумежных дзяржаў». Макей адзначыў, што ў сувязі з магчымай пагрозай з боку іншых краін, у Беларусі ўведзена «контратэрарыстычная апэрацыя» але на наступны дзень паведаміў што гэтую фразу выхапілі з кантэксту, а папраўдзе ў Беларусі праводзяцца «мерапрыемствы контратэрарыстычнага характару».

«Я бачыў, як выхапілі гэтую фразу і вакол яе за ноч раскруцілі кансьпіралягічныя тэорыі, — пракамэнтаваў Макей сваё ўчарашняе інтэрвію расейскаму выданьню. — Ня трэба падымаць ніякай панікі, ёсьць даручэньне прэзыдэнта, якое было агучана ў тым ліку публічна, правесьці мерапрыемствы контратэрарыстычнага характару. Менавіта пра гэта і ідзе размова. Менавіта аб гэтым на тыдні неаднаразова гаварыў і старшыня КДБ, і іншыя нашы службовыя асобы».

У сваю чаргу 14 кастрычніка ў кулюарах саміту СНД у Астане Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі ўведзены рэжым павышанай тэрарыстычнай небясьпекі, піша расейскі ТАСС.

«У сувязі з абвастрэньнем уведзены рэжым такой павышанай тэрарыстычнай небясьпекі. Таму мы пачалі працэдуры з разгортваньнем саюзнай (з РФ) групоўкі войскаў, аснову якой складае армія Беларусі, якая дапаўняецца ўжо часткамі Расійскай Фэдэрацыі», — адзначыў беларускі палітык.

Беларускае інфармацыйнае агенцтва БелТА той заявы Лукашэнкі на гэты момант не апублікавала.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG